Пасля размеркавання: жыццё ўжо скончана ці толькі пачынаецца?

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Сітуацыю з размеркаваннем выпускнікоў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі лепей за ўсё адлюстроўвае статыстыка: на 167 маладых спецыялістаў было ажно 250 заявак. Ці ж гэта не сведчанне запатрабаванасці музыкантаў? Пры гэтым за межы Мінска паедзе працаваць каля 40 працэнтаў выпускнікоў. “Нават меней за палову?!” — здзіўлена скажа нехта. Але, па-першае, кожная спецыяльнасць мае сваю спецыфіку. Падругое, па якім раздзеле статыстыкі — у Мінску ці за яго межамі — улічваць тых выпускнікоў, хто размеркаваны ў вядучыя дзяржаўныя творчыя калектывы? У складзе хораў і аркестраў яны будуць выступаць па ўсёй Беларусі, абслугоўваючы, у тым ліку і сельскае, насельніцтва. Што ж да тых, хто пасля заканчэння гэтай навучальнай установы змяніў бы спецыяльнасць, забыўшыся, як гэта часам здараецца ў іншых ВНУ, на ўсё, чаму яго вучылі, дык гэта папраўдзе нонсэнс. І калі здаралася такое ў мінулае дзесяцігоддзе, дык заўсёды было вялікай душэўнай траўмай для самога “здрадніка”: надта многа ўласных намаганняў аддадзена прафесіі акадэмічнага музыканта, любоў да якой правяраецца з дзяцінства.

— Вынікі сёлетняга размеркавання, — гаворыць рэктар акадэміі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Аляксандр РАШЧУПКІН, — трэба лічыць станоўчымі. Адбыліся першыя выпускі ў філіялах нашых кафедр у Брэсце (там зараз 8 выпускнікоў) і Гродне (там іх 7). Маладыя спецыялісты былі не толькі пакінуты ў гэтых абласных цэнтрах, але і накіраваны ў Жабінку, Ліду, дзе раней існавалі кадравыя праблемы. Далучыце сюды 16 сёлетніх выпускнікоў Магілёўскага філіяла, які больш як за дзесяцігоддзе свайго існавання даказаў слушнасць сеткі абласных філіялаў: сёння гэты рэгіён практычна цалкам забяспечаны неабходнымі кадрамі. Да таго ж, ёсць магчымасць на месцы вырашаць, якая са спецыяльнасцей тут больш патрэбна, і ў адпаведнасці з гэтым карэкціраваць прыём па тых ці іншых напрамках. Такім чынам, філіялы далі сёлета 31 маладога спецыяліста. Наступным годам адбудуцца першыя выпускі ў Віцебскім і Гомельскім філіялах. Жыццё даказала, што гэта правільны шлях.
— Якія музычныя спецыяльнасці зараз самыя запатрабаваныя?
— Мабыць, фартэпіяна і гітара. Да прыкладу, на 30 студэнтаў-піяністаў было 50 заявак: добрыя канцэртмайстры, якія з лёгкасцю выконваюць “партыю аркестра” ў творах любой складанасці і пры гэтым псіхалагічна падтрымліваюць салістаў, а часам могуць замяніць нават выкладчыка ці педагога-рэпецітара, заўсёды на вагу золата. Але і іншыя спецыяльнасці карыстаюцца не меншым попытам. Амаль у два разы было болей заявак на музыказнаўцаў, якіх чакаюць у музычных вучылішчах і дзіцячых музычных школах. Тое ж самае — з драўлянымі духавымі інструментамі, крыху меншы разрыў паміж попытам і прапановай у групе медных духавых. Шмат заявак было і на скрыпачоў. У выніку вольныя дыпломы атрымалі не больш за дзесятак студэнтаў: хтосьці з маленькім дзіцем, хтосьці — па медыцынскіх паказальніках. Але кожны такі выпадак разглядаецца асобна, робіцца ўсё магчымае, каб працаўладкаванне не перашкодзіла сямейным стасункам. Ужо сёння магу запэўніць: да пачатку новага сезона будуць працаўладкаваны ўсе — па месцы жыхарства сям’і. Увогуле, калі раней многія марылі пра вольны дыплом, дык сёння назіраюцца супрацьлеглыя тэндэнцыі: нават той, хто мае ўсе падставы для яго атрымання, імкнецца працаўладкавацца менавіта па размеркаванні. Прывяду і такі прыклад. Двое студэнтаў з Расіі, якія атрымлівалі ў нас бясплатную адукацыю і мелі від на жыхарства, таксама вырашылі застацца працаваць у Беларусі — і былі ўладкаваны на роўных з беларускімі выпускнікамі.
— Ды і месцы працы, як я пагляджу, прэстыжныя: салістамі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь, артыстамі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, канцэртмайстрамі, педагогамі— у Педагагічны універсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Рэспубліканскі каледж пры Акадэміі музыкі, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж...
— Гэта, у асноўным, імянныя размеркаванні. Той жа Юрый Гарадзецкі яшчэ падчас вучобы, праходзячы стажыроўку ў Беларускай оперы, стаў прызнаным салістам, прыцягнуў увагу не толькі спецыялістаў, але і шырокай публікі. Тое ж і з астатнімі. І гэта правільна! Бо калі мы сваімі музыкантамі экстракласа не будзем у першую чаргу ўкамплектоўваць лепшыя прафесійныя калектывы, што робяць гонар усёй краіне, а замест іх пачнём запрашаць адно замежных музыкантаў — гэта і будзе разбазарванне дзяржаўных грошай.
— Дык што, у тыя ж дзіцячыя школы мастацтваў, музычныя школы не след накіроўваць выпускнікоў акадэміі: маўляў, не іх гэта ўзровень?
— Наконт гэтага даўно ўжо вядуцца спрэчкі. І не толькі намі. Бо выкладаць у такіх навучальных установах маюць права выпускнікі іншых ВНУ і тых жа музычных вучылішчаў. Але я не пагадзіўся б, што пачатковае музычнае навучанне — гэта зусім не наша сфера. Паглядзіце на пачатковае навучанне ў звычайных школах: настаўнікамі малодшых класаў ідуць працаваць дыпламаваныя спецыялісты, якія маюць за плячыма вышэйшую адукацыю, ды не абы-якую, а профільную. Пачатковае ж музычнае навучанне — справа яшчэ больш тонкая, чым чытанне, пісьмо, складанне-адыманне. Для музыканта пастаноўка рук, голасу, вуснаў — гэта лёс на ўсё жыццё. Колькі педагогам тых жа музычных вучылішчаў дый самой акадэміі даводзіцца выпраўляцьагрэхі навучання! У Акадэміі мастацтваў, наколькі мне вядома, часам больш ахвотна прымаюць адораных абітурыентаў без усялякага тэатральнага вопыту, чым з няправільнай школай: навучыць “з чыстага ліста” звычайна прасцей, чым перарабіць, перавучыць нанова. Таму сёння ўжо можна вылучыць па рэспубліцы дзіцячыя музычныя школы з добрымі традыцыямі, дзе само слова “школа” разумеюць у больш шырокім сэнсе. І гэта адразу заўважна на тых жа конкурсах: выходзіць нікому невядомае дзіця, пачынае іграць, — і спрактыкаванае вуха спецыяліста адразу “вылічвае”, у каго ён вучыўся: у звычайнага настаўніка ці ў нашага выпускніка. Так што гэта тэндэнцыя часу: да маленькіх музыкантаў павінны прыходзіць вялікія прафесіяналы— з высокім узроўнем культуры, эрудыцыі, што і забяспечвае наша акадэмія.
— Талент нараджаецца незалежна ад месца. Існуе нават навуковая тэорыя, што адораныя дзеці пры нараджэнні раўнамерна “размяркоўваюцца” па планеце. Іншая справа, што ў гарадах іх будзе болей — з-за большай шчыльнасці насельніцтва і большых магчымасцей для творчай рэалізацыі.
— Калі гаварыць пра аграгарадкі, — у размову ўключыўся першы прарэктар БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Юрый ЗЛАТКОЎСКІ, — то ў большасці там пакуль патрэбны спецыялісты іншай галіны. Для нашых жа выпускнікоў там сфера дзейнасці можа быць у дзіцячых музычных школах і школах мастацтваў, добра забяспечаных інструментарыем і матэрыяльнай базай. Добрымі спецыялістамі таксама нельга раскідвацца, трэба глядзець, дзе яны прынясуць большую карысць. Аднак паглядзіце: ва ўсім свеце творцы імкнуцца змяніць урбанізаваны пейзаж на прыродныя краявіды. Бо пры цяперашніх сродках тэхнічнай аснашчанасці “перыферыі” ў яе ранейшым сэнсе не існуе: дзякуючы інтэрнету даступнай становіцца любая інфармацыя, якую раней можна было здабыць толькі ў “культурным цэнтры”, а свабода перамяшчэння дазваляе наведаць любую тэатральную ці музычную прэм’еру. Мабыць, будучыня аграгарадкоў таксама ў гэтым? Бо галоўнае для спецыяліста, калі ён прыязджае на новае месца працы, — добрыя жыллёвыя ўмовы (не проста службовае жытло, а магчымасць мець сваё ўласнае) і шырокая рэалізацыя сваіх творчых памкненняў. Невыпадкова ж з’явілася прымаўка: “Лепей быць першым у вёсцы, чым апошнім у Рыме”.
— Але ж перш, чым стаць у гэтай “вёсцы” першым, да яе трэба хаця б даехаць! Звычайна большасць нараканняў на маладых спецыялістаў узнікае менавіта таму, што яны “губляюцца” па дарозе да месца працы. Праўда, пры гэтым большасць тых “згубленых” проста працягвае далейшую адукацыю — у магістратуры, асістэнтуры-стажыроўцы, аспірантуры.
— Сапраўды так, — адказала прарэктар па навуковай рабоце, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчыца кафедры тэорыі музыкі Кацярына ДУЛАВА. — Але паслядыпломная адукацыя вельмі важная для фарміравання навуковага патэнцыялу краіны. Заўважу пры гэтым, што яна ніколі не была і не будзе масавай. А без яе мы рызыкуем страціць усё, назапашанае раней, — тое, што складае нацыянальную школу. Канцэпцыя паслядыпломнай адукацыі развіваецца па некалькіх напрамках. Найперш — навуковы, які збірае моладзь, што паспела ўжо выявіць свае даследчыцкія здольнасці. Другі напрамак — педагагічны, які дазваляе ўдасканальваць выкладчыцкую кваліфікацыю, ствараць новыя методыкі навучання. Ёсць у нас і музыканты-выканаўцы, што ўжо студэнтамі ўнеслі вялікі ўклад у нацыянальную культуру, праславілі нашу краіну далёка за яе межамі— на тых жа міжнародных конкурсах. Яны таксама павінны мець магчымасць далейшага ўдасканальвання свайго майстэрства — у той жа асістэнтуры-стажыроўцы, прававая аснова якой зараз распрацоўваецца на дзяржаўным узроўні. Гэта форма адукацыі ў чымсьці блізкая да ардынатуры пры падрыхтоўцы медыкаў: тыя маюць магчымасць працаваць пад кіраўніцтвам вядучых спецыялістаў сваёй галіны — і лепшыя музыканты-выканаўцы таксама павінны працягваць непарыўную адукацыю, якая, нагадаю, пачынаецца ў іх літаральна з чатырохгадовага ўзросту. За час такой паслядыпломнай адукацыі яны павінны падрыхтаваць тры сольныя канцэртныя праграмы, напісаць метадычную працу, што дасць ім магчымасць надалей стаць педагогамі вышэйшага звяна. Гэта — рэзерв нашых цяперашніх кадраў, аснова трываласці і далейшага развіцця лепшых нацыянальных выканальніцкіх традыцый.Варта толькі згадаць тых, хто, як мы спадзяёмся, будзе паступаць сёлета ў магістратуру. Сярод іх такія знакамітыя ў Беларусі і за яе межамі віртуозы, як піяніст Аляксандр Музыкантаў, выканаўца на домры і мандаліне Наталля Корсак (дарэчы, яны размеркаваны ў нашу філармонію), скрыпач Арцём Шышкоў (ён атрымаў размеркаванне ў Рэспубліканскі каледж пры акадэміі, які сам калісьці скончыў).
— Але ў чым усё ж такі прычына, на ваш погляд, сёлетняга даволі “спакойнага” размеркавання? У мінулыя гады, здаралася, пад дзвярыма камісіі ўзнікала нервовая атмасфера, часам ледзь не кожны другі выходзіў са слязьмі на вачах, нават істэрыкі былі…
— Вялікую працу,— пачула я ад першага прарэктара Ю.Златкоўскага, правялі дэканы факультэтаў. Прычым не ў апошні дзень, а на працягу ўсяго года яны збіралі заяўкі, класіфікавалі іх, падрабязна аналізавалі кожную. Сустракаліся са студэнтамі, праводзілі гутаркі — не проста “займаліся агітацыяй ды прапагандай”, а імкнуліся рэальна зрабіць так, каб і выпускнікі і працадаўцы былі ўзаемна задаволены. Выпускнікі маглі нават наведаць сваё будучае месца працы — як кажуць, агледзецца, пазнаёміцца. У выніку практычна кожны, паўстаўшы перад камісіяй па размеркаванні, ужо ўсё вырашыў, узважыў, абмеркаваў, а не тыкаў пальцам у спіс — маўляў, куды патраплю, туды і паеду.
Пасля гэткага прызнання я накіравалася да дэкана вакальна-харавога факультэта, дацэнта Валерыя АЎРАМЕНКІ. Тым больш, што летась у вакалістаў былі праблемы з размеркаваннем: спяваць хочуць усе, конкурс на гэтую спецыяльнасць куды большы, чым на іншыя, а з працаўладкаваннем — усё наадварот.
— Добрыя спецыялісты, — сказаў Валерый Лявонцьевіч, — паўсюль запатрабаваныя. І тое, што ўсе імкнуцца любымі спосабамі застацца ў Мінску, хай і без працы па спецыяльнасці, — таксама міф. Сёлета, да прыкладу, наш вакаліст Станіслаў Міхалькевіч паедзе ў Мазыр. І там у яго — папраўдзе шырокае поле дзейнасці. Ён зможа займацца пастаноўкай голасу і са студэнтамі музычна-педагагічнага факультэта Мазырскага універсітэта, і з навучэнцамі Мазырскага музычнага вучылішча. Да таго ж, сам ён вучылішча заканчваў як баяніст, таму зможа быць выкладчыкам ігры на баяне ў тамтэйшай дзіцячай музычнай школе. Жонка яго родам з Нароўлі, што знаходзіцца літаральна за 10 кіламетраў ад Мазыра. Дык чым дрэнна? У тым жа Мінску пераезды па горадзе больш адлеглыя бываюць, ды яшчэ пастаянныя “пробкі” на дарогах — звычайная праблема ўсіх мегаполісаў. Зараз высвятляецца, што ў яго будзе з жытлом. І калі ўсё добра, дык чаго яшчэ жадаць?
— Няўжо і сапраўды ўсё так “бязвоблачна”?
— Чаму ж? Асабіста мне крыўдна за Ганну Пісараву. З яе магла б атрымацца салістка нашага музычнага тэатра, бо ўсё пры ёй — цудоўнае каларатурнае сапрана, выдатная сцэнічная знешнасць, артыстызм, якому можна толькі пазайздросціць. Але не пашанцавала: там зараз няма вакансій. Размеркавалі яе ў Смаргонскую школу мастацтваў. Можа, і няблага, але ёсць прыроджаныя педагогі — і гэткія ж прыроджаныя артысты, чый абавязак (а не толькі ўласная прыхамаць) — спяваць, удасканальваць сваё майстэрства, пакуль не забыліся на ўсё, чаму іх навучылі. А іначай — дарэмна вучылі! Не, не дарэмна. Бо лёс кожнага выпускніка вызначаецца не толькі яго першым месцам працы, але і ўсімі яго далейшымі ініцыятывамі, уласным імкненнем да максімальнай творчай рэалізацыі, а не толькі чаканнем, калі ж, нарэшце, тыя ўмовы з’явяцца.

Надзея БУНЦЭВІЧ