Нарадзілася яна ў гарадскім пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна. Скончыла харэаграфічнае аддзяленне Магілёўскага вучылішча культуры, і як малады спецыяліст адпрацавала два гады ў Ганцавічах, а потым вярнулася на малую радзіму. Уладкавалася на працу ў Капаткевіцкі гарадскі дом культуры, дзе з 1977-га па сённяшні час працуе дырэктарам.
Пры яе падтрымцы ў Капаткевіцкім доме культуры працуе васемнаццаць клубных фарміраванняў, восем з якіх - дзіцячыя. У клубе дзейнічае народны тэатр. Ядвіга Суботка з'яўляецца кіраўніком харэаграфічнага дзіцячага калектыву "Верасок", сама спявае і танцуе ў ансамблі песні, танца і музыкі "Лявоніха". Сёлета на Першым Фестывалі этнаграфічнага мастацтва "Покліч Палесся" "Лявоніха" пацвердзіла званне народнага ансамбля.
А яшчэ Ядвіга Іванаўна - дэпутат гарпасялковага Савета, цудоўна ведае, якія пытанні турбуюць землякоў, усё робіць для таго, каб гэтыя праблемы паспяхова вырашыць.
Таццяна БОБЕР, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ
На здымку: народны ансамбль песні, танца і музыкі "Лявоніха".