Пад аховай анёлаў

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

У Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава адкрылася выстаўка твораў народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашанкі пад назвай “На скрыжаваннях”. Гэтая назва — шматасацыятыўная. Гэта не толькі прасторавыя і часавыя скрыжаванні, але яшчэ і тыя, што наканаваны лёсам. Сам мастак назваў сваю экспазіцыю з 33 твораў камернай. Па ўсім відаць, з-за невялікіх для яго фарматаў. Але ніякай сэнсавай ці мастацкай камернасці не адчуваецца. Гаўрыла Харытонавіч і тут застаўся верным сваёй надзвычай натуральнай філасафічнасці, гістарычнай асэнсаванасці, натхнёнаму ўвасабленню прыгажосці роднай зямлі, блізкіх яму людзей.

Цэнтральнае месца ў новай экспазіцыі заняў “Чарнобыльскі рэквіем”. Гэта 5 тэматычна аб’яднаных твораў. Мы бачым вёску, нібы трывожна падсвечаную радыяцыйнымі бліскавіцамі. А ў небе над ёй — такія розныя і роднасна пазнавальныя твары вяскоўцаў. Нават назвы карцін цыкл гавораць вельмі многае: “Зыход”, “Аплакванне”, “Адлучэнне”, “Ачышчэнне”. Цьмяна, няпэўна, неяк сілуэтна праглядваюцца праз калючы дрот небяспечнай зоны жаночыя постаці. Затое ў іншых партрэтных творах гэтага цыкла мастак дазваляе нам угледзецца амаль у біблейскія твары шматпакутных ахвяр Чарнобыля. Чарнобыльская тэма невыпадковая ў яго творчасці, бо і сам ён нарадзіўся ў вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна, якая апынулася ледзь ці не ў эпіцэнтры трагічных наступстваў найвялікшай экалагічнай катастрофы ХХ стагоддзя.
— Гады дзяцінства і юнацтва даюць запас уражанняў на ўсё жыццё. Брагіншчына — сама зямная прыгажосць. А яе так недарэчна зачарнобілі, зрабілі небяспечнай. У ранні перыяд сваёй творчасці я часта звяртаўся да родных мясцін, да блізкіх людзей, якія нарадзіліся і жывуць там або, на вялікі жаль, сваё ўжо аджылі, — расказвае Гаўрыла Харытонавіч. І дадае:
— Кожны сапраўдны творца
ўвасабляе сабой Радзіму.
Гэтыя словы многае тлумачаць і ў творчасці самога мастака. Радзіма прысутнічае ледзь ці не ў кожным яго творы. Ён — народны па ўсёй сутнасці светаадчування. Нават партрэты пры іх канкрэтнай індывідуальнасці, маюць абагульнены характар. Гэта датычыцца не толькі “Прарока”, але і “Прафесара П.Семчанкі”, “Жонкі мастака”, “Ірыны Мятліцкай,” двайнога партрэта “Куды ідзём?”. Нельга не пагадзіцца з тым, што на нашай выстаўцы мы бачым адзін з лепшых партрэтных увасабленняў Васіля Быкава. Незвычайны ракурс, валявая сканцэнтраванасць характару...
Шматасацыятыўнасць вельмі пераканаўча прысутнічае і ў жанравых партрэтных творах:”Шляхецкая годнасць”, “Каралева Бона”, “Грыбная пара”... Філасофскім роздумам аб часе і аб сабе прасякнута карціна “Сон”. Пагадзіцеся, што вельмі рэдка можна ўбачыць аўтапартрэт мастака, які... спіць пад аховай анёлаў. Вашчанка здолеў перадаць няўлоўнасць спалучэння рэальнага з тым, што прымроілася.
Мастак аднолькава ўпэўнена пачувае сябе і ў далёкай мінуўшчыне, і ў цяперашнім часе. Гістарычныя рэаліі ён па-майстэрску робіць мастацкімі. Нават тады, калі жывапісец ставіць перад сабой, здавалася б, чыста пейзажныя мэты, ён дасягае такого прачулага краявіднага абагульнення, што яго творы робяцца сімваламі Беларусі.
Аднойчы я пачуў ад Гаўрылы Харытонавіча словы шчырага прызнання: “Заўжды хочацца выклікаць сваёй творчасцю адчуванне касмічнасці. Не, не ў сэнсе палётаў у космас. Проста, я думаю аб тым, што мы не адзінокія ў Сусвеце. Для мяне касмічнасць — гэта і патаемная прадвызначанасць... Вось паэты іншы раз скардзяцца або наракаюць, што “не ідуць” вершы. У мастакоў працэс, або, даруйце за такое слова, “тэхналогія” больш складаная. І ўсё ж, здараецца, ноч не спіш, усё да дробязей прадумаеш. А раніцай прыйдзеш у майстэрню, зробіш першы мазок — і павяло... Хто павёў, як павяло — аднаму Богу вядома. Але ад задуманага і прадуманага амаль нічога не застаецца. Хаця бывае і наадварот. Тады ці не цалкам увасабляеш тое, што прымроілася, задумалася...”Вось яно — спавядальнае прызнанне майстра. Спадзяюся, што той, хто прачытае гэта, будзе па-іншаму, крыху таксама спавядальна ўспрымаць класічныя па сваёй сутнасці творы аднаго з лепшых мастакоў сучаснасці.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
Дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі
“Традыцыя” імя Германа Пранішнікава