Паціна

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Таямніца каралінскага лабірынта. Сінопсіс поўнаметражнага мастацкага фільма

/i/content/pi/cult/303/5156/23-1.jpg

 Пытанне пра тое, якім павінна стаць беларускае кіно, каб заваяваць сваю нішу ў сэрцах гледачоў, захаваўшы, у той самы час, нацыянальную адметнасць, гучыць ужо не адзін год. Дыскусіі на гэты конт неаднаразова ўспыхвалі і пад час нашых рэдакцыйных планёрак. Прычым меркаванні адрозніваліся хіба што ў дэталях. І вось, перад самым Новым годам, прагучала слушная прапанова: не абмяркоўваць гэтую тэму агулам і "ў тэорыі", а - аформіць сваё бачанне ў выглядзе канкрэтнага "прадукту" (ці, прынамсі, "паўфабрыкату" для рэжысёра). Ідэя была адразу падтрымана і ўвасоблена ў цэлы тыдзень калектыўнай творчасці ў вольны ад працы час.

Для нас не паўставала пытання, куды змясціць герояў фільма - у беларускую мінуўшчыну або сучаснасць (а яно, пагадзіцеся, абмяркоўваецца сёння досыць востра). Бо сама гэтая семантычная адлегласць паміж жупаном ды джынсамі можа быць плённай нівай для творчасці, дапамагаючы выбудоўваць тыя масткі ў часе, без якіх, паводле вядомай ісціны, не будзе і прышласці. Таму ідэю паралельнага дзеяння ў двух вымярэннях наш творчы калектыў ухваліў аднагалосна, вызначыўшы, разам з тым, і жанр стужкі - містычныя прыгоды з элементамі трылера.

 А галоўным месцам дзеяння нязнятага пакуль фільма была без дыскусій абрана закінутая шляхецкая сядзіба: прастора, якая нібы завісла паміж мінулым і будучым, - праекцыі тут магчымыя ў абодва бакі. І несумненна, што адраджэнне старых муроў - гэта не проста будаўнічыя работы: яно шчыльна знітавана з унутраным адраджэннем чалавека, яго асабістым усведамленнем сваіх гістарычных каранёў.

Дзейныя асобы:

Галоўныя ролі:

1. Алесь, 25 гадоў, - выпускнік Акадэміі мастацтваў, пачынаючы рэжысёр;

2. Хрысціна, 20 гадоў, - артменеджар агенцтва па арганізацыі святаў;

 3. Ганна-Марыя Караліна, 20 гадоў,- дачка заможнага шляхціча з роду Бусліцкіх-Мярэцкіх;

4. Францішак, 25 гадоў,- мастак, які нядаўна вярнуўся з навучання ў Італіі.

Ролі другога плана:

 1. Базыль, 80 гадоў,- вясковец, лекар, пчаляр, садоўнік у трэцім пакаленні;

 2. Вадзім Георгіевіч, 50 гадоў,- бізнесмен, бацька Хрысціны;

3. Артур, 35 гадоў, - партнёр Вадзіма Георгіевіча, жаніх Хрысціны;

 4. Казімір Бусліцкі-Мярэцкі, 50 гадоў, - бацька Ганны-Марыі Караліны, уладальнік Каралінскага палаца.

Эпізадычныя ролі:

1. Віктар Пятровіч - выкладчык рэжысуры кіно ў Акадэміі мастацтваў, навуковы кіраўнік дыпломнай працы Алеся;

 2. Сяргей - спецыяліст па нерухомасці;

3. Іван Нічыпаравіч - галоўны спецыяліст па справах з нерухомасцю райвыканкама;

 4. Стэфан - садоўнік, продак Базыля, які служыў пры Казіміры Бусліцкім-Мярэцкім;

5. Вясковец з Каралёў і іншыя.

 Эпізоды

1. Будынак Акадэміі мастацтваў, перадсесійная мітусня. Віктар Пятровіч нагадвае Алесю пра тое, што тэрмін здачы дыпломнай працы ўжо набліжаецца. Алесь абяцае здаць яе своечасова.

2. Алесь сядзіць у кавярні ў кампаніі сяброў. Пачуўшы пытанне "Як ідзе праца над фільмам?", няўпэўнена ўхіляецца ад адказу, а потым прызнаецца, што ў яго пакуль няма нават ідэі стужкі: маўляў, творчы крызіс.

3. Алесь у Нацыянальнай бібліятэцы. У чытальнай зале выпадкова сутыкаецца з чалавекам, які трымае стос старых кніг. Кнігі валяцца на падлогу. Выбачыўшыся, Алесь дапамагае навукоўцу сабраць іх. Адна з кніг выпадкова раскрылася на старадаўняй карце. Камера фіксуе надпіс "Каралі". Алесь у задуменні.

4. Хрысціна ў сваім пакоі глядзіць музычны канал. У праграме распавядаецца пра забавы замежных зорак шоў-бізнесу. Нейкая спявачка красуецца ля сваёй вілы, а потым прыгожа ўскоквае на каня. Хрысціна зрываецца з канапы, бяжыць у суседні пакой да бацькі. Нагадвае пра сваю мару і блізкі дзень нараджэння.

Бацька адгаворвае яе, шукаючы рацыянальныя довады: "А дзе ты будзеш займацца верхавой яздой?", "А дзе трымаць каня?". Хрысціна ў адказ прапаноўвае знайсці прыгожае зацішнае месца далёка ад горада для стайні і выездаў: каб атрымаць не толькі каня, але і вілу.

 Вадзім Георгіевіч пагаджаецца без асаблівага энтузіязму. Хрысціна кажа, што заўтра ж выправіцца на пошукі прыдатнага ўчастка.

5. Аўтастрада. Алесь імчыць на матацыкле. З лёгкай пагардай і дзікім рокатам абганяе "жук", якім кіруе Хрысціна.

6. Алесь збочвае на запраўку, устаўляе "пісталет" у бак і ідзе расплачвацца. У гэты час непадалёк прыпынілася Хрысціна. Яна бачыць, што вольных калонак няма. Выцягвае "пісталет" з матацыкла і запраўляе сваю машыну. Алесь рэагуе на гэтае нахабства жартам. Хрысціна фанабэрыста кладзе на багажнік матацыкла грошы і ад'язджае.

7. Дарогу "жуку" перагароджвае статак кароў. Імкнучыся яго аб'ехаць, Хрысціна збочвае ў кювет.

Алесь спыняецца непадалёк і прапануе дзяўчыне дапамогу. Затым спыняе трактар, які ехаў міма, і дапамагае выцягнуць "жук", суправаджаючы гэта нязлоснымі кпінамі. Сядае на матацыкл і працягвае шлях.

 8. Алесь трапляе ў вёску Каралі. Спыняецца ля ўваходу ў старадаўні палацавы парк. Сустракае мясцовага жыхара - дзеда Базыля. Пытае дазволу пажыць у яго некалькі дзён. Базыль запрашае Алеся да сябе ў хату на гарбату.

 9. За сталом яны разгаварыліся. Алесь распавядае, што прыехаў сюды ў пошуках натхнення. Базыль глядзіць на яго з добрай усмешкай.

10. Выйшаўшы з машыны, Хрысціна аглядае ўчастак зямлі. Тэлефануе бацьку, кажа, што гэтае месца ёй не падабаецца, і яна будзе працягваць пошукі яшчэ некалькі дзён.

 11. Алесь шпацыруе па парку з відэакамерай. Потым сядае на прыступкі закінутага флігеля, каб прагледзець здымкі на ноўтбуку. Раптам на экране на імгненне з'яўляецца дзяўчына ў старадаўняй вопратцы.

12. Алесь ідзе да палаца па старых прысадах і здалёк чуе гукі паланэза. Ён выходзіць на партэр і замест руін бачыць дагледжаны будынак ва ўсёй яго велічы. Ля яго нязмушана шпацыруюць людзі, апранутыя ў строі XVIII стагоддзя.

Палац рыхтуецца да нейкай урачыстасці, усе яго жыхары знаходзяцца ва ўзрушаным стане. У цэнтры ўвагі- прыгожая дзяўчына. Яна пазіруе мастаку, які робіць яе парадны партрэт. Побач бацька Ганны-Марыі- Казімір Бусліцкі-Мярэцкі. З дыялогаў глядач даведваецца пра хуткае вяселле дзяўчыны, а з яе інтанацый - пра тое, што шлюб - не па каханні.

Як толькі бацька выходзіць з пакоя, дзяўчына становіцца куды больш разняволенай. Гутарачы з мастаком, яна з сумнай усмешкай прыгадвае былыя часы. Выяўляецца, што ў дзяцінстве, да таго часу, калі Францішак выправіўся на вучобу ў Італію, яны былі сябрамі.

 13. Раніца. Базыль будзіць Алеся на руінах. Прачнуўшыся, хлопец распытвае старога пра былых уладароў палаца. Базыль у некалькіх словах распавядае пра Бусліцкіх-Мярэцкіх, і, каб змяніць тэму, прапаноўвае Алесю акунуцца ў возера. Той, канчаткова адрынуўшы відзежы, пагаджаецца.

 14. У Каралі прыязджае Хрысціна. Яна прыдзірліва аглядае краявіды, робіць здымкі на мабільны тэлефон. Ёй тут падабаецца. Падыходзіць бліжэй да возера, дзе стаіць хутар Базыля. Раптам у яе відашукальнік трапляе Алесь, які, не чакаючы раптоўных сведкаў, пайшоў купацца аголены. Яна пасміхаецца і працягвае здымкі.

 Хрысціна знянацку чуе шум за спіной. Да яе падыходзіць дзед Базыль, прастадушна вітаецца. Адбываецца непрацяглы дыялог. Хрысціна кпіць з гэтага вяскоўца, выяўляючы сваю гарадскую фанабэрлівасць. Той, аднак, таксама не пазбаўлены пачуцця гумару.

Раптам да Хрысціны з шыпеннем падыходзіць гусак і пачынае з цікавасцю мацаць дзюбай яе модную "лахматую" спадніцу. Дзяўчына спалохалася не на жарт. У разгубленасці яна выхоплівае з сумкі флакон французскай парфумы і пырскае ў дзюбу гусаку. На крыкі Хрысціны з'яўляецца Алесь і падкідвае пару жартаўлівых слоўцаў.

У адказ раз'юшаная Хрысціна абвяшчае: "Заўтра гэтая зямля будзе маёй!" - і з'язджае.

15. Алесь зноў працуе над сцэнарыем у парку ля палаца. Ён набірае імя "Бусліцкія-Мярэцкія" ў інтэрнэтпошукавіку. Атрымлівае кароткую інфармацыю пра стары знакаміты шляхецкі род, з якім звязана нейкая таямнічая і напаўлегендарная гісторыя. Алесь пачынае рабіць накіды сцэнарыя фільма.

16. Офіс Вадзіма Георгіевіча. Хрысціна, яе бацька і спецыяліст па нерухомасці абмяркоўваюць магчымасць набыцця зямлі ў Каралях. Спецыяліст тлумачыць, што палац пакуль не ўключаны ў ахоўчы спіс, і таму з камяніцай можна рабіць усё, што заўгодна. Абмяркоўваюцца эскізныя праекты будучай вілы - у стылі хай-тэк. Гучыць фраза: "Гэтае месца вы хутка не пазнаеце".

17. Алесь робіць здымкі палаца. І раптам бачыць на экране камеры дзівосныя відзежы.

Таемная сустрэча Ганны-Марыі і Францішка ў парку. Мастак, прызнаўшыся ў сваіх пачуццях, дорыць каханай кулон з яе партрэтам - не парадным і напышлівым, але жывым. Дзяўчына цалуе Францішка. Ён бярэ яе на рукі і нясе ў гушчары парку.

Раптам камера зноў паказвае рэальнасць: недагледжаныя алеі, гушчары парку...

 Хлопец бачыць Базыля, які збірае зёлкі. Распытвае старога пра мінуўшчыну. Высвятляецца, што продак Базыля - Стэфан - служыў садоўнікам пры Казіміры БусліцкімМярэцкім. Базыль расказвае сцісла гісторыю Ганны-Марыі, адзначыўшы, што яе каханне скончылася трагічна, бо Францішак загінуў у падземным лабірынце. Базыль распавядае, што лабірынт, паводле чутак, праходзіць пад палацам і возерам, але ўжо многія гады ніхто не можа знайсці ўваход у яго.

(Працяг будзе.)

Сцэнарная група - Людміла КРУШЫНСКАЯ,

Ілля СВІРЫН,

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ,

 Кастусь АНТАНОВІЧ,

 Антон СІДАРЭНКА