Тэніс у старадаўняй афіцыне

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Вёска Рудакоў Хойніцкага раёна ў свой час уваходзіла ў склад Брагінскіх уладанняў князёў Вішнявецкіх, а пасля — шляхцічаў Ракіцкіх, Аскеркаў і Ваньковічаў. Першая ж згадка пра яе датуецца 1574 годам.

/i/content/pi/cult/301/5111/14-1.jpgПершыя пакаленні Аскеркаў жылі ў Рудакове ў, хутчэй за ўсё, драўляным сядзібным доме, а пазней - у неагатычным палацыку, узведзеным у І палове XIX ст. і вядомым толькі паводле малюнка 1891 г. Ігната Урублеўскага. Будынак гэты быў адносна невялікі, складаўся з дзвюх арганічна злучаных паміж сабой частак: аднапавярховай, якая была ўласна жылым домам, і трохпавярховай, размешчанай з правага боку, вежы. Над апошняй узносіўся высокі шпіль, дзе вывешвалася харугва ўладальнікаў сядзібы, калі яны знаходзіліся дома. З цягам часу аскеркаўскі дом падаўся Ваньковічам занадта цесным, і яны збудавалі новы, неабарочны, палац, пры гэтым стары прыстасаваўшы пад афіцыну - спецыяльную надворную пабудову шляхецкай сядзібы, куды пераносіўся комплекс службовых памяшканняў. Новы палац, вядомы з фотаздымка пярэдадня Першай сусветнай вайны, які, хоць і ў перабудаваным выглядзе і занядбаным стане, але існуе ў Рудакове да сённяшняга часу, складаўся з трох карпусоў. Поле франтона было аздоблена рэльефнай выявай герба Ваньковічаў "Ліс". Цікавыя звесткі захаваліся пра інтэр'ер палаца. У прыватнасці, маюцца апісанні Анджэя Раствароўскага і Браніслава Мінейкі, якія бачылі яго на ўласныя вочы і адзначалі асаблівае шанаванне гаспадарамі старадаўніх традыцый. Напрыклад, хоць і было ўжо ўсталявана цэнтральнае ацяпленне, але Ваньковічы не адмовіліся і ад двух дзеючых камінаў.

Сцены ва ўсіх пакоях былі роўна пакрыты алейнай фарбай. Падлога выкладзена звычайным, але ў шэрагу парадных апартаментаў - рознакаляровым, паркетам. Побач са светлым дубам ужыты і чорны, якога на Палессі было багата. Толькі вестыбюль быў выкладзены чорнай і белай мармуровай пліткай. Ён быў цалкам вытрыманы ў "паляўнічым" стылі, для чаго абапал уваходных дзвярэй паставілі чучалы мядзведзяў, а на сценах развешалі галовы дзікоў і рогі аленяў ды ласёў. Бронзавая скульптура Меркурыя ў натуральную велічыню (напэўна, копія) стаяла на мармуровым п'едэстале.

Цёмна-зялёныя сцены сталовай залы да паловы сваёй вышыні былі ашаляваны дубам, а столь- выканана ў выглядзе крышкі куфра. Адметна, што над ашаляванай паловай сцен віселі фамільныя партрэты. Але не толькі яны мелі мастацкую вартасць. Вядома, што "вялікая" зала была абстаўлена двума камплектамі прывезенай з Пецярбургу мэблі ў стылі часоў Людовіка XVI, пакрытай шоўкам крэмавага колеру. Тут віселі і дзве каштоўныя карціны: "Мора" Айвазоўскага і "Караван у пустыні" невядомага мастака. Была ў Ваньковічаў і "чайная" зала, прызначаная для піцця кавы і гарбаты, што мела пазалачоную мэблю ў стылі ампір. Аздабляў яе таксама шэраг партрэтаў выяў гаспадароў маёнтка.

Не цяжка ўявіць, што шляхцічы, якія пабудавалі такі велічны палац, мелі і годную гаспадарку. Паводле "Списка землевладельцев Минской губернии 1911 года", Рудакоўскі маёнтак складаў 7075 дзесяцін.

Як сведчыў сучаснік Ваньковічаў М.Ялавецкі, гаспадарка вялася на вельмі высокім узроўні. Існаваў малочны завод з паравой устаноўкай, бровар, тартак (лесапільня) і ўзорнае лясніцтва. Гаспадары ўтрымлівалі шпіталь, школкі і дзіцячыя прытулкі. Служба і канторшчыкі ме/i/content/pi/cult/301/5111/14-2.jpgлі свае народныя чытальні, а таксама клубы. Значнай крыніцай даходу была вытворчасць дэсертнага масла, якое штодзённа высылалася на продаж у Кіеў, маючы там славу прадукту выключна высокай якасці.

Клапаціліся Ваньковічы і пра здароўе. Пра гэта сведчыць той факт, што, сярод іншых спартыўных збудаванняў, ля палаца меўся нават тэнісны корт. А вось пейзажны парк у Рудакове да пачатку ХХ ст. так і не быў створаны. У той жа час, існаваў вялікі парк старапольскага тыпу, які разам з фруктовым садам займаў плошчу каля чатырох гектараў. На панадворак перад палацам выводзіла шырокая алея, абсаджаная старымі ліпамі.

Але прыцягальны ў Рудакове не толькі будынак, а і тыя людзі, што нарадзіліся ў гэтым маёнтку. Сярод іх нельга не адзначыць постаць Аляксандра Аскеркі, які нарадзіўся 180 гадоў таму. Адметна ўжо тое, што пасля заканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта і службы ў арміі Аляксандр удзельнічаў у рабоце рэдакцыйных камісій у Пецярбургу, а з 1861 г. працягваў рыхтаваць умовы правядзення сялянскай рэформы ў Вільні. Аскерка браў удзел у працы Віленскай археалагічнай камісіі ды ў камісіі, якая апекавала дзяцей. Мала хто ведае, што менавіта ён з'яўляўся дзейсным апекуном дзяцей памерлага паэта Уладзіслава Сыракомлі.

У канцы лютага 1863 г. Аляксандр Аскерка ўвайшоў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы - цэнтра кіравання паўстаннем, дзе загадваў вайсковымі справамі і віленскай гарадской арганізацыяй (на пасадзе начальніка г. Вільні, а Кастусь Каліноўскі нейкі час быў адным з яго памочнікаў).

3 мая 1863-га Аскерка быў арыштаваны. На допытах істотных паказанняў не даў, атрымаў 15 гадоў сібірскай катаргі, з пазбаўленнем "прав состояния" і канфіскацыяй маёнтка. У 1868 г. Аскерку дазволілі вярнуцца ў еўрапейскую частку імперыі, апрача тэрыторыі Беларусі, таму давялося асесці ў Варшаве, дзе ён рэдагаваў вядомы навуковы і літаратурны часопіс "Ateneum". У 1882 г. Аляксандр скарыстаўся магчымасцю пераехаць у Вільню, і з 1885 па 1904 г. служыў дырэктарам філіяла Варшаўскага таварыства страхавання ад агню.

Сяргей БЕЛЬСКІ

Хойнікі

На здымках: герб роду Ваньковічаў;

 рэшткі сядзібнага комплексу ў Рудакове.