Што здзейснена, што запланавана?

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

У першыя дні новага, 2011 года рэдакцыя звязалася з начальнікамі ўпраўленняў культуры і пацікавілася: якімі падзеямі найперш быў знамянальны мінулы год, што за надзённыя задачы паўсталі перад абласцямі ў годзе бягучым?

Віталіна РУДЗІКАВА, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама:

- Асноўнай падзеяй мінулага года былі, несумненна, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб у гэты дзень і напярэдадні яго ў жыхароў сталіцы быў прыўзняты, святочны настрой. Літаральна на ўсіх выбарчых участках выступалі з канцэртамі творчыя калектывы і выканаўцы... Планаў на гэты год, безумоўна, шмат. Новая пяцігодка - новыя задачы. Адна з іх - увод у эксплуатацыю дзіцячай філармоніі на плошчы Свабоды. Мяркуем правесці якасную рэканструкцыю сталічных тэатраў, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.

Рыгор БЫСЮК, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама:

- Многае зроблена па адраджэнні і развіцці сяла. Пад час выязной калегіі Міністэрства культуры, на якой аналізавалася рэалізацыя адпаведнай дзяржпраграмы, удзельнікам быў прадэманстраваны шэраг аграгарадкоў Пружанскага раёна. За мінулую пяцігодку ўстановы культуры вобласці не толькі змянілі аблічча, але і здолелі стаць цэнтрамі выхавання і духоўнасці... Адметны быў мінулы год і дасягненнямі ў прафесійным мастацтве. Прайшоў VII Фестываль беларускага кіно. 22 чэрвеня адбылася прэм'ера мастацкай стужкі "Брэсцкая крэпасць". Як заўсёды, поспех меў тэатральны фестываль "Белая вежа". Новы год распачалі, як і заўжды, творчай акцыяй "Студзеньскія музычныя вечары". Традыцыйная культура, прафесійнае мастацтва будуць, натуральна, развівацца і ў наступным годзе.

Мікалай ПАШЫНСКІ, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:

- Цягам мінулага года ўпершыню правялі абласныя дажынкі ў гарадскім пасёлку Расоны. Усе ўстановы культуры райцэнтра былі да гэтай падзеі якасна рэканструяваны. На абнаўленне аднаго толькі Дома культуры выкарыстана 6 мільярдаў рублёў. Расоны змяніліся карэнным чынам... Велічна і маштабна прайшло ў нас святкаванне 65-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. "Другі год запар ладзім студзеньскімі днямі акцыю "Чалавек года Віцебшчыны". Летась гэтае званне атрымалі чатыры работнікі культуры вобласці. Днямі ў Віцебску адбудзецца чарговае такое мерапрыемства. І, натуральна, ужо цяпер рыхтуемся да ХХ, юбілейнага "Славянскага базару ў Віцебску". Рашэннем аблвыканкама створаны штаб па падрыхтоўцы Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Дзмітрый ЧУМАКОЎ, начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама:

- Даволі цяжка вылучыць нейкую найбольш значную леташнюю падзею. Усе яны, на мой погляд, былі важныя, а ўвесь 2010-ы вызначаўся выключнай напружанасцю. Тым не менш, не магу не згадаць пра завяршэнне рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Аб'екты культуры ў аграгарадках Гомельшчыны адпавядаюць на сёння патрабаванням імклівага часу. Сёлетняя задача - далейшая "шліфоўка" гэтых устаноў, а таксама ўдасканальванне форм працы, матэрыяльна-тэхнічнай базы ў іншых сельскіх паселішчах вобласці. Сярод бліжэйшых перспектыў - і наданне Гомелю статуса Культурнай сталіцы СНД і Культурнай сталіцы-2011 Беларусі. Натуральна, адказнасць - найвялікшая, бо экзамен на прафесійную годнасць трымаць будуць літаральна ўсе тыпы ўстаноў культуры абласнога цэнтра.

Аляксандр ЛОЙКА, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

- Мінулы год запомніўся шматлікімі маштабнымі мерапрыемствамі, што ладзілі работнікі культуры вобласці. Маю на ўвазе найперш Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2010" у Лідзе і заключныя мерапрыемствы VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне... Добра спрацавалі ўсе аддзелы вобласці, але ў першую чаргу хачу адзначыць работнікаў культуры Лідскага, Шчучынскага, Смаргонскага раёнаў. Мяркую, што асноўная мэта бягучага года - навучыцца зарабляць, прыцягваць усе фінансавыя магчымасці для падтрымкі і развіцця нацыянальнай духоўнасці, традыцыйнай культуры, класічнага мастацтва. І тут, натуральна, не абысціся без інавацый і інвестыцый.

Анатоль СІНКАВЕЦ, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:

- Важных падзей у 2010-м было шмат, але самая апошняя адбылася 28 снежня, напярэдадні навагодніх святаў: менавіта ў гэты дзень урачыста адкрыўся новы будынак абласнога тэатра лялек. Работы на аб'екце доўжыліся два гады. У выніку з'явіўся новы корпус-прыбудова, дзе ёсць шыкоўная глядзельная зала, вытворчыя цэхі, іншыя дадатковыя памяшканні. Старая зала ператварылася ў тэатральную гасцёўню, дзе можна ладзіць калядныя дзеі... З генеральных напрамкаў работы ў новым годзе я назваў бы ўтварэнне якасна новых экспазіцый у нашых музейных установах - ад абласных да большасці раённых.

Анатоль АКУШЭВІЧ, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама:

- Завяршылася чарговая пяцігодка. Мы, лічу, сур'ёзна папрацавалі над стварэннем прыстойных умоў для культурнага адпачынку ў сельскай мясцовасці. У Любані адкрылі цудоўную ДШМ з выставачнай галерэяй, канцэртнай залай і двума памяшканнямі для харэаграфічных заняткаў. У аграгарадку "Відзеўшчына" здалі СДК, дзе і мэбля новая, і музычныя інструменты ёсць, а падвал пераабсталяваны пад трэнажорную залу... І такіх прыкладаў - безліч. Для аддзелаў культуры набылі сем аўтамабіляў. Карацей, па Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла запазычанасцей не маем. З гэткімі ж тэмпамі распачалі і бягучы год. Выведзены сцены пад Палац культуры ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. Запланавана будаўніцтва ДК ва Уздзе... У Маладзечне, як вядома, пройдзе сёлета Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі". Залішне казаць, што кожная ўстанова культуры займее да гэтага часу новае аблічча.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"