У гонар Цітовіча

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

10 снежня даследчыкі і практыкі аматарскай музычнай, тэатральнай і мастацкай творчасці сабраліся на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Аматарская творчасць XXI стагоддзя. Творчая спадчына Г.І. Цітовіча”.

 

Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Мэтай напярэдадні стала стварэнне дакладнай карціны стану аматарскага мастацтва ў краіне, абмеркаванне шляхоў яго развіцця. Канферэнцыя прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння вядомага дырыжора, заснавальніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Генадзя Цітовіча. Даследчыкі расказалі ў сваіх прамовах пра здабыткі майстра і паспрабавалі выявіць перспектывы нашага вакальна-харавога мастацтва.

 Адкрыў канферэнцыю намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі. Удзельнічалі ў ёй супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі БДУКіМ, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, педагогі, якія выкладаюць харавыя дысцыпліны ў іншых установах адукацыі. Далучыліся да гаворкі і галоўныя хормайстры абласных метадычных цэнтраў.

Таксама гэтымі днямі выйшла ў свет кніга "Беларуская "Народная Біблія" ў сучасных запісах". Гэты зборнік тэкстаў айчыннага фальклору змяшчае шматлікія ўзоры вуснай народнай творчасці, якія збіралі беларускія даследчыкі ў глыбінцы. Укладальнікам з'яўляецца Алена Боганева, якая і прэзентавала кнігу на канферэнцыі. Пасля адбыўся канцэрт кафедры беларускай народнай песеннай творчасці БДУКіМ.