Што змяняе характар?

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

“За духоўнае адраджэнне”

/i/content/pi/cult/303/5165/5-1.jpg

 Лаўрэаты прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне"- бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу, бабруйчане Тамара Аркадзьеўна і Уладзіслаў Анатольевіч Сянцовы.

На кожным занятку народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Эксперымент", якія ўжо цягам 12 гадоў праводзяцца ў дзіцячым доме сям'і Сянцовых, выхаванцы ствараюць нешта новае. Менавіта такім чынам можна зацікавіць, прывабіць да творчасці прыёмных дзяцей, якія часам маюць складаны характар. 28 малых і падлеткаў выхоўваліся ў гэтым доме, 8 дзетак жывуць там сёння, і ўсе яны займаліся дэкаратыўнапрыкладным мастацтвам. Па словах Тамары Аркадзьеўны, гэтая справа вельмі дапамагла ў выхаванні прыёмных дзяцей.

"Творчасць абавязкова ўплывае на характар, - упэўнена яна. - Гэтыя заняткі быццам лекавыя для дзяцей: проста ўвачавідкі пераконваешся, як выраўноўваецца іх псіхіка. Усе яны захопліваюцца гэтым цікавым працэсам: вышываюць, вяжуць, ствараюць батык, малююць, займаюцца керамікай. Напачатку іх даводзіцца прымушаць, а пасля - не адарваць ад справы! Усіх, ад 9 да 17 гадоў! Толькі паспявай набываць ніткі, тканіну, фарбы, рамкі ды іншыя матэрыялы..."

Узнікла студыя "Эксперымент" дзякуючы дапамозе бабруйскай мастачкі Алы Кірылавай. Пад яе ўмелым кіраўніцтвам дзеці не толькі ствараюць работы для сябе, дома, але і дэманструюць іх на выстаўках, перамагаюць у конкурсах. Бабруйская выставачная зала, экспазіцыі ў сталічным ТЮГу, а таксама ў Магілёве, Салігорску, Светлагорску ды іншых беларускіх гарадах - гэта пакуль што толькі пачатак. На Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Індыі, міжнародных выстаўках у Азербайджане і Фінляндыі выхаванцы сям'і Сянцовых атрымалі II месца.

Незалежна ад абранай прафесіі кожны малады чалавек, які выйшаў з гэтай незвычайнай сям'і, захавае набытыя ўменні на ўсё жыццё і, магчыма, перадасць сваім дзецям. У гэтым перакананы Тамара Аркадзьеўна і Уладзіслаў Анатольевіч.

 С.Ю.

На здымку: сям'я Сянцовых на занятках "Эксперыменту".