Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2010 года

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, узгодненыя з кіраўніцтвам Беларускай праваслаўнай царквы, п а с т а н а ў л я ю:

1. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, што садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці, прысудзіць прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" 2010 года:

архіепіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Феадосію (Більчанку Паўлу Захаравічу), кіраўніку мясцовага рэлігійнага аб'яднання "Полацкая епархія Беларускай праваслаўнай царквы", - за актыўную духоўна-асветную дзейнасць, значны ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды;

бацькам-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна г. Бабруйска Магілёўскай вобласці Сянцовым Тамары Аркадзьеўне і Уладзіславу Анатольевічу - за шматгадовую плённую працу па выхаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

ігуменні Еўдакіі (Ляўшук Любові Пятроўне), настаяцельніцы рэлігійнай арганізацыі "Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у г. Полацку Полацкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы", - за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветную дзейнасць, плённую працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны;

калектыву ўстановы "Гомельскі абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі "Жывіца" - за плённую дзейнасць па развіцці сістэмы медыцынскай рэабілітацыі дзяцей Гомельскай вобласці і ўкараненні сучасных тэхналогій, якія даюць магчымасць адаптаваць хворых дзяцей і дзяцей-інвалідаў у грамадстве і сацыяльным асяроддзі;

творчаму калектыву рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" - за стварэнне кніг "Зямля сілы. Белавежская пушча", "Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII - XIX стагоддзяў".

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" 2010 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з гэтым Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А.ЛУКАШЭНКА.

4 студзеня 2011 г. г. Мінск