Самы вялікі стымул

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

“За духоўнае адраджэнне”

/i/content/pi/cult/303/5166/5-2.jpgЛаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" стаў і Гомельскі абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі "Жывіца".

 Дырэктар Цэнтра Людміла Торцава распавядае, што ўвесь калектыў, які налічвае больш за 300 чалавек, уяўляе з сябе адну дружную каманду: гэта псіхолагі, лагапеды, урачы іншых спецыялізацый, педагогі, метадысты ды іншыя. У "Жывіцы" праходзяць лячэнне і рэабілітацыю дзеці ва ўзросте ад 6 месяцаў да 18 гадоў.

"Самым вялікім стымулам для нас з'яўляецца любоў да дзяцей, жаданне ім дапамагчы, - адзначае Людміла Торцава. - Але мы імкнёмся не толькі вылечыць ці палегчыць складаную хваробу, але і напоўніцу суправаджаць дзіця, дапамагаць яму адаптавацца ў жыцці, каб яно атрымала незалежнасць, самастойнасць. Наш калектыў прыкладае ўсе намаганні, каб пацыенты не пачувалі сябе абмежаванымі сярод іншых, каб магчымасці іх пашыраліся".

 Дапамагае "Жывіца" і дзецямінвалідам. За два гады тут атрымалі лячэнне больш за 1200 такіх пацыентаў. Як сведчыць статыстыка, колькасць дзяцей-інвалідаў у вобласці памяншаецца, а эфектыўнасць аднаўлення функцый арганізма ва ўсіх хворых складае прыкладна 97 - 99%.

У чым сакрэт такой паспяховай працы? Як тлумачыць дырэктар, паміж пацыентам і персаналам Цэнтра заўсёды існуе эмацыйная сувязь "вочы ў вочы". Для ажыццяўлення любой працэдуры неабходны псіхалагічны кантакт, давер: толькі ў такім выпадку /i/content/pi/cult/303/5166/5-3.jpgдзіця дазволіць займацца сабой. І калі хоць адзін супрацоўнік будзе чэрствы, ён можа нашкодзіць усяму працэсу лячэння і рэабілітацыі. Таму самае складанае тут - гэта падбор кадраў.

"Бывае, што сэрца заходзіцца ад болю за лёс асобнага дзіцяці. Але калі бачыш, як змяншаюцца дэфекты яго цела дзякуючы нашай зладжанай працы, становіцца лягчэй. Усім калегам ды спецыялістам іншых складаных прафесій хацелася б пажадаць пазбегнуць сіндрому эмацыйнага выгарання на працы і мець моцнае здароўе".

 На здымках: Людміла Торцава; будынак "Жывіцы".