Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

“Удзел у выбарах умацоўвае нацыю” “Любая падзея ў нацыянальнай культурнай прасторы з’яўляецца для мяне важнай”

/i/content/pi/cult/301/5106/6-1.jpg

19 снежня адбудзецца выключна важная грамадскапалітычная падзея - выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заўтра на ўчасткі для галасавання ва ўсіх кутках нашай краіны прыйдуць мільёны беларусаў, каб аддаць свой голас за будучыню сваёй Радзімы. У падрыхтоўцы да выбарчай кампаніі, па традыцыі, актыўны ўдзел бяруць работнікі культуры, а многія ўчасткі, што ўжо цягам некалькіх дзён прымаюць ахвотных прагаласаваць датэрмінова, месцяцца ва ўстановах галіны. На гэтым напружаным і адказным перадвыбарным тыдні сустрэцца са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй ЯРМОШЫНАЙ было няпроста. Але Лідзія Міхайлаўна знайшла час для эксклюзіўнага інтэрв'ю карэспандэнту "Культуры", у якім распавяла пра найноўшыя тэхналогіі пры правядзенні выбараў, свае мастацкія густы і нават пра... "Куст бэзу" Вінсента Ван Гога.

Традыцыі на выбарах

- Шматлікія замежныя назіральнікі за выбарамі ў нашай краіне са здзіўленнем кажуць аб традыцыі ладзіць у дзень галасавання непасрэдна на выбарчых участках канцэрты мастацкай самадзейнасці...

- З аднаго боку, гэтыя канцэрты- пэўны анахранізм, але ў іх ёсць рацыянальнае зерне. Вось на адной з нядаўніх канферэнцый з удзелам прадстаўнікоў шматлікіх дзяржаў Новага і Старога свету ўзнікла пытанне наконт існуючай у Беларусі формы галасавання: маўляў, пры сучасным развіцці найноўшых тэхналогій можна галасаваць дома, "клікнуўшы" па адпаведным "акенцы" ў праграме хатняга камп'ютара. Тады вельмі аўтарытэтныя вучоныя з Захаду адказалі, што ўсе дэмакратычныя традыцыі, у тым ліку паход на выбарчны ўчастак, - гэта той цэмент, які ўмацоўвае нацыю. Калі сядзіш дома, губляецца пачуццё адзінства, усведамленне таго, што робіш агульнанацыянальную справу, што ўдзельнічаеш у дзяржаўным праекце. Таму, на якія б вышыні ні ўзнялася наша тэхніка, нельга адмаўляць грамадзяніну ў яго суверэнным праве пайсці на выбарчы ўчастак: гэта - карысна для дзяржавы.

Тое ж можна сказаць і пра канцэрты на ўчастках. Чаму неабходна адмаўляцца ад традыцыі, якая ўпрыгожвае жыццё? І потым, дзеці (а ў асноўным менавіта яны заняты ў выступленнях) таксама з маленства прывучаюцца ўдзельнічаць у жыцці краіны. Гэта, на мой погляд, з'яўляецца двайным працэсам выхавання.

Cінонім прэстыжу

- Лідзія Міхайлаўна, вы прысутнічалі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета на спектаклях Барыса Эйфмана, наведвалі мінскія прэзентацыі "Рускіх сезонаў" Андрыса Ліепы... Ці часта ў вашым шчыльным працоўным графіку знаходзіцца час для культурных праектаў?

- Па магчымасці наведваю прэм'еры, вернісажы... Бываю ў Купалаўскім і Тэатры беларускай драматургіі. Я шчыра люблю мастацтва. Ведаеце, калі ў 1992 годзе мне, звычайнаму юрысту з Бабруйска, прапанавалі стаць членам Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дык адным з галоўных маіх меркаванняў на карысць таго, што патрэбна пагаджацца на гэтую грамадскую нагрузку, стала думка: з'явіцца магчымасць часцей наведваць тэатры, музеі! Для мяне гэта - вялікае задавальненне і радасць.

Зрэшты, яшчэ ў студэнцкія гады я збірала грошы, часта ў нечым сабе адмаўляла, каб на канікулы паехаць у Ленінград, Маскву, Рыгу, Вільнюс і некалькі дзён прысвяціць выключна культурнай праграме. Таму любая падзея ў нацыянальнай культурнай прасторы з'яўляецца для мяне важнай.

Я не прылічаю сябе да тонкіх знаўцаў мастацтва, я яго проста люблю. Асабіста для мяне яно павінна быць крыніцай радасці, задавальнення. Прынамсі, у былыя часы часцяком бывала ў Эрмітажы, але не ішла глядзець, скажам, на муміі. Я бегла да свайго ўлюбёнага месца: на трэці паверх, дзе месціліся залы імпрэсіяністаў, і напрамкі - аж да вялікіх французаў. Радавалася, што зараз пабачу палотны Рэнуара, з яго жаночымі фігурамі, "Куст бэзу" Ван Гога ды іншае. Там я магла бываць гадзінамі...

- На IV Усебеларускім народным сходзе адзін з выступоўцаў зазначыў, што дзяржава яшчэ не дачакалася ад нацыянальных культурных дзеячаў кнігі, фільма або іншага аб'екта сусветнага ўзроўню...

- Англійскі газон да ідэальнага стану расце 13 гадоў... Я іншасказальна вяду гаворку пра традыцыі. Нішто не расце на пустым месцы, таму ў першую чаргу патрэбна паклапаціцца аб стварэнні вельмі добрага культурнага слою на сучасным этапе. Толькі ўрадлівая глеба зможа ўзрасціць тых геніяў, якія будуць здатныя да стварэння знакавай падзеі ў культурнай сферы.

 Добра, што мы ўключаны ў адзіную сусветную культурную прастору. На жаль, свабода перасоўвання тавару і таленту за мяжу, з улікам тых ганарараў, якія могуць быць прапанаваны там, "вымывае" сіх-тых са здатнай моладзі. На шчасце, працэс гэты прыпыняецца тымі спрыяльнымі ўмовамі, што ствараюцца ў краіне для перспектыўных маладых творцаў. Разам з тым, пераканана, не трэба баяцца запрашаць выбітных дзеячаў замежжа на майстар-класы. Добрая нацыянальная школа, заснаваная на айчынных традыцыях, якія, у сваю чаргу, памножаны на сусветны вопыт, і прывядзе да чаканага дзяржавай выніку.

- Але часта ў гэтай сітуацыі краевугольным каменем становіцца праблема фінансавання...

- Канешне, у бліжэйшыя гады патрэбна развіваць мецэнацтва. Паглядзіце, колькі рабіла яно ў папярэднія стагоддзі! Упэўнена, у нас такое магчыма, і проста неабходна ўзнавіць традыцыю мецэнацтва ў сферы культуры. Упэўнена, павінна быць шмат дабрачынных праграм, марафонаў, прысвечаных, скажам, рамонту тэатраў, правядзенню прэстыжных тэатральных конкурсаў, заснаванню дадатковых імянных стыпендый...

Само сабой нічога не адбудзецца. З тымі, хто мае магчымасць дапамагчы, трэба мэтанакіравана працаваць. Мецэнацтва павінна стаць паняццем прыстыжу. Тут, упэўнена, шмат залежыць ад мясцовых улад. Разумею, што просьбу дырэктара тэатра не кожны з бізнесменаў заўважыць, але калі запрашэнне да супрацоўніцва прыйдзе ад мэра горада, тады, цалкам верагодна, што чалавек або арганізацыя зацікавяцца падобнай дзейнасцю.

Рэгіянальная глеба для будучыні мастацтва

 - Лідзія Міхайлаўна, вы шмат вандруеце па розных краінах. У чым, у параўнанні з замежным, "разыначка" сучаснага нацыянальнага мастацтва?

 - Лічу, наша "выратаванне" - у традыцыйнасці. У пэўным плане добра, што мы не хутка адкідваем старое: менавіта ў яго нетрах нараджаюцца каштоўнасці сучаснай культурнай прасторы. Прынамсі, калі б дзяржава з такой любоўю не культывавала фальклорныя песенныя і танцавальныя ансамблі, адкуль было б узяцца прадстаўнікам сучасных напрамкаў у харэаграфіі і эстрадных спевах?

Мяркую, варта развіваць айчынную культуру па двух напрамках. У першую чаргу - узбагачаць элітарны слой, рэкламаваць тых асаблівых людзей, якія сказалі сваё гучнае слова ў беларускім мастацтве, як нацыянальны гонар, нацыянальны здабытак. Стварэнне пэўнага мас-медыйнага кантэксту дапаможа натуральным чынам папулярызаваць айчынны арт як на рэспубліканскім, так і на сусветным узроўні.

 З іншага боку, культура мусіць набліжацца да кожнага. З гэтай мэтай неабходна развіваць яе рэгіянальны складнік. Возьмем мастацкую самадзейнасць: яна часцяком дапамагае дзіцяці абраць свой шлях у жыцці, уплывае на будучую прафесію нават тады, калі тая не звязана з творчасцю. Кажу са свайго ўласнага досведу: валодаючы добрай дыкцыяй, я з'яўлялася ў школе асноўным чытальнікам вершаў, але, у той жа час, была занадта сарамлівай, і менавіта сцэна дапамагла мне пазбавіцца ад гэтага комплексу.

 У часы майго дзяцінства таленавітыя настаўніцы музыкі, літаратуры стваралі культурнае асяроддзе ў рэгіёнах. У маёй школе № 2, што ў Бабруйску, пад кіраўніцтвам настаўніцы літаратуры працяглы час выходзіў рукапісны часопіс "Сучаснік". У яго мы неслі свае вершы, апавяданні. Выкладчыцца адкрыла нам свет паэзіі: мы перапісвалі ў сшыткі вершы паэтаў-шасцідзясятінкаў, ладзілі вечарыны, пад час якіх слухалі пласцінкі з вершамі Вазнясенскага, Ахмадулінай...

 - Ці прыдатныя падобныя напрамкі для сучаснай моладзі?

 - Канешне, усё змяняецца і ў пакалення, што ідзе нам на змену. У яго- зусім іншыя спосабы культурных зносін. Упэўнена, дзеячам культуры патрэбна ўлічваць гэта і шукаць новыя магчымасці давядзення інфармацыі да моладзі. Сёння людзі жывуць іншымі эмоцыямі, ствараюць іншыя культурныя формы. Галоўнае, каб яны не былі пачварнымі і разбуральнымі.

 Падкрэслю, многае залежыць ад той сістэмы каштоўнасцей, што закладзена ў дзяцінстве. Прыкладам, у маім коле ў свой час нармальна было збіраць грошы для паездкі ў той жа Ленінград, але непрыстойным лічылася мець за галоўную мэту набыццё прэстыжнага адзення. Мяркую, падобную сістэму каардынат неабходна прывіваць з самага маленства.

Пры непасрэдным удзеле дзяржавы павінны з'явіцца агульнарэспубліканскія адукацыйныя праграмы па культуры. Прыкладам, у Расіі існуе праект "Дзецям - аб Расіі", у рамках якога школьнікам за невялікія грошы прапануюць экскурсію па "Залатым кольцы". На маю думку, у Беларусі неабходна стварыць падобны маршрут, які стаў бы месцам адпачынку для сямей, школьных класаў. Тады ў вачах дзяцей ажыве гісторыя Бацькаўшчыны.

- Гэтымі днямі адкрываецца адзін з найбуйнейшых турыстычных аб'ектаў - Мірскі замак. У Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады ўведзены вялікі раздзел па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны, дзякуючы якому распачнецца фінансаванне аднаўлення шматлікіх замкаў, палацаў і сядзіб...

- Несумненна, такія падзеі з'яўляюцца для мяне радаснымі. Трэба ганарыцца, што нашая дзяржава адшуквае і адраджае тое, што было амаль згублена. І Мірскі, і Нясвіжскі, і Лідскі замкі- сапраўдныя перліны нашай архітэктурнай спадчыны. Аднак аб'екты неабходна правільна выкарыстоўваць, каб найбольш эфектыўна задзейнічаць усе рэсурсы гэтых скарбніц. Упэўнена, старадаўнія інтэр'еры павінны ажываць: праз адукацыйныя праграмы, музычныя імпрэзы, стылізацыя пад колішнія шляхецкія хатнія спектаклі...

Першае дзесяцігоддзе ХХІ-га

 - Заканчваецца першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя. На вашу думку, які след яно пакіне ў гісторыі Беларусі?

- Мы сталі зусім іншай краінай. Аглядваючыся на 2000-я, адчуваеш, як пачала фарміравацца нейкая адмысловая культурная прастора, і яна становіцца куды больш свабоднай духам і творчай думкай.

 Гэта, верагодна, і стала галоўным узрушэннем апошніх гадоў у культуры. У айчынным мастацтве ствараюцца сапраўды вельмі цікавыя праекты сусветнага ўзроўню. Вось у Мінску прайшло дзіцячае "Еўрабачанне". Ведаеце, калі зала ўздымалася ў адзіным парыве, прыходзіла ўсведамленне: мы - беларусы! Вось так фарміруецца нацыя, на падобных мерапрыемствах і ствараецца нацыянальная ідэя.

Таму для мяне, як і для кожнага адукаванага і неабыякавага чалавека, яна заключаецца ў любові да сваёй Бацькаўшчыны. Але не проста ў адмысловым стаўленні да "бярозак, лясочкаў, азёркаў" - так любіць вельмі лёгка, бо любіць гэта можа і іншаземец. Любоў да Радзімы мусіць быць роўнай любові маці да свайго дзіцяці: яе абавязковым складнікам павінна быць адказнасць.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"