Поле для акцёрааркестра

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Монаразвагі напрыканцы года

/i/content/pi/cult/302/5143/7-1.jpg

Монаспектакль - цудоўнае поле, засеянае разнастайнымі дзівоснымі кветкамі тэатральных выразных сродкаў, форм, акцёрскіх індывідуальнасцей, высокадухоўных і інтэлектуальных сцэнічных твораў. Гэта від тэатра, у якім часцей за ўсё прысутнічае слова, але ён можа быць музычным, пластычным, музычна-танцавальным, ценявым, лялечным, а часам усе гэтыя жанры могуць пераплятацца ў адной пастаноўцы. І, даючы каласальныя магчымасці для творчага самавыяўлення, монаспектакль аказваецца тым выпадкам, калі "адзін у полі - воін"!

Існуе меркаванне, што ў монаспектаклі ідуць акцёры, якія недастаткова запатрабаваны ў "вялікім" тэатры. Але мая дваццаціпяцігадовая практыка працы на гэтай ніве цалкам абвяргае падобнае меркаванне. Бо работа гэтая пад сілу толькі акцёру-віртуозу, акцёру-аркестру, сапраўднаму майстру сцэнічнай імправізацыі. Ала Дзямідава, Канстанцін Райкін, Аліса Фрэйндліх, Аляксандр Філіпенка, Марына Няёлава, Яўген Грышкавец, Жан Марэ, Тадэуш Ламніцкі, Янаш Сталярскі, Філіп Кабэр, Філіп Люшэр, Аспасія Папатанасіў, Ларыса Кадырава, Генадзь Аўсяннікаў, Фёдар Шмакаў, Уладзімір Шэлестаў...- яны, як і многія іншыя, не маючы нястачы ў буйных драматычных ролях, усё ж прыйшлі да жанру монаспектакля. Чым жа прывабіў іх гэты від сцэнічнай творчасці? Магчыма, адчуваннем вяртання да сваёй першапрыроды - антычнага прынцыпу, калі адзін акцёр на сцэне станавіўся цэлым тэатрам, хвалюючы масы і дорачы гледачам перажыванне катарсісу.

Ёсць мноства прыкладаў, калі маладыя, практычна нікім не заўважаныя, акцёры акурат у монаспектаклі адкрывалі сваю ўнікальную творчую індывідуальнасць. Так, прынамсі, сталася з Эміліяй Пранскутэ, якая пасля свайго "Пацукалова" сталася на сённяшні дзень адной з самых запатрабаваных актрыс Горкаўскага тэатра. Падобны шлях прайшлі літоўка Бірутэ Мар, швейцарка Монік Шнідэр, англічанін Піп Ютан...

 Сёння міжнародная тэатральная грамадскасць высока цэніць і падтрымлівае гэты напрамак сцэнічнай творчасці. Прыемна ўсведамляць, што ля яго вытокаў стаялі мы, беларусы.

Кароткі экскурс

У 1993 годзе ў Мюнхене на кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра UNESCO толькі што створаны Беларускі цэнтр МІТ прапанаваў уключыць у план работы праект правядзення Першага Міжнароднага фестывалю монаспектакляў "Я". Паралельна аналагічную прапанову ўнёс і Расійскі цэнтр МІТ, але было вырашана падтрымаць беларускую ініцыятыву, і ў 1993-м у Мінску прайшоў форум, на якім было паказана 12 монаспектакляў з 7 краін свету, а гасцямі яго сталі вядомыя дзеячы сусветнага тэатра і прадстаўнікі Драматычнага камітэта Міжнароднага інстытута тэатра UNESCO.

У 1996 годзе ІІ Міжнародны фестываль монаспектакляў "Я" прымаў ужо 15 краін і 20 выканаўцаў. Трэці ж, у 1998-м, сабраў 25 выканаўцаў з 20 краін свету! Акурат тады, па сутнасці, у час форуму, была створана Міжнародная асацыяцыя фестываляў Тэатра аднаго акцёра, у якім на сённяшні дзень прысутнічае не адзін дзесятак прэстыжных форумаў монадрамы з усяго свету (усяго ж у свеце на сёння налічваецца каля 30 фестываляў монаспектакляў).

Квітнеючы сад

Цягам апошняга месяца мне ўдалося наведаць два монафорумы: "Тэспіс" у нямецкім Кілі, а зусім нядаўна - Міжнародны фестывалю "One man show" у Маскве. Нямецкую афішу складала 13 абсалютна разнапланавых спектакляў з 10 краін, і- пастаянны аншлаг у глядзельнай зале. Тут былі і гісторыі пра тое, як акцёр выходзіць на сцэну, але не можа знайсці паразуменне з тэхнічнымі службамі, так што нават гледачы ў зале не адразу разумеюць, што перад імі разгортваецца спектакль (Дэвід Каліўта, ЗША), дзіўны, экспрэсіўны, часам нават палохаючы сваім надрывам, а то раптам спакойны танец-самавыяўленне (Тукка Вассама, Фінляндыя) - два гэтыя выканаўцы падзялілі паміж сабой ІІ месца. Першае ж дасталося польскай актрысе Габрыеле Мускале і яе пастаноўцы "Падарожжа ў Буэнас-Айрэс", у якім маладая выканаўца без грыму і іншых відавочных прылад іграе пажылую жанчыну, што страціла траіх дзяцей і ніяк не можа зразумець, чаму ж так здарылася.

Усе спектаклі "Тэспіса" выглядалі індывідуальнымі і непаўторнымі, і я часам лавіла сябе на думцы, што далёка не кожны з іх быў бы ўспрыняты беларускім гледачом. Але дырэктар нямецкага фестывалю Яланта Козак-Сутовіч, у мінулым вучаніца Ежы Гратоўскага, пераканана: "Павінны існаваць пастаноўкі розных стыляў і накірункаў, жанраў і школ: гэта карысна прафесіяналам і цікава гледачам, ды і білеты тады прадаюцца лепш". Аказваецца, яны з гэтага маюць яшчэ і эканамічную выгаду.

 Праграма расійскага фестывалю адрознівалася ад нямецкага схільнасцю большасці спектакляў да традыцыйнай, класічнай формы, аднак кожны з іх усё роўна ўяўляў з сябе ўзор прафесіяналізму: "Эклезіяст" Валерыя Шэймана, "Душачка" Зінаіды Гуравай, "Так, я хачу так" Вольгі Прыхудайлавай, "Старая жанчына..." Ларысы Кадыравай, польска-расійскі праект: "Мілка" Кшыштафа Грабоўскага і "Пясочніца" Усевалада Чубенкі...

Трэцяе месца на гэтым фестывалі атрымаў спектакль "Фірс.doc" у выкананні акцёра Мінскага абласнога драматычнага тэатра Алега Чэчанева. Яго герой- артыст правінцыйнага тэатра, які ў пустой зале рэпеціруе ролю Фірса. У выкананні Чэчанева шмат гумару і акцёрскай праўды, ён свабодны, арганічны і іранічны. У фінале, калі герой прамаўляе свой апошні маналог, аўтар намякае, што персанаж памірае, аднак у беларускага акцёра ён застаецца жыць, з удзячнасцю прымаючы свой лёс такім, якім ён склаўся.

З творчымі работамі Алега Чэчанева я знаёма даўно. Цудоўна памятаю яго "Сіні аўтамабіль", які прынёс свайму выканаўцу шэраг узнагарод прэстыжных міжнародных фестываляў монаспектакляў. І ведаю, што, нягледзячы на дастатковую занятасць у рэпертуары тэатра, ягоная няўрымслівая творчая натура патрабуе пастаяннага пошуку чагосьці новага, яшчэ нязведанага. І ён знаходзіць гэты зарад у працы над монаспектаклямі, стасунках са сваімі калегамі з іншых краін. Алег Чэчанеў - акцёр, якому падуладныя самыя тонкія нюансы душэўнага перажывання, ён бліскуча валодае майстэрствам пераўвасаблення і імправізацыі. Вельмі прыемна, што на такіх прэстыжных міжнародных форумах, як "One man show", беларускі тэатр прадстаўляюць акцёры гэткага высокага ўзроўню.

Не магу не згадаць і яшчэ аднаго нашага прызнанага майстра монаспектакля - Валерыя Шушкевіча, чыё "Дастаеўскае пытанне" атрымала самыя высокія ацэнкі журы і ўзнагароды за лепшую мужчынскую ролю і лепшы спектакль на фестывалях у Смаленску і Ніжнім Ноўгарадзе. У гэтай рабоце Шушкевіч дасягае надзвычайных вышынь акцёрскага майстэрства, канцэнтрацыі эмацыянальнай думкі і віртуознага пераўвасаблення. Пры гэтым здаецца, што робіць ён усё гэта лёгка, без аніякіх намаганняў, так што паўтары гадзіны сцэнічнага часу побач з гэтым магутным акцёрскім тэмпераментам і ювелірным валоданнем красамоўнымі паўзамі пралятаюць незаўважна. "Дастаеўскае пытанне" - спектакль, якім можна ганарыцца, і на сённяшні дзень ён мае рэкамендацыі на некалькі прэстыжных міжнародных фестываляў. Думаю, што ён мог бы прадставіць нашу краіну і на ХХХІІІ Кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра UNESCO, які будзе праходзіць у верасні 2011 года ў Кітаі.

 Вялікае бачыцца на адлегласці

Зусім нядаўна, на Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што неабходна надаваць больш увагі стварэнню і прапагандзе айчынны/i/content/pi/cult/302/5143/7-2.jpgх культурных "брэндаў" у свеце і падтрымліваць скіраваныя на гэта праекты. Не без гонару магу зазначыць, што на сённяшні дзень беларускі монаспектакль у прасторы сусветнага тэатра з'яўляецца адным з такіх брэндаў. Нашых акцёраў ведаюць, любяць, адзначаючы іх высокі прафесіяналізм, што спалучаецца з глыбінным духоўным спасціжэннем чалавечай прыроды. І гэта відавочна пазітыўна кантрастуе з тымі тэндэнцыямі "апускання" да забаўляльнага мастацтва, якія назіраюцца сёння ў шэрагу драматычных тэатраў.

Але хочацца звярнуць увагу на тое, што без належнай падтрымкі любая ініцыятыва здольная загінуць, так і не даўшы аніякага плёну. І мне шкада, што VІ Міжнародны фестываль монаспектакляў "Я", які павінен быў прайсці ў кастрычніку гэтага года, так і не адбыўся, хаця на адрас аргкамітэта даслана 40 заявак з 25 краін свету. Разумею, што буйныя творчыя форумы выглядаюць больш выйгрышна ў параўнанні з "адзіночкамі". Аднак пераканана, што сёння мы не можам сабе дазволіць проста так страціць усе тыя традыцыі і ўласны імідж, які за апошнія два дзесяцігоддзі беларускія акцёры стварылі ў жанры монаспектакля. Ды і ці так важна, якога "памеру" зярнятка, калі ў выніку яно дае цудоўны, багаты творчы ўраджай? Але для таго, каб сабраць і скарыстаць яго плён, неабходна апрацоўваць наша творчае поле разам.

 Антаніна МІХАЛЬЦОВА, рэжысёр, генеральны сакратар Беларускага цэнтра МІТ UNESCO, дырэктар Міжнароднага фестывалю монаспектакляў "Я"

На здымках: Валерый Шушкевіч у пастаноўцы "Дастаеўскае пытанне";

шматаблічны Алег Чэчанеў у спектаклі "Фірс.doc".