Грубы, шэры ды...любімы

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Ёсць тканіны, якія псуюць выгляд нават бездакорнага крою мадэлі. Да нядаўняга часу мадэльеры залічалі ў шэраг такіх і лён. Структура яго палатна — шурпаватая, з непрапрадамі, пакамечаны грубаваты выгляд яшчэ дзесяцігоддзе-другое таму адносілі да хібаў, а сёння яны названы стыльнымі асаблівасцямі льняных калекцый. Незамяняльны наш ратавальнік у летнюю сонечную спякоту, лён упэўнена ўвайшоў у гардэроб і вяскоўца, і гараджаніна, і нават беларускага Прэзідэнта, які бярэ ў свае рабочыя паездкі па краіне вольную льняную кашулю са шнуроўкай у этнічным стылі. Сёлетнім летам, якое, па ўсім, таксама мяркуе быць гарачым, лён прадоўжыць шэсце па беларускім подыуме.

Непакамечаная рэпутацыя 

Калі казаць абагульнена, лён знайшоў сябе ў трох стылях. Для маладых ён увасобіўся ў джынсавым “напрамку”, паўстаючы ў сініх, чорных, а папраўдзе любога колеру спартыўных сілуэтах з “абмаляванымі” з дапамогай кантрастных сцяжкоў швамі, кішэнямі, петлямі. Другі напрамак, вельмі блізкі лёну — этнічна-рамантычны: вышыўка, зборкі па гарлавіне, валаны, завязачкі і г. д. у сучасным гучанні. Трэці стыль, так званы “casual” — паўсядзённая вопратка спакойных колераў для працы і адпачынку: ільняныя жакеты, касцюмы, сукенкі простых сілуэтаў. Існуе ў ільняным варыянце і дзелавы стыль. Аднак тканіна для яго павінна быць бездакорнай. Вобразна кажучы, праходзіць праз пярсцёнак, нібы шоўк, і заставацца непакамечанай, як у Старажытным Егіпце. А калі, як жартуе Аляксандр Варламаў, ільняны касцюм мнецца толькі ад аднаго погляду, ён не можа называцца дзелавым.Акрамя стыляў, ёсць яшчэ і тэндэнцыі, якія адрозніваюць новы сезон ад папярэдняга. Пра замежныя настроі мы ўжо распавядалі ў мінулым выпуску рубрыкі, а пра беларускія модныя акцэнты, якія ўбачым у лёне, нам раскажа вядучы дызайнер Беларускага Цэнтра моды Эльвіра ЖВІКАВА.
— Гэтым летам апранаемся ва ўсё белае! — абвясціла лозунг сезона Эльвіра. — Калі паназіраць за моднай палітрай, можна ўбачыць, што ідзе тэндэнцыя ачышчэння стылю і супакаенне колеру, яго памякчэнне, элегантнасць. Калі ў належных прапорцыях спалучыць белы, сіні і чырвоны лён — атрымаецца актуальная сёння марская тэматыка. Сілуэтна яна ўвасабляецца ў штанах, шортах, марскіх каўнярах, адна- і двухбортных прамых жакетах з накладнымі кішэнямі. Вельмі прыгожа ў лёне выглядаюць фасоны уніформы — як сучаснай, так і з гістарычным ухілам. Гэта не адкрыццё сезона, гэта працяг тэндэнцыі, якая трымаецца ўжо трэці сезон. Актуальна глядзіцца спалучэнне бялізнавага стылю з элементамі гістарычнай уніформы. Звярніце ўвагу на каўнерыкі-стойкі, аформленыя карункамі, тасьмой па гарлавіне, краю борта.
Лета — 2007 нельга для вас назваць модным, калі ў ім не знойдзецца месца для фаварыта сезона №1 — сукенкі. Яе фасон можа быць на любы густ — так шырока яна прадстаўлена сёння. Напрыклад, стыльным будзе так званае шэміз’е, прататыпамякога была мужчынская кашуля. Яно можа апранацца нават з нешырокімі штанамі з бавоўны ці лёну. Асабліва ж выразна яно будзе глядзецца ў дуэце з шырокім скураным поясам, тым больш, што ў гэтым сезоне мы акцэнтуем талію. Яна сёлета вяртаецца на сваё месца, таму цяпер для штаноў з нізкай пасадкай, заніжанай таліяй ужо будуць напрошвацца паясы-карсажы, у тым ліку зробленыя і з праклеенага жорсткім матэрыялам лёну, які будзе трымаць форму. Фаварытам лета стануць заяўленыя ўзімку бермуды, а таксама шырокія штаны “а-ля Марлен Дзітрых” — без складак, стрэлак, пашыраныя да нізу, мякка спадаючыя.
Апошнія сёлетнім летам атрымаюць у лёне другі подых і новы шарм, якія ім надасць натуральная льняная камечанасць. Дадам, што пасля мыцця іх не трэба прасаваць, можна толькі лёгка прайсціся парай. Мяккія, неадпрасаваныя, з эфектам памытасці — такімі павінны быць ільняныя штаны крою “Марлен”.
І хаця выразна гранджавыя адгалоскі — неапрацаваныя швы, ірваныя краі і г. д. — ужо адыходзяць, саступаючы месца элегантнасці, усё ж лёгкую мяккую льняную камечанасць мода нам пакідае. 

У этнафармаце моды  

Сёння цяжка пералічыць усе модныя тэндэнцыі, і выяўленне адных, разам з тым, не адхіляе існавання супрацьлеглых ім. Гаворачы, што ў модзе шырокія штаны, такой жа праўдай з’яўляецца і актуальнасць аблягаючых легінсаў. Аднак усё ж ёсць рыса, якая аб’ядноўвае гэты пярэсты і дзіўны fashion-свет — гэта погляд назад, зварот да мінулых характэрных сілуэтаў розных эпох. Хтосьці чэрпае натхненне ў блізкіх дзевяностых гадах, нехта іншы — у далёкім XVIII стагоддзі, увогуле даходзячы ажно да антычнасці.
Не абышлі мадэльеры і народную аўтэнтыку: афрыканскую культуру, якая ўвайшла ў моду дзівоснымі аксесуарамі ды сімвалічным набіўным малюнкам, ці мексіканскую буйнасць фарбаў і вышыўку... Канешне, беларускія нацыянальныя строі таксама становяцца прадметам пераасэнсавання, цытавання і фантазіі айчынных мадэльераў.
Адзін з прыкладаў такіх алюзій прадэманстравала на нядаўнім паказе ў Галерэі універсітэта культуры і мастацтваў вядучы мастак-мадэльер НВ РУП Беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” Алена Галіеўская. Яна прадставіла публіцы маладзёжную летнюю калекцыю з лёну, адзін з касцюмаў якой, дарэчы, быў выбраны для канцэртнага выступлення Ірынай Дарафеевай.
— Гэтая калекцыя не прамысловая, — расказвае Алена. — Яна была задумана як ідэя, адпраўны пункт для любых творчых людзей, у тым ліку і мадэльераў, і аматараў, якія робяць прыгожыя рэчы, вопратку для сябе і іншых сваімі рукамі.
Маёй мэтай было паказаць вобраз — юны, чысты, светлы і — беларускі, які б дазволіў уявіць традыцыйна беларускае праз сучаснае. Прадстаўленыя мадэлі — выдатны варыянт не толькі для сцэнічных выступленняў сучасных выканаўцаў, але і для звычайнай паўсядзённасці. Яны разлічаны на маладых дзяўчат, якія змогуць узяць штосьці адно з прадстаўленага асартыменту ў якасці этнічнай стыльнай дэталі для свайго маладзёжнага іміджа.
Для рэалізацыі задуманага вобраза А.Галіеўская выбрала сучасны лён трох колераў — белага, шэрага і бэжавага, якія рознатонава падкрэслілі характэрную шматслойнасць і самой калекцыі, і яе прататыпа — народнага строю. Да апошняга ж адсылае і стылізаваная пад арнамент вышыўка з геаметрычным малюнкам шэрым,шэра-бэжавым і жамчужным шоўкам. Ненавязлівую манументальнасць, формы невялікага аб’ёму, простыя лініі, строевыя чляненні, накладныя дэталі, стылізаваны фартух паверх штаноў і спадніц, рукаў рэглан, зборкі — такія рысы надала мадэльер ільняным сукенкам, штанам, брыджам, спадніцам і блузкам у сваёй калекцыі, на якой кропка яшчэ не пастаўлена. 

“Дэталь” 

У яго гонар
Дзе толькі лён ні пусціў свае карані: і алей з яго робяць, і порах, і торбы, і сувеніры, і еўравалюту, і абрусы... Нават этап сямейнага жыцця названы ў яго гонар — ільняное вяселле, да якога славяне рыхтаваліся загадзя. Па звычаі, да чацвёртай гадавіны вяселля жанчына павінна была саткаць і сшыць ільняную прасціну, якую сцялілі ў той вечар і зберагалі ўсё жыццё. Апроч таго, мужу дарыўся льняны падарунак — кашуля, цалкам зробленая жончынымі рукамі, у якой гаспадар сустракаў гасцей і праводзіў увесь вечар. На жонцы ж красаваўся багата вышыты льняны сарафан. Госці таксама прыходзілі не з пустымі рукамі: па звычаі, усе запрошаныя павінны асыпаць маладых насеннем лёну. Тэматычныя вырабы ў дзень свята былі ў хаце паўсюдна — на стале ў выглядзе абрусаў, сурвэтак, настольных фігурак, якія са сцябла лёну вырабляў да свята муж і якія захоўваліся да наступнага года, калі іх урачыста спальвалі — у дзень пятай гадавіны.Вось так весяліліся нашы продкі. 

Святлана КАСЯЧЭНКА