Тэмперамент для героя

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Поспех і… псіхатып: выбраць найлепшага

/i/content/pi/cult/302/5145/12-3.jpg

 У дыскусіі пра тое, чым жа, у першую чаргу, з'яўляецца кіно- мастацтвам або вытворчасцю, - ХХІ стагоддзе ўнесла дадатковыя карэктывы. Наколькі будучае таго або іншага фільма можа залежаць ад псіхатыпаў яго стваральнікаў і ці магчыма вылічыць "сярэдняе арыфметычнае" поспеху? Пра гэта і не толькі мы размаўляем з доктарам філасофскіх навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргеем АНУПРЫЕНКАМ.

- Сяргей Пятровіч, сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што тыя або іншыя задаткі чалавека наўпрост звязаны з яго тэмпераментам, асаблівасцямі псіхатыпу. Ды ўсё ж наколькі слушна падыходзіць з гэткімі крытэрыямі да людзей творчых прафесій?

- Падзел людзей на пэўныя тэмпераментальныя групы не трэба ўспрымаць як нейкія жорсткія рамкі. Мы адрозніваемся адно ад аднаго не толькі, скажам, знешнімі данымі, голасам, але і тым, наколькі па-рознаму ўспрымаем і ацэньваем навакольныя падзеі, з'явы. Адным з немалаважных параметраў выступае дата нараджэння.

 - Атрымліваецца, у пэўныя перыяды года нараджаюцца людзі таго або іншага канкрэтнага псіхатыпу?

 - Зусім не - не трэба шукаць паралелей з астралогіяй! Гаворка - пра тое, што ў пэўныя перыяды ў людзей ярчэй праяўляюць сябе тыя або іншыя рысы тэмпераменту, а калі яны дамінуюць у характары, то такі перыяд становіцца надзвычай плённым для рэалізацыі іх творчых магчымасцей. У свой час яшчэ знакаміты фізік Эрнст Рэзерфорд сказаў: не трэба ісці супраць прыроды - лепей прыслухацца і падпарадкавацца яе законам. І калі казаць пра кіно, нельга недаацэньваць таго, наколькі ўдала той або іншы матэрыял трапляе на характар і псіхатып самога акцёра, што і дае магчымасць апошняму напоўніцу выявіць уласныя творчыя здольнасці. Магчыма, каб яму давялося працаваць з іншай роляй, далёкай ад асаблівасцей яго асобы, ніхто яго акцёрскага таленту і не заўважыў бы.

- Іншымі словамі, калі акцёрскі псіхатып супадае з псіхатыпам персанажа - здараецца творчы поспех?

- Як правіла. Постмадэрнісцкая стылістыка ў кіно вельмі часта прапануе разглядаць персанажа як своеасаблівую частку нейкай абстрактнай кампазіцыі. Але я бачу будучае за традыцыйным мастацтвам, якое выяўляе сутнасць чалавечай душы, яе перажыванні- усё тое, што адпавядае яе прыроднаму духу, а значыць- псіхолага-фізіялагічным асаблівасцям.

- Давайце дэталізуем гэтыя разважанні.

- Прапаную пачаць з меланхалічнага тыпу, які ўвасабляе сабой пэўныя сумненні, роздумы, пошукі сябе. Для яго характэрна не рэзкасць, а пэўная "акварэльнасць", нярэдка - з водарам настальгіі па ўласных нявыкананых задачах...

 - Такіх персанажаў вельмі любіць інтэлектуальны глядач...

 - А чаму? Таму што акцёрам з адпаведным псіхатыпам удаецца вельмі тонка і дакладна перадаваць разнастайныя нюансы характару, ствараючы складаныя, шматпланавыя вобразы. І, думаю, такі персанаж у выніку цікавы не толькі гледачам, але не ў меншай ступені і самім стваральнікам фільмаў. З самых яркіх прадстаўнікоў гэтага тыпу можна назваць Мікалая Кручкова, Надзею Румянцаву - у савецкім кіно, Віктара Тарасава, Генадзя Гарбука - у беларускім. Калі казаць пра сангвіністычны тып, дык яму, у першую чаргу, неабходна дынаміка, рух, які не дасць зацыклівацца на нюансах і дробязях, на залішняй дэталізацыі.

 - Такі тып акцёраў больш падыходзіць для камедыі і экшна?

- Бадай што так. Звычайна прадстаўнікі - мужчыны-прыгажуны і вабныя жанчыны, вытанчаныя эстэты. І калі яны будуць праводзіць увесь экранны час у перажываннях і задуменнасці, глядач не зможа гэтаму да канца паверыць. Бо калі акцёр сангвіністычнага тыпу ў кадры ўвесь час спрачаецца сам з сабой і наракае на ўласны лёс, ён тым самым нібыта "запавольвае" развіццё сюжэта, штучна зацягваючы яго абсалютна не патрэбнай у дадзеным выпадку псіхалогіяй. Любоў Арлова, Леанід Кураўлеў, Яўген Кіндзінаў, а з беларускіх акцёраў Анатоль Кацянёў - яркія прадстаўнікі сангвінікаў. Наступныя - флегматыкі. Ім зусім не пасуе мітуслівасць і залішняе скаканне ў кадры, каскадзёрскія трукі. Яны, хутчэй,- выканаўцы роляў знакавых асоб...

- ...У гістарычных стужках, напрыклад?

 - І не толькі. У сучасных гісторыях таксама выйгрышна выглядаюць ролі, дзе патрабуюцца акцёрская разважлівасць, надзейнасць. Іншымі словамі, гэта - салідныя людзі. І калі глядзець на іх скрозь прызму формулы: "У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу", - то экшн у іхнім выкананні акажацца зусім непераканаўчым. Іх подзвіг- інтэлектуальны. Згадаем тут Міхаіла Жарава, з нашых - Мікалая Яроменку-старэйшага.

- Гэта акцёры для інтэлектуальнага дэтэктыва?

 - У камедыі іх таксама можна сустрэць, але надзвычай рэдка. Для гэтага сама камедыя павінна быць не столькі дынамічная, колькі паслядоўна-сузіральная, так што ўсе персанажы будуць нібыта імкнуцца да галоўнага героя, ствараючы адпаведны фон яго разважанням. Калі ж казаць пра халерыкаў, ім пасуе прама супрацьлеглае, чым флегматыкам, раскручванне сюжэтных ліній: пры наяўнасці пэўнага элементу ўладарнасці яны проста патрабуюць дынамічных сцэн. Гэта можа быць роля самаўлюбёнага рыцара, што заваёўвае жаночыя сэрцы, або амбітнага навукоўца з пэўнай славай.

 - Пярэварацень, скажам, пад гэтае вызначэнне падыходзіць?

 - Чаму ж не? Халерыкі - шмат у чым авантурысты, людзі, якія нечакана для нас могуць у адну хвіліну "ўзарвацца". Сярод такіх асоб - Мікалай Бурляеў, нашы - Галіна Макарава і Уладзімір Гасцюхін. Уся прыведзеная тыпалогія - не проста размовы пра тое, каго куды можна "прыстроіць". Я думаю, што для таго, каб чалавек, які выбірае, скажам, прафесію кінаакцёра, аказаўся ў выніку на сваім месцы, неабходна працаваць з ім з малога ўзросту, раскрываючы ягоную прыроду і аналізуючы, наколькі падобны творчы занятак ёй адпавядае. Зразумела, усе маладыя людзі, якія паступаюць "на акцёраў", лічаць сябе таленавітымі і перспектыўнымі, але ж здараецца, што пры бліжэйшым разглядзе становіцца відавочнай неадпаведнасць выбранай прафесіі ўласнаму псіхатыпу...

- Але ж справа ў тым, што нас са школы вучаць, як устроены чалавечы арганізм з пункта гледжання біялогіі, і практычна не вучаць таму, які ён з пункта гледжання псіхалогіі. І часта, нават па сканчэнні профільнай ВНУ, акцёр "ідзе" "на героя", а згодна з псіхатыпам яму найлепш было б выконваць характары...

 - Тут даюцца ў знакі і амбіцыі чалавека: хто ж па ўласнай волі адмовіцца сыграць Гамлета на карысць якой-кольвек, як вы кажаце, характарнай ролі? Іншая справа, што калі ўсе мы будзем увасабляць Гамлетаў, сам гэты вобраз знівеліруецца, страціць тыя яркія, характэрныя рысы, дзякуючы якім ён і становіцца з'явай мастацкай творчасці. А кінематограф - мастацтва відовішчнае. Калі ж замест таго, каб захапляць гледача, яму прапаноўваецца нешта "сярэдне-знівеліраванае", яно, мастацтва, адразу ператвараецца ў баўленне часу, не больш

- На вашу думку, якім мусіць быць сучасны кінематаграфічны герой - для таго, каб беларускі глядач звярнуў пільную ўвагу на айчынны фільмапрадукт?

 - Час патрабуе моцных герояў, якія маглі б захапіць сваёй асобай ды павесці за сабой. Акурат фільмаў з такімі персанажамі, на мой погляд, не хапае беларускаму кінематографу. Сёння мы спрабуем звяртацца да гістарычных персанажаў, але ў пераважнай большасці сваёй яны - мысліцелі, асобы, якія праламляюць і асэнсоўваюць мінулае праз прызму логікі. У цяперашні ж час у плане пацвярджэння ўстаноўкі на стваральнасць у нашай краіне патрабуецца, хутчэй, халерычная натура - персанаж, які глыбока паважае сябе, закон, свой край, і гэтым спрыяе раскрыццю творчай прыроды сваёй асобы. Пры гэтым зусім не абавязкова, каб ён уяўляў з сябе прадстаўніка творчай прафесіі: такога героя можна знайсці паўсюль. Магчыма, гэта і ёсць своеасаблівы Гамлет, які, аднак, не памірае на экране, а, наадварот, у сваёй асобе адраджае ўсё лепшае, што было звязана з гісторыяй і культурай нашага народа.

Фота Пятра ОВАДА