Сотні кіламетраў любові

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

57-мы дзень нараджэння Заслужанага калектыву, Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і 25-годдзе творчай дзейнасці кампазітара Ганны Казловай сталі падставай для вялікай канцэртнай праграмы ў Цэнтральным Доме афіцэраў. Такое спалучэнне было невыпадковым: творы Г.Казловай даўно ў рэпертуары калектыву, дый бацька яе быў ваенным дырыжорам (напісаная ім песня таксама прагучала ў канцэрце), а маці, спявачка, усю вайну выступала салісткай вайсковага ансамбля песні і танца.

Канцэрт быў вельмі разнастайным. Гучалі не толькі песні, у тым ліку прэм’ерныя, але і частка фартэпіяннага канцэрта “Нараджэнне Хрысціянства” (за раялем была аўтарка), сцэны з мюзікла “У замку Радзівіла, ці Гісторыя вечнага кахання” (Г.Казлова нават запрасіла прысутных маліцца за тое, каб ён быў спярша пастаўлены ў Беларусі, а не ў Польшчы, дзе робяць яго пераклад), джазавыя кампазіцыі, духоўныя творы, дзіцячая музыка.
Дый сама юбілярка паўстала ва ўсіх сваіх іпастасях: яна саліравала і як піяністка, і як вядучая канцэрта (у “дуэце” з народным артыстам краіны Уладзімірам Яскевічам), не толькі распавядаючы пра сябе, свае творы і выканаўцаў, але і прытанцоўваючы ў найбольш эмацыйных момантах.
Пра выдатныя арганізацыйныя здольнасці Г.Казловай красамоўна сведчылі імёны выканаўцаў, сярод якіх былі знакамітыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Алена Сало, Таццяна Гаўрылава, Васіль Мінгалёў, Заслужаны ансамбль беларускай песні “Церніца” пад кіраўніцтвам заслужаных артыстаў краіны Галіны і Іосіфа Несцяровічаў, Аляксандр Саладуха з Вольгай Драздовай (якія, да ўсяго, праспявалі свой апошні хіт — “Сотні кіламетраў да кахання” Максіма Алейнікава на словы Леаніда Шырына), Улада, выхаванцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, джазавая вакальная группа “Ad libitum” пад кіраўніцтвам Надзеі Цапрылавай з Магілёва, узорны дзіцячы хор “Крынічка” на чале з Наталляй Агаравай, лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Залаты цэхін” у Італіі, папраўдзе “залаты хлопчык” Алёша Жыгалковіч, лаўрэат Міжнароднага фестывалю харавой і эстраднай музыкі “Срэбраныя званы” Вікторыя Матусевіч і інш. Няма чаго і казаць, што ўсе яны — выканаўцы твораў Г.Казловай. А як упрыгожылі канцэрт цудоўныя джазавыя сола (і вакальныя, і на трубе) Мікалая Федарэнкі, які разам з іншымі музыкантамі аркестра рабіў аранжыроўкі нумароў. Запомніліся слухачам і спевы маладога ваеннага дырыжора Максіма Качаткова — уладальніка Гран-пры спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
Сімвалічнай стала і назва канцэрта “Беларусь — любоў мая…”, пазычаная з фінальнай песні, у якой саліравала старэйшая дачка юбіляркі — салістка Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі Марыянна Нячай.
Публіка доўга не разыходзілася, выказваючы пашану да музыкантаў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ