Тэатр з дзяцінства

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

“Як вы думаеце, колькі ў нас тэатраў? — на твары дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раісы Вайцяхоўскай — усмешка. — Толькі на Міншчыне тэатральных калектываў амаль 500!” — кажа яна мне па дарозе на абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, які вось ужо шосты раз ладзіцца на Любаншчыне. Разумею, што гаворка ідзе пра калектывы аматарскія, але ж сама па сабе лічба ўражвае: гэта ж колькі людзей “любяць тэатр так, як люблю яго я”!..

З рога ўсяго многа, а з куфэрка і пагатове!
Сказаць, што за час свайго існавання абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак” набыў уласнае імя і ўласных сяброў-прыхільнікаў, значыць не сказаць нічога. Задуманы мясцовымі тэатральнымі “падзвіжнікамі” Алай і Васілём Каткаўцамі, сёння ён з’яўляецца адной з прыкметных імпрэз на фестывальнай карце краіны.
Пра яго адкрытасць сведчыць тое, што акрамя абласных калектываў, у фестывальнай праграме свае спектаклі прадставілі аматарскія тэатры з Магілёва, а таксама з Гатчыны (Расія) і Шаўляя (Літва). Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 11 калектываў, у тым ліку са Стоўбцаў, Салігорска, Мар’інай Горкі, Барысава, Слуцка, Бярэзіны, Маладзечна і мясцовых Сарачоў. Адны назвы гэтых тэатраў настройвалі на ўзнёсла-рамантычны лад: “Летуценнікі”, “Дабрадзеі”, Чараўнікі”, “МАГіЯ”, “Мельпамена”, “Рэха”, “Вясёлы балаганчык”... Дарэчы, адметнасцю фестывалю стала тое, што асноўныя яго дзеі дзеяліся ў Сарачах — знаным аграгарадку, прыгарадзе Любані. Райцэнтраўскі ж Дом культуры быў другой фестывальнай пляцоўкай — гэта дазволіла ўшчыльніць фестывальную праграму, насычанасць якой дала магчымасць гаварыць пра самыя розныя накірункі, у якіх развіваюцца сёння дзіцячыя аматарскія тэатральныя калектывы.
Фестывальная праграма паказала традыцыйныя “казачныя” спектаклі “Хітрая казка” (“Чараўнікі”, Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў), “Як Гаўка ў космас збіраўся” (“Летуценнікі”, Сароцкі СДК), “Прыгоды вандроўнага рыцара” (“Мельпамена”, Слуцкі ГДК), спектаклі-гульні — “Вясёлы Роджэр” (“МАГіЯ”, школа № 20 г. Барысава), фальклорны тэатр — “На вячорках у цёткі Марылі” (“Дабрадзеі”, Салігорская гімназія № 2), сацыяльна арыентаваныя спектаклі пазнавальна-адукацыйнага характару — “Заварушка з гідрантам” (“ТэСт”, гімназія № 10 г. Маладзечна)... І гаварыць пра “самадзейны” ўзровень самадзейных калектываў, гледзячы на фестывальную праграму “Чароўнага куфэрка”, сёння ўжо не выпадае: дзіцячыя тэатры прадэманстравалі гледачам — і сваім раўналеткам, і прафесійнаму журы — сур’ёзны ўзровень падыходу і да асваення драматургічнага матэрыялу, і да сцэнічнага ўвасаблення сваіх спектакляў. Дарэчы, журы фестывалю ацэньвала не толькі творчы энтузіязм маладых акцёраў і кіраўнікоў калектываў, але і выканальніцкае майстэрства, рэжысуру, асваенне і сцэнічнае ўвасабленне сучаснай п’есы, нацыянальнай драматургіі, сцэнаграфію, выразнасць і артыстычнасць акцёрскай ігры...
Але ж варта зазначыць, што нават такі сур’ёзны падыход не ператварыў фестываль у спаборніцтва — дух сяброўскай сустрэчы вітаў і падчас пазаконкурсных сустрэч-кантактаў маладых акцёраў, і падчас лабараторый кіраўнікоў калектываў, на якіх дружалюбна, але і прынцыпова, абмяркоўваліся прагледжаныя пастаноўкі калег, ды і ў рашэннях журы, прафесійнага і глядацкага, якія не пакінулі без узнагарод аніводзін калектыў.
Гледзячы на высокі арганізацыйны і творчы ўзровень фестывалю, не ў адной мяне ўзнікалі думкі, што па сутнасці сваёй “Чароўны куфэрак” ужо даўно мог бы прэтэндаваць на больш высокі статус. Але на маё пытанне адносна такой перспектывы начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама і адзін з ідэолагаў фестывалю В.Каткавец адназначна адказвае: “Не! І прычыны не ў тым, што мы сумняваемся ў такой магчымасці. Проста, калі фестываль набудзе статус рэспубліканскага, міжнароднага, ён амаль аўтаматычна мусіць стаць больш “прэзентатыўным” і асноўны акцэнт рабіць не на “працэс”, а на “вынік”. Нам жа куды важней “рабочы элемент” гэтага фестывалю, тое, што падчас яго адбываецца не суперніцтва калектываў за права называцца лепшым, а плённае супрацоўніцтва, абмен досведам працы, пошукі цікавых творчых накірункаў развіцця дзіцячых аматарскіх тэатраў. Менавіта ў гэтай творча-нязмушанай атмасферы і бачыцца “разынка” нашага фестывалю”.
“Было б няправільна гаварыць пра феномен “Чароўнага куфэрка” не ўлічваючы ўсю тую працу, якая праводзіцца ў вобласці ў галіне аматарскага тэатральнага мастацтва, — зазначае Р.Вайцяхоўская. — Так, “Чароўны куфэрак” ахоплівае дзіцячыя калектывы, але ёсць і “Бярэзінская рампа”, у якой бяруць удзел “дарослыя” аматарскія тэатры”. Да таго ж, “прыжыліся” ў Маладзечне і “Тэатральныя скрыжаванні” — рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў”.
“Сёлета фестываль прадэманстраваў нашмат вышэйшы ўзровень, чым у папярэднія гады, — зазначае старшыня журы фестывалю, кандыдат мастацтвазнаўства Уладзімір Мальцаў. — І гэта тычыцца як мастацкага ўзроўню работ, прадстаўленых у конкурснай праграме, так і стварэння творчай атмасферы для прафесійнай размовы аб шляхах і асаблівасцях развіцця сучаснага дзіцячага аматарскага тэатра. Гэта, бадай, самая каштоўная адметнасць “Чароўнага куфэрка” — мэтанакіраваная праца па выхаванні падрастаючага пакалення. Фестываль даводзіць нам самым “відавочным” чынам, што нельга недаацэньваць тэатральнае мастацтва ў справе і развіцця асабістых якасцей нашых дзяцей, і фарміравання іх каштоўнасных прыярытэтаў...”
І сапраўды, злавіла сябе на “лірычным” назіранні: пасля аднаго са спектакляў, калі маладыя акцёры ўжо завяршылі “публічную працу” і прыбіралі са сцэны дэкарацыі, у руках аднаго са сцэнічных “нягоднікаў” быў... пачак з сокам, а зусім не піўная бутэлька... 

“Школьны тэатр” — не толькі для школьнікаў
Не паспелі “пераварыцца” ўражанні ад “Чароўнага куфэрка” і тэатральнага жыцця Міншчыны, як ужо Віцебск кліча да сябе — 9 і 10 красавіка ўсіх ахвотных запрашае фестываль “Школьны тэатр”, які пройдзе на сцэне Коласаўскага тэатра. Напярэдадні яго мы гутарым са Святланай Дашкевіч, загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і адной з арганізатараў фестывалю “Школьны тэатр”.
— Святлана Мікалаеўна, “Школьны тэатр” праходзіць у Віцебску вось ужо адзінаццаты раз. Пра якія фестывальныя традыцыі мы можам гаварыць і якімі адметнасцямі адзначыцца фестываль сёлетні?
— Вось ужо другі год, як наш фестываль падтрымлівае Міністэрства культуры. І гэта дазваляе нам трымаць “унутраны стрыжань” фестывалю на годным узроўні. Ды і прэстыж самога фэсту павышаецца. Дарэчы, у свой час — у 2002 г. — Міністэрствам культуры было прынята рашэнне аб наданні “Школьнаму тэатру” статуса рэспубліканскага фестывалю, але тады фестываль так і застаўся гарадскім. Таму ўдвая прыемней адзначыць, што сённяшняя дапамога міністэрства насамрэч рэальная — яна выражаецца і ў прызах для калектываў-пераможцаў, і ў запрашэнні калектываў-гасцей фестывалю, і ў шэрагу іншых, нібыта дробных, “падтрымак”, якія, між іншым, станоўча ўплываюць на імідж фестывалю і ягоны статус.
Традыцыйна ў “Школьным тэатры” бяруць удзел віцебскія дзіцячыя тэатральныя калектывы. Але сёлета мы не абмежаваліся адно толькі школьнымі тэатрамі — побач з імі свае тэатральныя работы паказалі і калектывы пазашкольных устаноў. І гэта натуральна — у аснову фестывалю мы ставім не адміністратыўны прынцып, а — творчы.
Вось ужо другі год наш фестываль свядома прапагандуе драматургію беларускіх аўтараў. І калі зірнуць на сёлетнюю афішу фестывалю, відавочна, што ўсе спектаклі, заяўленыя ў ёй, пастаўлены па творах нашых драматургаў.
— Але ж не па “нацыянальных” прыкметах выбіраліся спектаклі, якія складуць фестывальную праграму?
— Мы ацэньвалі і ступень асваення драматургічнага матэрыялу, і выканальніцкі ўзровень юных акцёраў. Але наяўнасць менавіта нацыянальнай драматургічнай асновы спектакляў была адной з умоў удзелу ў конкурсе. З аднаго боку, такім чынам мы “прывучаем” школьнікаў да нацыянальнай культуры: у нас жа ў горадзе адзін драматычны тэатр, які працуе на беларускай мове і ставіць шмат твораў беларускіх аўтараў. Натуральна, што калі гэтыя юнакі і дзяўчаты прыйдуць да нас у тэатр, іх ужо можна будзе лічыць “падрыхтаванымі” гледачамі. І яшчэ адна акалічнасць: калі летась беларускамоўныя пастаноўкі даваліся юным акцёрам з пэўнай цяжкасцю, дык сёлета мы адзначылі, што дзеці гавораць па-беларуску лёгка і прыгожа. Хацелася б больш шчыльна працаваць з беларускай драматургіяй і ставіць творы не толькі класікаў, але і яшчэ “жывых” драматургаў. Магчыма, пры дапамозе Міністэрства культуры ўдасца наладзіць сумесную працу з Цэнтрам беларускай драматургіі і на наступны год у рамках фестывалю прадставіць чыткі самых новых п’ес беларускіх аўтараў.
— Калі ўжо гаворка зайшла пра тое, што фестываль рыхтуе для вашага тэатра гледачоў, мажліва, рыхтуе ён і маладых акцёраў? Ці ёсць прыклады, калі юнакі і дзяўчаты, заўважаныя і адзначаныя падчас фестывалю, прыходзілі потым у тэатр у якасціакцёраў?
— Такія прыклады ёсць, і іх нямала! Арцём Бародзіч — сёння адзін з нашых вядучых маладых акцёраў; актрыса тэатра Алена Ганум — на самым першым фестывалі яна паказалася ў ролі Зоські з “Мікітавага лапця”; Ірына Цішкевіч — яна з Лепеля, і ўпершыню мы таксама пабачылі яе на адным з нашых фестываляў; Яўген Бераснеў, Саша Базук, Насця Куржалава...
— Колькі слоў пра сёлетнюю фестывальную праграму.
— Адкрые фестываль драматычная студыя “Сюрпрыз” Лепельскай школы мастацтваў. Яны пакажуць спектакль “Бывай, яр” паводле аповесці К.Сергіенкі, на пастаноўку якога, дарэчы, быў выдзелены прэзідэнцкі грант. У конкурснай праграме — спектаклі “Верачка” А.Макаёнка, “Дагарэла свечачка” А.Петрашкевіча, “Замак” С.Кавалёва, “Адрынутыя” паводле А.Карэліна, “Зорны хлопчык” Г.Каржанеўскай, “Лебядзіны скіт” паводле У.Караткевіча... І за кожнай з гэтых назваў — цікавая і мэтанакіраваная праца. Усе яны пройдуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа — гэта для маладых акцёраў і падарунак, і сур’ёзнае выпрабаванне, якое, магчыма, вызначыць іх далейшы шлях.

Таццяна КОМАНАВА