Час Культуры: ад Міра — да Нясвіжа

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Здабыткі і новыя падыходы да развіцця сферы акрэслівае міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка

/i/content/pi/cult/303/5158/Clip_19.jpgПачатак студзеня - гэта той час, калі адбываецца "зверка гадзіннікаў", якія фіксуюць і адлічваюць, вобразна кажучы, нашы крокі між мінулым і будучым. "Час Культуры" ў агульным кантэксце здзяйсненняў краіны мае сваю стваральную хаду. Дык што ж найбольш адметнае ўвайшло ў тыя будзённыя і святочныя трыста шэсцьдзясят пяць дзён 2010-га? Што рыхтуе ў культурнай прасторы нам год 2011ы? Пра гэта карэспандэнт "К" папрасіў распавесці міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла ЛАТУШКУ.

- Словам, Павел Паўлавіч, стрэлкі нашага ўмоўнага гадзінніка пакуль яшчэ знаходзяцца ў 2010-м. А пераход на "новы час" скарэкціруйце, калі ласка, праз тое, што дазваляе сказаць: год быў...

- ...Адметным. І адметнасць 2010-га - адначасовы працяг рэалізацыі тых сістэмных падыходаў з боку дзяржавы, што накіраваны на далейшую падтрымку і развіццё нашай нацыянальнай культуры. Культуры, якой мы маем права ганарыцца, культуры, якая мае багатую спадчыну і даволі цікавае сённяшняе. Наша культура мае глыбокія еўрапейскія карані, а адметнасць беларускай еўрапейскасці - менавіта ў яе беларускасці.

Рэалізуючы міжнародныя фестывалі, што ўжо сталі традыцыйнымі, такія, як "Славянскі базар...", "Лістапад", Фестываль Юрыя Башмета, і шмат, шмат іншых праектаў, мы думалі аб тым, як надаць ім новы змест, новы яскравы выгляд праз творчую змястоўнасць і творчую рэалізацыю ўсіх тых, хто ў іх прымаў удзел. Спадзяюся, што самі гледачы мелі гэтую цудоўную магчымасць даць сваю ўласную ацэнку.

Думаю, што на ўсе новыя праекты і новыя падыходы ў сённяшняй культуры перадусім дае адказ сам глядач. Ці сапраўды прысутнасць такіх зорак, як Эмір Кустурыца, Арнэла Муці, Вахтанг Кікабідзэ, Людміла Гурчанка, на "Лістападзе", новы падыход у арганізацыі кінапраграмы, праца новай дырэкцыі фестывалю - ці сапраўды яны далі свой вынік? Ці запатрабавана самім часам, запатрабавана нашай публікай з'яўленне новых фестываляў - Уладзіміра Співакова і "Покліч Палесся"? Для нас галоўным у нашай працы з'яўляецца менавіта ацэнка гледача. Хацелася б імкнуцца да выказвання Рыхарда Вагнера: "Фестываль - гэта выключная падзея ў выключным месцы".

- Сёння ўся сфера культуры ўскладае спадзяванні на рэалізацыю сваіх ініцыятыў праз праграму "Культура Беларусі"...

- У 2010-м мы прадоўжылі працу, накіраваную н/i/content/pi/cult/303/5158/Clip_20.jpgа вырашэнне сістэмных пытанняў далейшага развіцця нашай культуры. З яе варта вылучыць распрацоўку, упершыню дзяржаўнай, праграмы "Культура Беларусі" да 2015 года. Прыняцце ўрадавай праграмы - гэта яшчэ адно сведчанне рэальных ацэнак, рэальнага падыходу дзяржавы да падтрымкі нашай культуры. Спадзяёмся, што ў выніку рэалізацыі гэтай праграмы мы зможам вырашыць шмат праблемных пунктаў, што існуюць на сённяшні дзень у развіцці рэгіянальнай культуры, якая з'яўляецца падмуркам для нашага прафесійнага мастацтва, а таксама ўзняць само прафесійнае мастацтва на новы ўзровень, вывесці на новы этап стварэння. Праграма накіравана на тое, каб у грамадстве культура Беларусі была больш адчувальнай, больш важнай, каб яна ўспрымалася як сапраўды базавы элемент развіцця дзяржавы і грамадства.

Мы працавалі над новымі падыходамі да рэфармавання кінамастацтва, над стварэннем сапраўды канкурэнтнага асяроддзя, што дазволіла б сфарміраваць інстытут кінапрадзюсарства ў нашай краіне, такім чынам атрымаўшы ўзаемасувязь ад укладзеных дзяржавай сродкаў і вынікам, які мы будзем мець у выглядзе ці то дакументальных, ці то мастацкіх, анімацыйных або дзіцячых стужак.

І гэтая праца будзе працягнута. Усе тыя падыходы былі акрэслены пад час нарады па далейшым развіцці кінамастацтва, якая прайшла пад старшынствам Прэзідэнта нашай краіны.

- Культурны імідж Беларусі фарміруецца, у тым ліку, і праз нашых суайчыннікаў за мяжой. Цікавасць выхадцаў з нашай зямлі, што жывуць у іншых краінах, да культурнага працэсу ў рэспубліцы засведчыла і нядаўняя "гарачая лінія" з вашым удзелам у Інфацэнтры "Культура-інфа"...

- Гэта вельмі важны аспект. Мы звярнулі свой погляд на далейшае развіццё супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, якія таксама належаць да нашага беларускага этнасу, належаць да беларускага народа. Яны цікавяцца тымі праблемамі, якімі жыве Беларусь, тым, як яна рухаецца наперад, і хацелі б таксама ўносіць свой уклад у развіццё нашага грамадства, і ў тым ліку - нашай культуры. У 2010-м годзе ўпершыню адбылося пасяджэнне Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі беларускіх аб'яднанняў Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі - актыўныя дзеячы 20 грамадскіх арганізацый замежжа. Мы не толькі акрэслілі галоўныя напрамкі нашага супрацоўніцтва, але і вызначылі канкрэтную праграму дзеянняў паміж Міністэрствам культуры, іншымі зацікаўленымі ўстановамі і кіраўнікамі вядучых беларускіх суполак. Мы адкрыты да далейшага супрацоўніцтва, запрашаем прадстаўнікоў беларускай дыяспары з іншых краін прымаць удзел у рабоце Кансультацыйнага савета. Цяпер ідзе праца над праектам дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце", і мы спадзяёмся, што пры падтрымцы Урада здолеем яе прыняць і ў далейшым перавесці наша супрацоўніцтва на сістэмны лад, на сістэмны кірунак.

/i/content/pi/cult/303/5158/Clip_21.jpg- У 2010-м прынцып даступнасці для людзей культурных набыткаў і скарбаў праявіўся яшчэ больш канцэптуальна...

-Ажыццявіліся новыя яскравыя праекты, сярод якіх варта вылучыць наступны - "Культурная сталіца года". Ёю стаў Полацк - старажытны беларускі горад, які фактычна быў першай гістарычнай сталіцай на нашых землях. Важна, што праз гэты праект мы звярнулі ўвагу на галоўнае: кожны грамадзянін нашай краіны, незалежна ад таго, пражывае ён у сталіцы ці ў рэгіёне, мае права атрымліваць культурныя даброты на такім жа самым узроўні, на якім атрымліваюць іх жыхары Мінска. Думаю, гэты праект выклікаў зацікаўленасць з боку жыхароў Полацка. Пад час яго рэалізацыі горад наведалі ўсе вядучыя нацыянальныя і рэспубліканскага ўзроўню калектывы нашай культуры і мастацтва.

Мы правялі "новы-стары" праект упершыню пасля 85-гадовага перапынку - Рэспубліканскую выставу выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі", мэтай якой было прааналізаваць стан нашага выяўленчага мастацтва. Чым мы можам ганарыцца і што трэба зрабіць для далейшага яго развіцця? І для мастакоў, канешне ж, важным з'яўляўся той факт, што выставу наведаў Прэзідэнт Беларусі. Спадзяёмся, нам удасца рэалізаваць вельмі цікавы праект музейнага квартала ў цэнтры Мінска на базе Нацыянальнага мастацкага музея. Дарэчы, у выніку дадзенага праекта мы пачалі ўжо працаваць у 2011 годзе над правядзеннем рэспубліканскай выставы манументальнага мастацтва. Варта прагледзець тое, што зроблена за апошнія гады, акрэсліць будучыню яго развіцця.

- Лістапад мінулага года праходзіў не толькі пад знакам "Лістапада", але і "пад знакам Караткевіча"...

- Уладзіміра Караткевіча, 80-годдзя з дня яго нараджэння... Вельмі важны юбілей для культуры нашай краіны. Мы адзначылі яго шэрагам цікавых акцый - як на радзіме славутага пісьменніка, так і ў розных кутках Беларусі. Выдалі кнігу "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах. Па дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны ўжо выкананы і знаходзіцца ў Кіеве помнік Уладзіміру Караткевічу, які плануем адкрыць у 2011 годзе. Думаю, што мы даволі змястоўна адзначылі гэты важны для нашай культуры юбілей.

Нельга не назваць і такія адметнасці года мінулага. У дні, калі мы адзначалі 65-годдзе Вялікай Перамогі, Прэзідэнтам была закладзена першая цэгла ў пабудову музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Распачалася акцыя па зборы сродкаў на аднаўленне Навагрудскага замка, і мы ўдзячныя ўсім тым, хто ўнёс свой рубель у гэтую высакародную справу. Адбылося абнаўленне Беларускага дзяржаўнага цырка, які таксама стаў вельмі цудоўным, прыгожым аб'ектам культуры.

- І вось, нарэшце, 2011-ы...

- У студзені мае адбыцца першае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва, створанага пры Урадзе нашай краіны. Пад час яго разгледзім галоўныя накірункі і прааналізуем тое, што зроблена за апошнія гады ў галіне культуры. І пастараемся акрэсліць падыходы да далейшага развіцця тэатральнага мастацтва, аховы спадчыны, іншых накірункаў нашай сферы.

Чым яшчэ год будзе адметны? Думаю, што тут варта адзначыць пачатак рэалізацыі двух нацыянальных праектаў - Нацыянальнай тэатральнай прэміі нашай краіны і Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Мы спадзяёмся, што гэтыя праекты здолеюць прыцягнуць большую ўвагу да тэатраў, тэатральнага прафесійнага мастацтва, нададуць дадатковы імпульс з боку дзяржавы для далейшага развіцця эстрады.

/i/content/pi/cult/303/5158/Clip_22.jpg

- Культура атрымае і шэраг прэферэнцый?

- Мы працавалі над новай сістэмай падаткаабкладання, і спадзяёмся, што дзякуючы яе рэалізацыі ў будучым нам удасца стварыць новы падыход да прыцягнення прыватных інвестыцый, сродкаў мецэнатаў и прыватнага капіталу ў сферу культуры краіны. Працуем над тым, каб дзяржаўна-прыватнае партнёрства развівалася не толькі ў галіне эканомікі, але, зразумела, і ў галіне культуры. Cпадзяёмся, менавіта гэты падыход дазволіць нам адкрыць новыя гарызонты развіцця нацыянальнай культуры, і дзякуючы гэтаму з'явяцца новыя цікавыя праекты, новыя постаці ў нашай сферы.

Канешне ж, будзем усе разам адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння зоркі беларускай паэзіі- Максіма Багдановіча, і да гэтага юбілею прымеркаваны шэраг важных падзей у нашай культуры. А 12 студзеня мы адзначым 70-годдзе з дня нараджэння Песняра зямлі беларускай Уладзіміра Мулявіна. Будзем узмацняць супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, з тэлеканаламі, радыёстанцыямі, друкаванымі СМІ, каб дзякуючы сумесным праектам звярнуць большую ўвагу на пытанні культуры і мастацтва ў краіне, каб яны даходзілі больш актыўна да больш шырокага кола гледачоў, слухачоў, чытачоў - тых людзей, якія цікавяцца культурай і мастацтвам.

Будзем працаваць над падыходам да развіцця праектнай дзейнасці ў галіне культуры. Гэта фінансаванне ў дадатак да існуючай сістэмы фінансавання з боку дзяржавы - з'яўленні новых цікавых ідэй, новых цікавых праектаў. Мы звернем большую ўвагу на пытанні эстэтычнай адукацыі, на павышэнне ўзроўню адукацыйнага працэсу ў нашых ВНУ: Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі, Універсітэце культуры і мастацтваў. Спадзяюся, што пачнём рэалізоўваць падыход па стажыроўках нашых перспектыўных студэнтаў у лепшых навучальных установах Еўропы.

У планах 2011-га - праца над праектам праграмы, што была падтрымана Кіраўніком дзяржавы, пад назвай "Замкі Беларусі", дзякуючы якой мы мяркуем у бліжэйшыя гады аднавіць 21 аб'ект абарончага дойлідства на нашай зямлі. Словы аб гэтай падтрымцы прагучалі ў час адкрыцця ў 2010 годзе Мірскага замка, што перадасць эстафету адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Гэтая падзея стане адной з цэнтральных у надышоўшым 2011 годзе. Нашы помнікі - фундамент мінулага, які акрэслівае ўзровень развіцця нацыі. І наш абавязак - аднавіць іх для сённяшняга і будучага.

- І напрыканцы нашай размовы ў гэтыя святочныя дні...

- ...Хацелася б сказаць: за вашу шчырасць, неабыякавасць, за тое, што вы робіце для нашай культуры, - дабрабыту, шчасця і здароўя, шаноўныя калегі!

Л.К.

Фота Юрыя ІВАНОВА