“Амплітуда” Варгіна

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Калі князь — дык не Мышкін!

/i/content/pi/cult/302/5146/12-2.jpg

Напярэдадні Новага года паліцы беларускіх крамаў запаўняюць сувеніры з выявамі сімвалаў наступаючага года паводле ўсходніх гараскопаў. Сёлета героем кірмашоў стаў вобраз... ката.

У традыцыйных беларускіх магічных рытуалах і прыкметах кату надаецца істотнае месца. Шэраг магічных дзеянняў звязаны з кацянятамі. На месца, адкуль узялі кацяня або ката, трэба было кінуць іголку або штосьці вострае - каб зубы, кіпцюры, нюх жывёлы былі вострымі. Гэта - класічны прыклад імітацыйнай (востры прадмет - вострыя кіпцюры і нюх) і кантактнай (кантакт прадмета з месцам, дзе знаходзілася істота) магіі. Калі нованабытае кацянё неслі дадому, трэба было як мага мацней трымацца за розныя прадметы - збрую, калёсы, сваю адзежу,- каб кот пасля гэтак жа хапаў здабычу. Маленькіх катоў трэба было зваць князямі або князькамі- і ні ў якім разе не кацянятамі ці, асабліва, мышамі, паколькі ў гэтым выпадку іх з'ядуць іншыя кошкі.

 У адпаведнасці са свабодалюбным характарам ката знаходзіцца і шэраг магічных загадаў, мэта якіх - утрымаць гэтую жывёліну ў хаце. Для гэтага патрабавалася працягнуць яе за вушы па хаце тры разы, абвесці кавалачкам сала вакол пячнога слупа або хлеба вакол галавы і даць яго з'есці кату, памазаць яму лапкі алеем або смятанай, адрэзаць валасы на кончыку хваста і кінуць у ямку на двары.

Народная традыцыя загадвала асцярожны зварот з кацінымі вусамі, справядліва лічачы, што асноўны нюх жывёліны канцэнтруецца менавіта ў іх, таму вусы было забаронена стрыгчы або падсмальваць. У ката нельга забіраць злоўленай мышы, нават перашкаджаць яму гуляць з ахвярай палявання, паколькі ён не будзе больш драпежным. Прысутнасць ката ў хаце звязана з дабрабытам сям'і, яе здароўем: калі ён сыходзіць да іншага гаспадара, гэта абяцае няшчасце пакінутай хаце, але можа прадвясціць і блізкае замужжа. У сваю чаргу, кот, які прыбіўся да хаты, асаб/i/content/pi/cult/302/5146/12-1.jpgліва дарослы і вялікі, прадвяшчае павелічэнне дабрабыту.

Паводзіны ката былі адным з галоўных у хаце прадвесцем гасцей: пра гэта сведчыла тое, што ён мыецца. У далейшым характар гасцей прадбачыўся па магічным прынцыпе: падобнае спараджае падобнае. Напрыклад, калі мыццё адбывалася на падлозе, то госці - малазнаёмыя людзі, калі на культава-сімвалічных месцах, напрыклад, печы, - людзі блізкія; накірунак, у якім ляжаў кот, адпавядаў накірунку прыходу гасцей, а "амплітуда" руху лапкі - аб тым, ці хутка яны прыйдуць. Таксама можна было вызначыць пол гасцей, для чаго ката трэба было пакласці на парог і глядзець, куды ён пойдзе: калі да печы - то ідзе жанчына, да стала - мужчына. Вызначалася, прыйдзе ці прыедзе госць - для гэтага ката, які мыецца, перакручвалі некалькі разоў і ставілі на падлогу: калі ён застаецца на месцы або марудна ідзе - госць пешы, калі пабяжыць - конны.

Кот з яго дзіўнай адчувальнасцю служыў і своеасаблівым традыцыйным "барометрам" для прадказання надвор'я. Пошук катом цёплых месцаў быў прадвесцем халадоў: ён імкнуўся забрацца на печ, нават у печ і комін, там ляжаў, згарнуўшыся клубком, прыкрыўшы нос лапай. Аналагічна, калі надвор'е ішло да пацяплення, то кот выходзіў у мароз на двор, ляжаў на халоднай падлозе. Гэтак жа, па прынцыпе аналогіі, дзякуючы кату вызначалі і іншыя характарыстыкі надвор'я: да дажджу ён улетку скрабе кіпцюрамі па падлозе, ходзіць па плоце, даху, п'е шмат вады, есць траву; качанне жывёліны па зямлі прадвяшчае змену надвор'я.

У Беларусі меўся і каціны кароль Варгін, які спалучаў тыповыя рысы: мог нечакана з'яўляцца і знікаць, сваімі паводзінамі ўплываць на здароўе гаспадароў. Яго змрочныя прыгоды і іх фатальныя для людзей наступствы апісаў Ян Баршчэўскі ў славутым рамане "Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях".

 Як сведчанне старажытнага шанавання ката на Каляды існаваў (а, зрэшты, і захаваўся сям-там да нашых дзён) звязаны з ім гульнявы рытуал. Моладзь рабіла з цеста, сала і каўбасы фігуру ката (хвост быў каўбасны) і вешала яе пасярод пакоя. Затым патрабавалася па чарзе зубамі дацягнуцца да "ката". Пры гэтым галоўным было - не смяяцца, хоць усе імкнуліся рассмяшыць галоўнага ўдзельніка. Таму, хто не вытрымліваў, вымазвалі твар сажай і спынялі яго спробу. У выпадку паспяховага праходжання выпрабавання смехам, быў шанц з'есці кавалачак "ката". Калі хто-небудзь зрываў яго цалкам, усе сядалі за стол і дзялілі пароўну ежу; затым было працяглае застолле з танцамі.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук