“І гэта ўсё — мае дзеці!”

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/303/5167/5-4.jpg

- Ужо сам факт узнагароджання мяне спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва вельмі натхніў,- кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Васіль СУМАРАЎ.

 - Гэта не толькі высокая ацэнка маёй педагагічнай і творчай дзейнасці, але і маральны стымул для будучыні - будучыні для той моладзі, каму трэба будаваць новую Беларусь, у тым ліку дзякуючы мастацка-эстэтычнаму фарміраванню іх душ, - працягвае майстар. - Яшчэ скажу, што для мастака любое прызнанне яго штодзённай творчасці - прыемнае. Асабліва мне прыемна, што наша дзяржава не забываецца на нацыянальную культуру, прызнаючы яе адным з прыярытэтных кірункаў сваёй палітыкі.

 Я- жывапісец. Шмат чаго стварыў за паўстагоддзя творчага жыцця ў розных жанрах. Адна з апошніх маіх работ - "На зямлі бацькоў" - сёння ўпрыгожвае нашу ўнікальную Нацыянальную бібліятэку. А самую апошнюю карціну - "Мой дом" (чацвёрты варыянт) гледачы бачылі роўна год таму - на выстаўцы "Настаўнік і вучні" ў Нацыянальным мастацкім музеі, якая з'явілася падзеяй знакавай/i/content/pi/cult/303/5167/5-5.jpg для мяне, ды і, думаю, для краіны ў цэлым.

Справа ў тым, што ў 1965-м, я, выпускнік БДТМІ, заснаваў пры Палацы тэкстыльшчыкаў дзіцячую студыю выяўленчага мастацтва. Гэтай студыяй я кіраваў чвэрць стагоддзя. Яна стала лаўрэатам шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, а многія яе выхаванцы сталі вядомымі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі, мастацтвазнаўцамі, культуролагамі: Д.Сурскі, І.Бархаткоў, А.Задорын, Р.Заслонаў, А.Маркаўцоў, А.Дзямідаў, М.Голубева, Г.Балаш, М.Шматава, І.Леантовіч, А.Савелічава - усіх не пералічыць, іх больш за тысячу! І гэта ўсё - мае дзеці! І, што не менш важна, "дзеці" кардынальна змянілі і маё жыццё, бо я намагаўся даць ім у студыі тое, што не маглі ім даць ні бацькі, ні школа.

На выстаўцы "Настаўнік і вучні" (праект, які распрацоўваў з любоўю і верай) я прадставіў 60 сваіх твораў (экспазіцыя была прымеркавана да майго 70-годдзя) і шмат работ маіх вучняў у розных жанрах і відах мастацтва. Ну, зразумела, паказаў і ўжо згаданы чацвёрты варыянт "Майго дома" (першыя тры - у музеях Мінска, Магілёва, Ташкента). Гэтая работа з'яўляецца быццам бы сплавам ўсёй маёй творчасці. Гэта - мая памяць пра дзяцінства, пра час, у якім я жыў, пра маіх бацькоў і аднагодкаў...

Я ўжо даўно не кірую студыяй, але і сёння не страчваю сувязі з дзіцячай творчасцю і з задавальненнем удзельнічаю ў працы розных журы дзіцячых і юнацкіх выставак, бо дзяцей я любіў, люблю і буду любіць, пакуль жыву. Так што спецыяльная прэмія належыць не толькі асабіста мне, але і маім дзецям...

Б.К.