Канцлер і “Залатыя яблыкі”

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Намініраваны на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/301/5109/9-3.jpg

Павел Татарнікаў - адзіны мастак нашай краіны, двойчы ўганараваны прэміяй Міжнароднай біенале "Залаты яблык". Што да светлагорцаў, якія завіталі на вернісаж гэтага слыннага графіка, то яны адразу ж адчулі цудоўны беларускі смак "залатых яблыкаў". Экспазіцыя, дарэчы, мае назву "Брама мінулага" і не толькі...".

 Павел Татарнікаў засяліў дзве выставачныя залы рэаліямі ХІV, ХVІ і крыху менш аддаленых ад нас стагоддзяў. Праз "Браму мінулага..." бачым Полацкую Сафію, Жыровіцкі і Мінскі абразы Божай Маці, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу, слыннага магната і ваяводу Яна Гаштольда, беларускую Жанну д'Арк - легендарную абаронцу Слуцка Анастасію Слуцкую, стваральніка найбагацейшага прыватнага кнігазбору, апошняга канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча, жонку караля Ягайлы Соф'ю Гальшанскую, знакамітага віленскага ваяводу Яна Хадкевіча, выдатнага палкаводца князя Канстанціна Астрожскага, якога ў Еўропе называлі Ромулам, Сцыпіёнам, другім Ганібалам...

Мастацкая дакладнасць ператварае ілюстрацыі ў самастойныя жанравыя творы. Сапраўдны майстар партрэтных увасабленняў, Павел Татарнікаў вельмі яскрава дэталі/i/content/pi/cult/301/5109/9-2.jpgзуе, пакідаючы сваіх герояў у рэаліях іх жыццёвага часу. А ілюстрацыі да кніг, сабраныя разам, ствараюць панарамнае адчуванне нашай гісторыі, багатай на знакавыя асобы і падзеі. Віртуознае майстэрства дазваляе ілюзорнаму стаць рэальным і, здаецца, робіць першасным не тэкст, а малюнак.

10 гадоў аддаў Павел Татарнікаў творам, якія аб'яднаны ў серыю "Брама мінулага...". Цікава было пачуць, як ён называе тое, што малюе, гісторыямі... Мабыць, гэта больш датычылася саміх тэкстаў? Але, пералічваючы зробленае для "Брамы мінулага...", мастак зазначыў: "Аформіў серыю з дзевяці кніг, у кожнай - па сем гісторый..."

 Многія з гэтых кніг мы ўбачылі на экспазіцыйных паліцах. Я ж зноў і зноў прыгадваў акварэльныя ўвасабленні Крэўскага і Мірскага замкаў, Камянецкай вежы, Каложы, Крыжа Еўфрасінні, Сынкавіцкай царквы, бітвы на Нямізе, Нясвіжскага палаца і нават скарынаўскай Бібліі... Што і казаць, пасля грунтоўнага міжнароднага прызнання, т/i/content/pi/cult/301/5109/9-1.jpgрыумфальных выставак у Расіі, Японіі, краінах Еўропы вылучэнне на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за серыю твораў "Брама мінулага..." - натуральны крок.

 Апошнім часам мастак значна пашырыў сваю творчую прастору. Вось і на светлагорскай экспазіцыі мы бачым пранікнёна-таленавітыя акварэльныя ілюстрацыі да кнігі Алеся Краўцэвіча "Рыцары і дойліды Гародні", да опернага лібрэта Рыхарда Вагнера "Золата Рэйна" і да кнігі "Артур - кароль Альбіёна"... Гэта ён ілюстраваў шэкспіраўскага "Гамлета", "Караля Ліра", ягоную ж "Буру", цудоўна аздобіў малюнкамі "Песню пра паход Ігаравы" ў перакладзе Янкі Купалы. Дзякуючы яму адметнае мастакоўскае аблічча набыла "Аповесць мінулых гадоў" у перакладзе Уладзіміра Ягоўдзіка. А ў выніку творчых стасункаў з тайванскімі мастакамі Павел Татарнікаў далучыўся і да ўвасаблення касмаганічнай міфалогіі кітайскага народа.

Другая сустрэча са светлагорцамі (першая адбылася ў сакавіку 2004 года) засведчыла: Павел Татарнікаў узняўся на такую вышыню таленавітага майстэрства, якая дазваляе яму стаць мастацкім сааўтарам не толькі беларускай гістарычнай, але і сусветнай літаратурнай класікі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

 Светлагорск