Жарсці раяльныя і рэальныя

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Нататкі пра “Мінск-2010” з прыкідкай на “Мінск-2015”

 

/i/content/pi/cult/301/5107/8-1.jpgМіжнародны конкурс - справа сур'ёзная, надзвычай адказная і часта непрадказальная, як усялякае спаборніцтва, што вызначае не лепшага ўвогуле, а лепшага "сёння і зараз". Гэта яшчэ раз даказаў нядаўні Міжнародны конкурс піяністаў "Мінск-2010", вельмі адрозны ад сваіх папярэднікаў, што праходзілі ў 2005, 2000 і 1996 гадах. Так што, падводзячы вынікі цяперашняга (спіс пераможцаў гл. у "К" № 50 за 2010 г.), будзем адразу думаць пра наступны, аналізуючы кожны са складнікаў: арганізацыйныя пытанні, узровень саміх удзельнікаў, судзейства, грамадскі розгалас.

 Свята "ў рабочым парадку"

 Арганізацыйных недарэчнасцей на конкурсе практычна не было. Калі ў мінулыя гады, здаралася, і ўзнікалі нараканні з боку гасцей ды ўдзельнікаў (то на несвоечасовую ці недакладную інфармацыю, то на пераносы рэпетыцый і праслухоўванняў, то на немагчымасць падрыхтавацца да выступлення ў прапанаваных умовах), дык сёлета, хаця некаторыя пераносы выступленняў часам здараліся, усё было куды больш спакойна, адладжана, канструктыўна. Узрос і прэміяльны фонд, што дазваляла разлічваць на прыезд сур'ёзных канкурэнтаў.

Як заўсёды, галоўным "рарытэтам" адразу сталі конкурсныя буклеты, бо тыражу ў 150 асобнікаў ледзь хапала на удзельнікаў, іхніх педагогаў і членаў журы. Але ж самі буклеты выглядалі яшчэ больш прывабнымі, стыльнымі па дызайне, пазбавіліся прыкрых памылак. Іншая інфармацыя, у тым ліку на сайце, таксама з'яўлялася без асаблівых спазненняў і недарэчнасцей.

 Праўда, не самымі, мабыць, выйгрышнымі аказаліся тэрміны правядзення конкурсу і яго асобных этапаў. Два конкурсныя тыдні супадалі з вельмі значнымі культурнымі падзеямі. У парадку храналогіі, гэта Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), прэм'ера балета "Трыстан і Ізольда" ў нашым Вялікім тэатры, гастрольны "Шчаўкунок" у харэаграфіі Раду Паклітару, Міжнародны музычны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае" і, нарэшце, Першы Мінскі міжнародны Ражджэсцвенскі оперны форум. Таму не даводзіцца здзіўляцца, што першыя два туры праводзіліся, у адрозненне ад мінулых фартэпіянных "баталій", не ў канцэртнай зале сталічнай філармоніі, а ў Малой зале імя Р.Шырмы, што надало спаборніцтву яшчэ больш будзённасці.

Піярце піяністаў!

 Дык пра які грамадскі розгалас можна казаць пры такіх умовах? Вядома, на фоне шыкоўных мастацкіх эксклюзіваў, згаданых вышэй, конкурс глядзіцца куды менш відовішчна яркім (адзін музыкант за раялем, другі, трэці- дзе ж тут "карцінка"?) і не такім для нас незвычайным, як два фестывалі, што праводзіліся ўпершыню. Тым не менш, розгалас- быў! І не толькі на інтэрнэтаўскім форуме класічнай музыкі, дзе сведкі дзяліліся ўражаннямі, але і ў СМІ. Прычым адгукнуліся не адно спецыялізаваныя выданні, як гэта бывае найчасцей. Надзвычай удалым піяр-ходам сталася канцэртная прэзентацыя нядаўна набытай скрыпкі работы Андрэа Гварнеры менавіта на заключным канцэрце конкурсу, а не асобна. Адпаведна, узнікла і "скрыпічная" прэс-канферэнцыя, на якой, зразумела, некалькі слоў было сказана і пра конкурс.

 Ды ўсё ж, ці не замала гэтага? Пэўна, прэс-канферэнцыя патрабавалася напярэдадні спаборніцтва ці адразу пасля лёсавання. Неблагім ходам магла б стаць і фінальная сустрэча журналістаў з членамі журы і пераможцамі. А яшчэ - асобная прэзентацыя дзевяці (!) беларускіх твораў, адзін з якіх, па выбары канкурсанта, быў абавязковым для выканання ў першым туры. У любым з выпадкаў, папраўдзе шкада, што буйныя міжнародныя конкурсы, зладжаныя ў нашай сталіцы, застаюцца па-за межамі той увагі прэсы і грамадскасці, якую павінны атрымліваць. Здараецца, нават рэгіянальныя спаборніцтвы куды меншага маштабу маюць значна большую "раскрутку". А між тым, кожны конкурс кшталту цяперашняга - гэта дадатковая магчымасць папулярызаваць акадэмічнае мастацтва, яго творцаў і выканаўцаў, саму філармонію. І нашу выканальніцкую школу!

 Сярэдняе арыфметычнае

Узровень любога конкурсу вызначаецца нават не пераможцамі, а "сярэднім арыфметычным" паказальнікам ігры ўсіх канкурсантаў. А яшчэ ён "праграмуецца" самой конкурснай праграмай: не можаш яе адолець - значыць, у спаборніцтве не ўдзельнічаеш. Праграма конкурсу "Мінск2010" мела традыцыйна высокую планку і, разам з тым, давала ўдзельнікам максімум магчымасцей выявіць сваю творчую індывідуальнасць. Заўважнымі станавіліся і рысы нацыянальнай выканальніцкай школы, найперш - беларускай, бо нашых канкурсантаў было больш за ўсіх, роўна палова: 30 чалавек з 60-ці (украінцаў прыехала 16/i/content/pi/cult/301/5107/8-4.jpg, расіян - 9, прадстаўнікоў Арменіі, Грузіі, Латвіі, Малдовы і Японіі - па адным). Такая перавага беларусаў абсалютна апраўдана: дзе, як не ў сябе дома, мы можам паказаць адразу столькі добрых музыкантаў - цэлы парад салістаў! Не толькі нашы піяністы-слухачы, але і прадстаўнікі боку "канкурэнтаў" адзначалі высокую выканальніцкую культуру, асэнсаванасць ігры беларусаў, агульную добрую падрыхтоўку.

Гэта адбілася і на выніках другога тура, куды, паводле ўмоў, магло прайсці не больш за 50 працэнтаў канкурсантаў. Беларусаў і расіян трапіла больш за палову ад ранейшай колькасці (адпаведна, 18 і 5), украінцаў - менш. У фінале ж засталіся тры беларусы, двое расіян і адзін украінец.

У журы расклад быў амаль такім жа: з адзінаццаці чалавек- пяцёра нашых, уключаючы старшыню журы, народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава. Затое сярод астатніх было чацвёра абсалютна "нейтральных" назіральнікаў - з краін, якія не даслалі сваіх канкурсантаў: рэктар Казахскай нацыянальнай кансерваторыі, народная артыстка Казахстана Жанія Аубакірава, якая грала з аркестрам на адкрыцці конкурсу, прафесар Ірына Бярковіч (Ізраіль), рэктар Эстонскай акадэміі музыкі і тэатра Пеэп Ласман, прафесар Аліцыя Палета-Бугай (Польшча). Для далейшага піяру конкурсу ў яго журы або гасцявую выканальніцкую праграму было б мэтазгодна запрашаць ранейшых пераможцаў, а таксама тых нашых лаўрэатаў, якія атрымалі замежнае прызнанне.

Што ж да цяперашняга "судзейства", дык большасць пытанняў датычылася нават не канчатковага размеркавання прэмій, а вызначэння саміх фіналістаў. Бо ніводны з іх пры выкананні з аркестрам не граў "на ўсе сто". Можа, папросту стаміліся? Дый наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, якім дырыжыраваў такі стылёва тонкі інтэрпрэтатар, як Андрэй Галанаў, даваў збоі. Жудасную стомленасць аркестрантаў можна было прадбачыць: яны акампанавалі шасці салістам запар усяго з дзвюхгадзінным абедзенным перапынкам. Дый веданне аркестрам твораў, абраных канкурсантамі, было вельмі розным. Можа, надалей патрэбна рабіць перад фіналам большую паўзу для рэпетыцый? Ці праводзіць яго ў два дні, "пазычыўшы" час у другога тура?

На долю беларусаў прыпала Трэцяя прэмія (праўда, падзеленая), абодва дыпломы і ўсе тры спецпрызы- добры ўраджай!

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

На здымках: Фаціма Мярданава (ІІІ Прэмія);

 Аляксандр Самойлаў (ІІ Прэмія).

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"