Кармэн у брыджах, або Формула Форуму на тры фортэ!

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Аналітыка ў багемным антуражы

/i/content/pi/cult/302/5139/pic_23.jpgПяць спектакляў і галаканцэрт - такой стала формула Першага Мінскага міжнароднага Ражджэсцвенскага опернага форуму, што прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Прайшоў гучна: на тры фортэ. І настолькі бліскуча даказаў тэарэму высокага ўзроўню беларускага опернага выканальніцтва, што яна стала аксіёмай: нашы артысты - лепшыя! А спектаклі? Тут было што абмяркоўваць. Але, як вядома, у спрэчках можа нарадзіцца ісціна.

Паставіўшы ў праграму тры спектаклі нашага тэатра і два гасцявыя (рыжскі і маскоўскі, але, зноў-такі, з нашым аркестрам, і гэтую традыцыю было б мэтазгодна працягваць), арганізатары быццам дзейнічалі паводле схемы: назвы старыя - начынне новае. І не падманулі! У заключным жа галаканцэрце да гэтага прынцыпу далучыўся яшчэ адзін: назвы новыя - імёны вядомыя - галасы, здараецца, старыя. Але публіка настолькі горача вітала сваіх улюбёнцаў, што было зразумела: паслухаць ідэальныя спевы замежных зорак можна і ў запісе, а вось убачыць - лепей у тэатральны бінокль, чым па тэлевізары: энергетыка зусім іншая. Ды ўвогуле, правільна кажуць:

 

лепей адзін раз убачыць.

Беларускія пастаноўкі, нават зусім нядаўнія, паўсталі на форуме ў абсалютна новым абліччы. І не толькі таму, што ў тых спектаклях удзельнічалі, нароўні з нашымі, запрошаныя салісты і дырыжоры. Змена некаторых мізансцэн і сцэнаграфічных эфектаў красамоўна сведчыла: творчыя пошукі ў нашай трупе не заканчваюцца разам з прэм'ерай. І гэта добры знак - паказчык развіцця, імкнення яшчэ больш удасканаліць зробленае.

Але ж як часам бывае? Пачынаеш рэдагаваць уласны, толькі што напісаны тэкст, дзесьці слоўца больш выразнае знойдзеш, там скароціш, тут пашырыш - і раптам бачыш, што ранейшы варыянт, пры ўсіх заўважных недахопах, быў усё ж такі лепшы. Так, на мой погляд, здарылася з "Набука". Спектакль і раней быў надзвычай багаты на відовішча эпічнага размаху. Цяпер дадалося яшчэ больш відэапраекцый, якія спрыялі паралелям паміж біблейскай гісторыяй і падзеямі ХХ стагоддзя. Новыя акцэнты часам зацьмілі былыя кульмінацыі. Асабліва шкада было, што замест ранейшай выразнасці cкульптурнай кампазіцыі ў знакамітым хоры "Va pensiero" артысты аказаліся быццам замураваныя ў сцяну, бо "цаглінкі" праецыраваліся на іх постаці і твары. Незалішняй падалася заўвага маскоўскай тэатразнаўцы Алены Трацяковай: у ХХІ стагоддзі, калі поспех спектакля вызначаецца, найперш, сцэнаграфічным рашэннем, а на ўспрыняцце ўздзейнічаюць законы панавання масавай культуры, вельмі важна захаваць баланс, каб не збочыць ні ў кітч, ні ў закасцянелую традыцыю.

Шмат нечаканасцей узнікла і ў музычным рашэнні. Літоўскі дырыжор Гінтарас Рынкявічус прапанаваў сваё прачытанне, якое не зусім, як падалося, было зразумета аркестрантамі. Слухачам жа яшчэ больш незразумелым уяўляўся падбор запрошаных артыстаў, бо тыя ж партыі Захарыі і Ізмаіла значна лепей маглі б праспяваць не толькі нашы спевакі-прэм'еры, але і салісты хору.

У "Кармэн" жа, наадварот, вельмі ўразіла Ларыса Андрэева, салістка Маскоўскага музычнага тэатра імя К.Станіслаўскага і У.НеміровічаДанчанкі. Яе Кармэн была нечаканай, непрадказальнай, намаляванай больш паводле навэлы П.Мэрымэ, чым оперы Дж.Бізэ, дзе гераіня значна паэтызавана. Ды - што кранула канчаткова - гэтыя новыя рысы былі не толькі ў знешнім абліччы, але і ў голасе артысткі! У ніжнім рэгістры яна так пікантна пераходзіла з акадэмічных спеваў на гарлавыя ноткі з гэткай эстраднай хрыпатцой, што гэта пераконвала куды болей за шокатэрапію другой дзеі, калі мы ўбачылі Кармэн у брыджах замест пышнай спадніцы, ці нечаканы фінал, калі яна сама кідалася на нож у руках ашаломленага ад такой развязкі Хазэ.

Адчувалася, што такая Кармэн - з зусім іншай, надзвычай своеасаблівай, рэжысёрскай версіі, дзе для разумення ўчынкаў герояў важная кожная дэталь. У фестывальным жа спектаклі, у якім удзельнічала "міжнародная зборная", а ад колішняй нашай пастаноўкі не засталося практычна нічога, усе астатнія артысты глядзеліся героямі "не з той оперы", і ўзаемаадносіны паміж палкай цыганкай і яе кавалерамі не паддаваліся ніякай расшыфроўцы. Адзінай, каму ўдалося абсалютна дакладна пранесці развіццё псіхалагічнага стану і характару гераіні праз увесь спектакль, аказалася наша Настасся Масквіна (Мікаэла). Дый спявала яна - бы анёл.

Спрэчкі разгарнуліся і наконт тэмпаў, зададзеных адным з самых модных і таленавітых маскоўскіх дырыжораў Феліксам Корабавым. Але гэта было, па-першае, пераканаўча, а па-другое (і гэта ўзрадавала ўдвая) - пад сілу нашым артыстам! Знакаміты квартэт кантрабандыстаў праляцеў літаральна шэптам, подыхам ветру - і чуваць было не толькі кожную ноту, але і слова. Вось дзе майстэрства!

Самай бясспрэчнай на такім фоне падалася

 

амаль тасканінеўская "Тоска"

Дж.Пучыні. У наш спектакль з прызнаным складам салістаў (Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Пятроў) уліўся только новы, раней нам не вядомы, дырыжор: заслужаны артыст Азербайджана Ялчын Адыгезалаў. Але ён удыхнуў у партытуру столькі музычнасці і любові да кожнай фразы, што ўся опера заззяла новымі фарбамі! Больш псіхалагічна тонкімі сталі і паводзіны герояў. Адзіным, бадай, ад каго асабіста я пачула незадаволенасць, быў наш галоўны рэжысёр і пастаноўшчык гэтага спектакля Міхаіл Панджавідзэ. "На прэм'еры было лепш", - сказаў ён. І пачаў даводзіць, чаму. Вось дзе самакрытычнасць!

Найбольшую амплітуду супярэчлівых ацэнак выклікала "Травіята" Дж.Вердзі Латвійскай нацыянальнай оперы. Салістка тэатра Санора Вайцэ ўжо паспела скарыць нашу публіку ў партыі Віялеты. Але тады яна спявала ў нашай пастаноўцы! Госці ж прапанавалі зусім іншую эстэтыку: замест звыклай рамантызаванасці ці, як у нашым спектаклі, рамантыкі, узведзенай да філасофскай сімволікі, - гэткі неарэалізм, вельмі распаўсюджаны ў сучасных заходніх пастаноўках.

Дзеянне перанесена ў першую палову ХХ стагоддзя - акурат на тую максімальна блізкую да сучаснасці дыстанцыю, дзе музыка оперы не будзе дысанаваць з відовішчам (ну не можа гераіня "размаўляць" на класічнай музычнай мове і быць пры гэтым, да прыкладу, хворай на СНІД, хаця сам сюжэт, здавалася б, лагічна адпавядае падобнай перапрацоўцы). Сцэнаграфія максімальна "ўключае" гледача ў дзеянне і адпавядае ўсім традыцыям тэатра суперажывання, памножанага на здабыткі псіхалагічнага кіно. Прапрацавана кожная мастацкая дробязь: у фінале оперы героі падаюць долу ў такой жа позе, як у канцы першай дзеі, "замыкаючы" форму класічнай аркай. Ёсць і сімвал - лесвіца ў паднябессе, што з пачатку апошняй карціны намякае на трагічны сыход гераіні.

Непаразуменне з боку адной часткі публікі і, наадварот, бурную рэакцыю другой выклікалі сцэны, што характарызавалі Віялету як жанчыну лёгкіх паводзін. І гэта ў чарговы раз даказала:

 

гісторыя паўтараецца!

Яна мае відавочнае цыклічнае развіццё. Бо менавіта гэты рэалізм (як можна такую гераіню выводзіць на оперную сцэну!) выклікаў ашаламляльны скандал пры жыцці кампазітара - і менавіта ён зрабіў твор такім папулярным, любімым ва ўсе часы. Адлюстроўваючы куртызанскія забавы, пастаноўшчыкі запрасілі ў адзін з нумароў спектакля прафесійных стрыптызёрш, і тыя гулліва скідвалі шубкі, застаючыся топлес і пацвярджаючы, што жаночая прыгажосць - таксама мастацтва.

Спектакль быццам наўмысна разлічаны на моладзь, якая не надта шануе оперу: прыйдуць "на стрыптыз", а ў фінале не стрымаюць слёз. І, можа, задумаюцца, ці варта ісці адно за прыродным інстынктам, калі ёсць штосьці куды большае і ўсеабдымнае - каханне.

Яшчэ больш філігранна апрацаваным стаўся "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні ў пастаноўцы Новай оперы імя Я.Колабава (але з нашым дырыжорам Вячаславам Волічам). Спектакль нават без бягучага радка перакладу з італьянскай мог быць цікавы самай дэмакратычнай аўдыторыі, бо ў рэжысуры шчодра выкарыстоўваўся прыём візуалізацыі зместу літаральна ўсіх арый і ансамбляў. Тая ж арыя Фігара "адбывалася" ў цырульні, і герой лётаў паміж трыма кліентамі адразу. Доктар Бартала быў неад'емны ад вялізнай чаргі хворых пацыентаў, а закаханая ў яго Берта спявала пра свае пачуцці пад поўным месяцам, што вельмі нагадваў люстэрка лор-урача. Але яшчэ больш гэтая няхітрая камедыя магла зацікавіць культурную эліту! Бо разгадваць зашыфраваную ў спектаклі карункавую вязь шматлікіх пластоў італьянскіх традыцый (ад тэатра масак да кіно Ф.Феліні, і ўсё - скрозь прызму бездакорнага, срэбна-зіхатлівага bell canto) - ні з чым не параўнальнае эстэтычнае задавальненне. І шыкоўны інтэлектуальны адпачынак!

Пасля такога спектакля фінальны гала-канцэрт мог паставіць толькі шматкроп'е - як надзею на хуткі працяг цудоўнай фестывальнай ідэі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"