“Хрустальны” кінапраект

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Фестываль дзіцячага дакументальнага кіно “Хрустальнае бусляня” на тэму “Чарнобыль: учора, сёння, заўтра” адбыўся ў Брагіне. Пераможцамі сталі аўтары стужкі “Маё пакаленне і Чарнобыль” відэастудыі “Вясёлка” райцэнтра.

/i/content/pi/cult/301/5122/12-3.jpg

Юныя ўдзельнікі дзіцячых мастацкіх аб'яднанняў пры школах, дамах дзіцячай творчасці, дамах культуры, цэнтрах тэхнічнай творчасці Калінкавічаў, Рагачова, Брагіна і Наваполацка прадставілі свае кароткія фільмы, прысвечаныя тэме Чарнобыля. Адбываўся гэты фестываль у рамках комплекснага праекта па захаванні культурнай спадчыны, перадачы памяці аб чарнобыльскай катастрофе і экалагічным выхаванні насельніцтва пад назвай "Адраджэнне". Рэалізуецца ён у Брагінскім раёне з 2008 года.

У журы "Хрустальнага бусляняці" ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў, аддзела культуры Брагінскага райвыканкама, прадстаўнікі Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Беларускага аддзялення Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы.

Старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Галіна Злабенка адзначыла на цырымоніі ўзнагароджання, што канкурсанты прадставілі шчырае і досыць прафесійнае кіно: яны не толькі сур'ёзна падышлі да тэмы, але і, больш за тое, здолелі заглыбіцца ў яе і паказаць з нечаканага боку. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі камп'ютары, ноўтбукі, нетбукі, тэлевізары, DVD-прайгравальнікі.

Таксама на свяце адбылася прэзентацыя Кнігі Памяці пра чарнобыльскую катастрофу і жыццё людзей пасля яе "Насуперак. На радасць. На ўспамін". Створана яна ў аддзеле культуры Брагінскага райвыканкама. У выданне ўключаны вершы і малюнкі дзяцей і моладзі па чарнобыльскай тэматыцы.

Вольга ШЫШЛО

 На здымку: лаўрэаты "Хрустальнага бусляняці".