“Чарнавы накід” пачатку прафесійнай кар’еры

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Пахаладанне, нечаканае для сёлетняй нязвыкла цёплай вясны, не паўплывала на біялагічныя рытмы выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў — час падрыхтоўкі да дзяржіспытаў і здачы дыпломаў становіцца гарачай парой без залежнасці ад тэмпературы на вуліцы. Першай падзеяй у гэтым, бадай, лёсаносным для іх перыядзе жыцця стала папярэдняе размеркаванне, якое прайшло ва універсітэце 27 — 30 сакавіка. Без пяці хвілін спецыялісты атрымалі магчымасць зрабіць “чарнавы накід” пачатку сваёй кар’еры — не забываючыся, што пакуль ёсць час, каб, паразважыўшы, тое-сёе памяняць. Згодна вядомай прымаўцы пра сані ўлетку, падрыхтоўка да сёлетняга размеркавання пачалася яшчэ ў снежні. Выйшаў загад рэктара БДУКіМ, у якім былі вызначаны тэрміны размеркавання і склад камісіі пад кіраўніцтвам першага прарэктара універсітэта Мікалая Кузьмініча. Неўзабаве абласныя ўпраўленні культуры атрымалі лісты з просьбаю дасылаць заяўкі.

Высновы папярэднія — падрыхтоўка грунтоўная 
У выніку прыкладна 90% запытаў на выпускнікоў даслалі ўстановы, прыналежныя да Міністэрства культуры. Рэшта — розныя іншыя ведамствы. Прыкладам, бібліятэкары патрэбны таксама і ва ўстановах адукацыі, а “духавікі” могуць знайсці сабе месца ў ваенным аркестры.
Пакуль складаўся спіс вакансій, выпускнікі мелі магчымасць азнаёміцца з датычнымі да размеркавання нарматыўна-прававымі дакументамі, — яны з’явіліся на інфармацыйных стэндах кожнага факультэта. А таксама парупіцца пра сваё першае месца працы самастойна — універсітэт атрымаў нямала імянных заявак.
На кожнай з кафедраў былі прызначаны адказныя за размеркаванне, да якіх студэнты могуць звяртацца з любымі “праблемнымі” пытаннямі. Для таго, каб на гэтыя пытанні яны маглі атрымаць грунтоўныя адказы, для выкладчыкаў правялі спецыяльныя семінары.
Да таго ж, кафедры выступілі свайго кшталту пасрэднікамі паміж выпускнікамі і патэнцыйнымі працадаўцамі, выслаўшы на іх адрасы інфармацыйныя матэрыялы, якія дазвалялі падрабязна пазнаёміцца фактычна з кожным студэнтам, — зважаючы на яго спецыяльнасць і нават індывідуальныя якасці. Вядома, самі кафедры рыхтавалі і спісы для папярэдняга размеркавання, паслядоўнасць прозвішчаў у якіх вызначалася акадэмічнай паспяховасцю выпускніка ды яго ўдзелам у грамадскім жыцці.
— Папярэдняе размеркаванне дазволіла нам зрабіць некаторыя высновы — вядома, таксама папярэднія, — адносна таго, як сёлета пройдзе працаўладкаванне выпускнікоў, — зазначыў Мікалай Кузьмініч. — Прагноз — аптымістычны. Пакуль мы не знаходзім асаблівых прычын для занепакоенасці. 

Хіт-парад спецыяльнасцей 
Кан’юнктура рынку працы была збольшага яснай ужо ў сярэдзіне лютага, калі прыйшлі заяўкі з абласцей. Звесткі ў базе дадзеных вакансій, якая была створана спецыялістамі універсітэта, прынцыпова не розніліся ад леташніх. Не стала дзівам і тое, што колькасць заявак значна перавысіла колькасць выпускнікоў — прыкладна ў 1,7 раза. На 321 бюджэтніка, якія сёлета маюць атрымаць дыплом універсітэта, прыйшло больш як паўтысячы заявак, — і такая суадноснасць трапна характарызуе праблему з кадрамі ў краіне.
Як запэўніла кіраўнік практыкі БДУКіМ Таццяна Гурына, якая каардынуе працэс размеркавання, без працы ніхто з дыпломнікаў не застанецца. Праўда, калі па некаторых спецыяльнасцях колькасць заявак перавышае колькасць прэтэндэнтаў удвая, дык там-сям гэтыя лічбы амаль тоесныя. Пераважна гэта тычыцца тых спецыяльнасцей, якія ў рэгіёнах здаюцца пакуль “экзатычнымі”, напрыклад, культуралогіі.
Па-ранейшаму ў плане вакансій лідзіруе бібліятэчная сфера — кожны з выпускнікоў факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый мае, прынамсі, дзве прапановы месца працы. Услед за ёй у гэтым рэйтынгу ідуць рэжысура масавых свят ды харэаграфія. Тут, зрэшты, можна было і не сумнявацца, зважаючы на тое, што дыпламаваных спецыялістаў у гэтых галінах не маюць нават некаторыя райцэнтры. Музейшчыкі і “народнікі” таксама, што называецца, “нарасхват”.
Дзіўна, але спецыяльнасць, конкурс на якую стабільна ставіць рэкорды, — “менеджмент соцыякультурнай сферы” — у “хіт-парадзе” запатрабаванасці зусім не лідзіруе.
— Гэта і зразумела: кіраўнічыя пасады пераважна ўжо заняты. Каму кіраваць не даспадобы? — жартуе з гэтай нагоды М.Кузьмініч. — Хаця, вядома, выпускнікоў гэтай спецыяльнасці мы ўладкуем без праблем — на біржу працы нікому звяртацца не давядзецца. У апошнім можна не сумнявацца — хаця б таму, што на дзесяць дыпламаваных “менеджэраў” прэтэндуюць ажно 15 устаноў. Прытым, часам дыпломнікам прапануюць досыць прыстойныя пасады — напрыклад, дырэктара сельскага Дома культуры. Для пачатку кар’еры — някепска. 

Да родных ніў, да роднай хаты... 
Адметнасцю сёлетняга размеркавання стала асаблівая ўвага да праблемы з кадрамі ў рэгіёнах. І тыя выпускнікі, што не мелі належных падстаў, каб застацца ў сталіцы, мусілі падшукаць сабе вакансію па гусце па-за межамі мінскай кальцавой дарогі. Балазе, выбіраць было з чаго.Па словах Таццяны Гурынай, крытэрыі, якімі кіраваліся дыпломнікі, робячы гэты выбар, нярэдка былі суб’ектыўныя. Большасць выказала заканамернае жаданне вярнуцца да бацькоў, а некаторыя, наадварот, вырашылі памяняць месца жыхарства.
Пра нястачу кадраў у сельскай мясцовасці нагадваць тут будзе залішнім. Але, насуперак уяўленням многіх, гэтую праблему мае і сталіца.
— Многія мінскія бібліятэкі штогод накіроўваюць нам заяўкі і скардзяцца, што мы не заўсёды можам іх задаволіць, — кажа Т.Гурына. — Дырэктары некаторых з іх нават наведалі папярэдняе размеркаванне. На жаль, і сёлета далёка не ўсе гэтыя ўстановы будуць забяспечаны кадрамі.
У той самы час, памылковым з’яўляецца і стэрэатып, нібы кожны выпускнік марыць застацца ў сталіцы і вяртаецца працаваць у родны куток адно сілком ды са слязьмі. Па словах намесніка дэкана факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый Наталлі Петушко, гэта не зусім так. І прычынай таму не толькі апетая яшчэ Скарынам прывязанасць да “малой радзімы”, — хаця, хочацца верыць, перш-наперш менавіта яна.
Так, дома і сцены саграюць, але, што важна, за гэтыя сцены не трэба будзе аддаваць палову заробка. А ў Мінску жытло каштуе вельмі дорага, ды і знайсці яго не так і лёгка. Да таго ж, тут можна згадаць яшчэ і такую прымаўку: “Лепш быць першым на вёсцы, чым апошнім у горадзе”. І амбітныя дыпломнікі, якія прагнуць, перадусім, магчымасцей для творчага самавыяўлення, нярэдка знаходзяць іх менавіта ў тых установах культуры, якія хтосьці грэбліва называе “правінцыйнымі”.
Праўда, праглядаючы базу дадзеных, можна заўважыць, што графа, дзе мусяць быць пазначаны жыллёвыя ўмовы, якімі працадаўцы могуць забяспечыць маладых спецыялістаў, досыць часта застаецца чыстай. Для выпускніка адсутнасць жытла можа стаць невырашальнай праблемай — прынамсі, у тым выпадку, калі ён едзе не ў родную вёску.
Тут мы сутыкаемся з яшчэ адной прычынай недастатковай забяспечанасці кадрамі ўстаноў культуры. Прычынай, ліквідаваць якую творчыя ВНУ не ў стане.
Лішне казаць, што дбаць аб тым, каб у кожным сельскім клубе працавалі дыпламаваныя спецыялісты, мусяць таксама і мясцовыя ўлады. Лішне — бо пра гэта ўжо казалася неаднойчы. Аднак і дагэтуль далёка не кожны выпускнік атрымлівае хаця б элементарныя выгоды, пачувае сябе на першым месцы працы ўтульна. І таму праз два гады гэтае працоўнае месца зноў стаецца вакантным.
— Вырашэнне праблемы кадраў — гэта не гульня ў адны вароты, — кажа Т.Гурына. — Універсітэт забяспечвае ўстановы культуры, у тым ліку і сельскія, высакаякаснымі спецыялістамі. Але трэба, кааб на месцах маладога спецыяліста прынялі, прытулілі, забяспечылі ўсім неабходным, дапамаглі адаптавацца да калектыву. Тады ён там замацуецца назаўжды. 

Увага да кожнага лёсу 
Так, размеркаванне — не гульня ў адны вароты. Яно паклікана сумясціць інтарэсы выпускнікоў з інтарэсамі дзяржавы. Як запэўніў Мікалай Кузьмініч, камісія шукае індывідуальны падыход да кожнага са студэнтаў, улічвае яго жыццёвыя абставіны, уважліва прыслухоўваецца да пажаданняў. А абставіны могуць быць розныя.
Некаторыя з іх рэгламентаваны заканадаўствам. Прыкладам, дзяўчына, якая выйшла замуж за вайскоўца, мусіць быць размеркаваная па месцы яго службы. А мінчук, што даглядае бацькоў-інвалідаў, вядома ж, застанецца ў сталіцы. Хаця бываюць і выпадкі абсалютна нестандартныя, якія загадзя “прапісаць” немагчыма. Скажам, дзяўчына, размеркаваная на Магілёўшчыну, мае жаніха, які атрымаў накіраванне на Гомельшчыну. І тады камісіі даводзіцца ламаць галаву, кааб знайсці прымальны для ўсіх варыянт.
Але супрацоўнікі універсітэта не шкадуюць для гэтага высілкаў. Бо разумеюць простую ісціну. Незадаволенасць вынікамі размеркавання выпускнікі выказваюць не словамі, а нагамі, — проста не з’яўляючыся на сваё месца працы. Таму трэба зберагаць іх ад гэткай спакусы, якая, да таго ж, не застанецца цяпер беспакаранай.
— Мы ўсімі спосабамі намаўляем студэнтаў ні ў якім разе не рабіць такіх неабдуманых учынкаў, тлумачым іх адказнасць за ўцёкі, — кажа Т. Гурына. — У выніку летась мы “згубілі” ўсяго адну выпускніцу— з 330! Пацвярджэнне аб тым, што яна прыбыла на вызначанае месца працы, да нас не прыйшло, і мы адразу пачалі пошукі “ўцякачкі”. З часам давялося нават звяртацца ў пракуратуру. Але падкрэслю: гэты выпадак — выключны. Усе астатнія леташнія выпускнікі плённа робяць сваю справу ў розных кутках Беларусі.
Выпадкі, калі ўстановы культуры самі адмаўляюцца ад спецыялістаў, таксама нельга назваць характэрнымі. Штораз яны звязаны з тымі ці іншымі акалічнасцямі напрыклад, за пяць гадоў навучання мэтавіка яго родная вёска паспела моцна абязлюдзець, і трымаць там стацыянарную ўстанову культуры стала немэтазгодна. Зрэшты, сёлета нічога падобнага не чакаецца — амаль 40 выпускнікоў, якія вучыліся па мэтавым накіраванні, усе паедуць працаваць на вызначаныя ад пачатку месцы.
— Лічу, невырашальных праблем пры размеркаванні не бывае, — падсумоўвае нашу гутарку Т.Гурына. — І, прыклаўшы намаганні, заўсёды можна знайсці варыянт, які б задаволіў выпускніка.... Універсітэт з чулай цікавасцю адсочвае лёс сваіх гадаванцаў доўга і пасля сканчэння вучобы. Здаецца, уручыўшы былому ўжо студэнту дыплом, універсітэт развітваецца з ім і здымае са сваіх плячэй адказнасць за яго далейшы жыццёвы шлях. Але рэктар універсітэта Ядвіга Грыгаровіч называе “нашымі” нават тых, хто пакінуў сцены alma mater шмат гадоў таму. І ўвага, з якой універсітэт падыходзіць да вырашэння лёсу кожнага свайго дыпломніка, — не толькі яго абавязак.
Яна — ад сэрца.

Ілля СВІРЫН