“Брама...”, “…Еўропа”, “Эдып”

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Канец снежня — “ёлачная” пара для тэатраў. У якасці святочнага падарунка маленькім гледачам Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа рыхтуе прэм’еру: 21 снежня малады рэжысёр Таццяна Сядова прадстаўляе займальную пастаноўку казкі Сяргея Кавалёва “Я буду зоркай”.

/i/content/pi/cult/302/5140/pic_24.jpgАднак "ёлачная" пара не замінае тэатру актыўна працаваць і над перспектыўнымі планамі. Пад час падрыхтоўкі да юбілейнага сезона поўным ходам ідуць рэпетыцыі "Брамы неўміручасці" Кандрата Крапівы, пастаноўку якой ажыццяўляе Рыд Таліпаў. У класічных вобразах перад гледачамі паўстануць Святлана Жукоўская, Пётр Ламан, Валянцін Цвяткоў, Валянціна Багданава, Уладзімір Сівіцкі, Андрэй Качан, Аляксандр Базук, Наталля Саламаха, Юрый Гапееў і многія іншыя акцёры тэатра.

Нягледзячы на рэканструкцыю, рыхтуе сваім гледачам прэм'ерныя падарункі і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. І бліжэйшы з іх - "Самотны Захад" Марціна МакДонаха ў рэжысуры Паўла Харланчука, які ўжо 20 студзеня будзе паказаны на Малой сцэне Канцэртнай залы "Мінск". Распачаў працу над сваім буйным праектам "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" і мастацкі кіраўнік калектыву Мікалай Пінігін. Пастаноўка, заснаваная на арыгінальных творах Францішкі Уршулі Радзівіл (аўтар п'есы - Сяргей Кавалёў, музыка - Андрэя Зубрыча), будзе складацца з трох частак: балета, оперы і драматычнага спектакля. Спектакль і мяркуе пабачыць свет у другой палове сакавіка. Дзякуючы таму, што Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка гасцінна прадаставіў купалаўцам памяшканні для рэпетыцыйнай базы, хочацца спадзявацца, што гэтая насамрэч грандыёзная задума зможа рэалізавацца ў поўным аб'ёме.

Паводле добрай традыцыі, акурат "пад ёлачку", 29 і 30 снежня на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага рэжысёр Барыс Луцэнка прапануе прэм'еру спектакля "Эдып" па п'есе беларускага аўтара Алены Мінчуковай. А ў лютым свайго гледача знойдзе на Горкаўскай сцэне чарговая прэм'ера тэатра - "Вяселле Крачынскага" Аляксандра СухаваКабыліна ў пастаноўцы Міхаіла Кавальчыка. У галоўных ролях заняты вядучыя акцёры тэатра Аляксандр Ткачонак, Вольга Клебановіч, Кацярына Шатрова, Андрэй Душачкін.

На здымку: Павел Харланчук у апошняй пастаноўцы купалаўцаў "Офіс" выступіў у ролі акцёра.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА