Залатыя струны фонду

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі споўнілася 15 гадоў. Фінальны клічнік святкаванняў быў пастаўлены ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, на сцэне якога адбыўся справаздачны канцэрт з красамоўнай назвай “Таленты Беларусі”.

У зале прысутнічалі старшыня Савета фонду Ніна Мазай, міністр культуры нашай краіны Павел Латушка.

За 15 гадоў фонд падтрымаў 1867 юных і маладых талентаў і 113 творчых калектываў. Цікавыя звесткі пра дзейнасць фонду, удзячныя словы на яго адрас ад стыпендыятаў, лаўрэатаў і дыпламантаў можна было пачуць у гэты вечар. Шмат інфармацыі было і ў буклетах, што прадастаўляліся публіцы, і ў відэафільме, які быў прадэманстраваны адразу пасля дзвюх музычных уверцюр: спачатку - у фае, дзе выступаў ансамбль цымбалістаў "Залатая струна" Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі пад кіраўніцтвам Ганны Полесавай, а потым - на сцэне, дзе валадарыў сімфанічны аркестр тэатра і дырыжор Вячаслаў Воліч. Менавіта ў суправаджэнні гэтага калектыву адбываліся амаль усе далейшыя сольныя выступленні.

Канцэрт у двух аддзяленнях, які доўжыўся больш за тры з паловай гадзіны, праляцеў літаральна на адным дыханні, бо асвятлялі яго сапраўдныя суперзоркі. І ніяк іначай! Уладзімір Солтан, малодшы сын аўтара опернага "Дзікага палявання...", скарыў неверагоднай віртуознасцю і надзвычайнай музычнасцю. Фінал Скрыпічнага канцэрта П.Чайкоўскага ў выкананні Сяргея Белазерцава быў варты Гран-пры Міжнароднага конкурсу імя гэтага кампазітара. А Дзяніс Ліннік з Рэспубліканскага музычнага каледжа імя І.Ахрэмчыка так вольна, палётна, запальна сыграў найскладаны Трансцэдэнтны эцюд Ф.Ліста! Вельмі густоўна, разнастайна на гукавых фарбах прагучалі "Цыганскія напевы" П.Сарасатэ. Гэта не Улада Беражная прадэманстравала скрыпку А.Гварнеры, нядаўна набытую нашай краінай, а скрыпка паказала магчымасці нашай салісткі! У выкананні адчувалася і шаўкова-атласная мяккасць, і срэбны звон маністаў, і гулкія дыяментавыя россыпы... Пералічваць можна ўсіх! Другое аддзяленне напоўніцу прадэманстравала таксама патэнцыял маладых салістаў тэатра, падтрыманых фондам. Іх майстэрства - лепшы доказ паспяховасці абраных кірункаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"