Натхнёная Полацкам

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

“За духоўнае адраджэнне”

/i/content/pi/cult/303/5163/4-1.jpg

Штогод Полацкі СпасаЕфрасіннеўскі жаночы манастыр наведваюць тысячы турыстычных і паломніцкіх груп. Толькі летась тут пабывала больш за 55 тысяч чалавек.

З экскурсантамі праводзяцца, пры іх жаданні, духоўна-асветніцкія гутаркі, у якіх прымае непасрэдны ўдзел сама ігумення манастыра Еўдакія, якая атрымала прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".

Дзякуючы намаганням ігуменні ў сакавіку 2009-га аднавіліся богаслужэнні ў Свята-Ефрасіннеўскім храме ХІХ стагоддзя. Ужо цягам некалькіх гадоў у манастыры вядзецца ўнікальная навукова-даследчая праца, асноўны накірунак якой - гісторыя Полацкай зямлі, вывучэнне яе старажытных помнікаў і святыняў. Да 100-годдзя перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні з Кіева ў Полацк у 2010-м сёстрамі пры ўдзеле ігуменні Еўдакіі быў падрыхтаваны шэраг выданняў, сярод якіх - "Полоцкое радование", "Дивен Бог во Святых Своих", створана фотавыстаўка "Незабыўныя дні". Да таго ж, у рамках згаданых святочных мерапрыемстваў сёстры манастыра бралі ўдзел у разнастайных навукова-практычных канферэнцыях, сімпозіумах, духоўна-асветніцкіх семінарах.

Але сярод насельніц манастыра пашыраецца не толькі навуковая дзейнасць. У прыватнасці, па блаславенні ігуменні Еўдакіі, у дні царкоўных святаў некаторыя сёстры наведваюць бальніцы і іншыя сацыяльныя ўстановы Полацка. Пры гэтым, манастыр аказвае пасільную матэрыяльную дапамогу тым, каму яна надзвычай патрабуецца.

Пры Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, шмат у чым дзякуючы клопатам ігуменні, створаны бібліятэка, трапезная і гасцініцы для паломнікаў. І, як можа пераканацца кожны, хто прыедзе ў манастыр з адкрытым сэрцам, матушка-ігумення імкнецца ўдзяліць увагу ўсім, хто звяртаецца да яе па параду.

Праводзіцца ў Полацкім СпасаЕфрасіннеўскім манастыры і асветніцкая праца з дзецьмі і моладдзю. Цягам ужо дзевятнаццаці гадоў дзейнічае нядзельная школа, якую наведваюць людзі рознага ўзросту. Сярод дысцыплін, што там выкладаюцца, нельга не адзначыць асновы мастацтва іканапісу і харавых спеваў, урокі царкоўна-славянскай мовы і Закону Божага. Сёння, як адзначылі ў манастыры, у нядзельнай школе навучаюцца 150 дзяцей.

А для студэнтаў навучальных устаноў Полацка, навукоўцаў адкрыты фонды манастырскай бібліятэкі, якія фарміруюцца з 1991 года. На сённяшні дзень гэты ўнікальны кніжны збор налічвае больш за 17 тысяч экзэмпляраў літаратуры, у тым ліку рарытэтныя выданні разнастайнай тэматыкі.

 К.А.

На здымку: ігумення Еўдакія.