Закальное і традыцыі

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Цэнтр фальклору і этнаграфіі нацыянальных суполак Літвы, пры падтрымцы Міністэрства культуры Літвы, Школы славянскай традыцыйнай музыкі і Вільнюскага цэнтра рускага фальклору, запрасіў аўтэнтычны фальклорны калектыў “Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное Любанскага раёна прыняць удзел у V Міжнародным фальклорным фестывалі.

/i/content/pi/cult/301/5123/12-5.jpg

Ён яднае гурты з Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы. Беларусь на гэтым фестывалі прадстаўляў таксама і дуэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у складзе Вячаслава Калацэя і Таццяны Пладуновай.

Калектыў "Глыбокія крыніцы", якому нядаўна быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці спеўнай манеры выканання свайго рэгіёна, вылучаецца адметным рэпертуарам. Салістцы Ганне Пянькоўскай - 81 год, яна ведае больш за ўсіх песень. А натхняльнікам і арганізатарам творчай дзейнасці калектыву з'яўляецца Надзея Мірэйчык. Дапамогу ў падрыхтоўцы ансамбля да ўдзелу ў фестывалі аказаў няўрымслівы энтузіяст, фалькларыст, метадыст Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка.

 На цырымоніі адкрыцця фестывалю ў канцэртнай зале вільнюскага касцёла Святой Катрыны "Глыбокія крыніцы" выканалі беларускую песню "Восень мая доўгая" - аб лёсе жанчыны-беларускі.

Пад час форуму была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя "Захаванне народных традыцый на аснове экспедыцыйных даследаванняў. Традыцыі і сучаснасць". Прыемна было сустрэць на форуме беларусаў, што жывуць у Літве, якія былі з намі цягам усяго фестывалю. "Юрай" - фальклорны калектыў Цэнтра фальклору і этнаграфіі нацыянальных суполак Літвы. Яны фатаграфаваліся з намі на памяць, запрашалі да сябе ў госці, дарылі сувеніры і абменьваліся адрасамі.

 Святочным і незабыўным было закрыццё форуму ў Літоўскім нацыянальным драматычным тэатры. Калектыў "Глыбокія крыніцы" займеў званне лаўрэата, прывёз шмат прыемных эмоцый і добрых успамінаў.

Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама

 На здымку: "Глыбокія крыніцы" пад час выступлення ў Вільнюсе.