Аперацыя “Опера”:

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

музычны профіль, пастановачны анфас, крытычны “выкрунтас”

Мінскі міжнародны Ражджэсцвенскі оперны форум, гасцей і ўдзельнікаў якога прымаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пакінуў не толькі цудоўныя мастацкія ўражанні (агляд фестывальных спектакляў - у наступных нумарах "К"). Ён прынёс і зацікаўлены роздум: пра будучыню адноўленага тэатра і яго рэпертуар, развіццё фестывальнага опернага руху і праграмы далейшых такіх форумаў, прынцыпы ўзаемаадносін тэарэтыкаў і практыкаў тэатра (як між сабой, так і з публікай, якую яны павінны выхоўваць) і нават пра сістэму падрыхтоўкі музычна-тэатральных крытыкаў. Усе гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся на "круглым стале", а таксама ў шматлікіх асабістых размовах з запрошанымі да нас маскоўскімі ды пецярбургскімі тэатразнаўцамі і "акуламі пяра". Тым больш, што многія з іх бывалі ў нашым тэатры яшчэ ў 1980-я, калі тут праводзіліся разнастайныя ўсесаюзныя фестывалі - і музычных тэатраў, і творчай моладзі.

 Сярод гасцей былі дэкан тэатразнаўчага факультэта Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэдактар музычнага аддзела "Петербургского театрального журнала" Алена Трацякова, галоўны "оперны" спецыяліст Саюза тэатральных дзеячаў Расіі, адказны сакратар Камісіі згаданага Саюза па музычных тэатрах Аляксей Садоўскі, члены экспертнага савета Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" Гюляра Садых-задэ, Дзмітрый Рэнанскі, кандыдат мастацтвазнаўства, карэспандэнт "Независимой газеты" Марына Гайковіч, аглядальнік расійскай газеты "Культура" Дзмітрый Марозаў. Беларускі "крытычны блок" прадстаўлялі кандыдат мастацтвазнаўства, начальнік аддзела міжнародных сувязей Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Ганул, рэдактар аддзела часопіса "Мастацтва" Таццяна Мушынская, а таксама аўтар гэтай публікацыі.

 Вёў "круглы стол" першы намеснік ген

/i/content/pi/cult/301/5105/5-1.jpg

еральнага дырэктара НАВТ РБ Уладзімір Рылатка.

Бочка мёду з лыжкай дробязей

Госці высока ацанілі ўзровень нашай опернай трупы. Маўляў, у Расіі, як заўважыў А.Садоўскі, сёння існуе каля дваццаці тэатраў па-за Масквой і Пецярбургам. Беларускі на іх фоне ўваходзіць у тройку лепшых на постсавецкай прасторы: "Ваш тэатр - канкурэнтаздольны, не збранзавелы, а жывы". "У вас ёсць зоркі, - дадала М.Гайковіч, - і яны задаюць планку астатнім".

Асабліва шмат захопленых водгукаў выпала на долю сімфанічнага аркестра тэат/i/content/pi/cult/301/5105/5-2.jpgра, галоўным дырыжорам якога з'яўляецца Віктар Пласкіна. І гэта не выпадкова. Як адзначыла А.Трацякова, "аснова любога музычнага тэатра- аркестр: гэта той фундамент, без якога такі тэатр папросту немагчымы. Пад час форуму спектаклі праводзілі дырыжоры з рознымі манерамі, мастацкімі канцэпцыямі, тэмпамі- аркестр спраўляўся з любымі задачамі". І ўсё гэта, між іншым, - з адной рэпетыцыі. Падобная практыка, калі з аркестрам часцяком працуюць запрошаныя дырыжоры, заўважыла Г.Садых-задэ, выдатна спрыяе далейшаму развіццю калектыву, і яе трэба працягваць. Але ўжо сёння, падкрэсліў А.Садоўскі, аркестр уражвае паўнавартасным гучаннем усіх груп, збалансаванасцю і чысцінёй тэмбраў духавых. Ва ўсім гэтым, прадоўжыла М.Гайковіч, адчуваецца добры ўзровень выканальніцкіх школ Беларусі, тая вялізная праца, якую праводзіць па падрыхтоўцы спецыялістаў Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

Далёка разнеслася слава і пра хор нашага тэатра. Але, шмат чуўшы пра яго дасягненні, госці адзначылі і тыя кірункі, па якіх трэба рухацца калектыву надалей. "Бачна вельмі вялікая праца галоўнага хормайстра Ніны Ламановіч, асабліва ўражвае стройнае гучанне жаночых галасоў, бо ў іншых трупах яно бывае надта пярэстым. Ёсць у вас і добрая харавая культура, і асаблівы, толькі вам уласцівы, гук. У рэзерве ж- павышэнне сцэнічнай культуры хору, для чаго патрэбны асобныя сістэмы трэнінгу", - падкрэсліла А.Трацякова. Сапраўды, сучасны тэатр патрабуе не толькі спеўных, але і пластычных артыстаў, не кажучы ўжо пра іх артыстызм. І калі ў нашым хоры ёсць добрыя галасы і зладжанасць спеваў, выпрацаваная пачуццём партнёрства і ўменнем слухаць, дык чаму б не запрасіць харэографаў і рэжысёраў, якія яшчэ больш разняволілі б нашых артыстаў?

Трапнай была і прапанова Г.Садыхзадэ больш увагі надаваць грыму, парыкам і ўвогуле знешняму выгляду цэнтральных персанажаў спектакляў (найперш - сярод салістаў-гасцей) і ўсіх, хто выходзіць на сцэну. Можа, нават запрасіць спецыяльнага мастака па грыме. Бо ў тэатры такога рангу, як наш, дробязей і неадпаведнасцей, якія маглі б сапсаваць уражанне, быць не павінна.

 А хто ваш інтэндант?

 Адкрыццём для расійскіх знаўцаў стала і сістэма кіравання, што склалася ў нашым тэатры. Яны прызвычаіліся, што на чале тэатра звычайна стаіць так званы інтэндант - творчы лідар, аўтарытэт якога (не толькі ў калектыве, але і ўвогуле ў мастацкім свеце), эстэтычныя густы, веды, кантакты і нават узрост вызначаюць далейшае развіццё трупы, уплываюць на яе імідж. У нас жа яны сутыкнуліся з іншай мадэллю: тэатрам, па словах А.Садоўскага, кіруе дырэктарат. Такая сістэма больш распаўсюджана ў вялікіх вытворчых кампаніях ці нават карпарацыях, на чале якіх можа стаяць цэлы савет дырэктараў.

У нашым жа тэатры, акрамя дырэкцыі, існуюць традыцыйныя пасады "галоўных": дырыжора, рэжысёра, мастака. Таму расійскім тэарэтыкам і практыкам, запэўнілі госці, будзе цікава назіраць за далейшым развіццём не толькі ўласна трупы, але і тэатра цалкам - як асобнага арганізма ў межах самастойнай дзяржавы. Такая сістэма, дапоўніла М.Гайковіч, жыццяздольная, калі творчыя асобы і дырэкцыя мысляць у адным ключы. Больш за тое: пры пэўных абставінах гэта дазваляе мастакам дбаць выключна пра творчасць, бо вырашэнне арганізацыйна-эканамічных праблем бярэ на сябе адміністрацыя. Так што залогам паспяховага руху наперад становіцца ўзаемаразуменне паміж гэтымі двума складнікамі.

 Рэпертуарчык па памеры і навыраст

 Не засталіся па-за ўвагай крытыкаў найменні фестывальных спектакляў, што красамоўна адлюстроўвалі нашу цяперашнюю афішу: чатыры італьянскія оперы ("Набука" і "Травіята" Дж.Вердзі, "Тоска" Дж.Пучыні, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні) і адна французская ("Кармэн" Ж.Бізэ). Прычым усе - ХІХ стагоддзя.

Т.Мушынская ўзняла праблематыку нацыянальнай оперы, Н.Ганул нагадала пра неабходнасць працягваць лепшыя традыцыі, напрацаваныя тэатрам у тыя ж 1970-я - 80-я гады, калі на нашай сцэне спявалі прызнаныя зоркі і ставіліся оперы, у тым ліку беларускія, якія атрымлівалі шырокі ўсесаюзны розгалас. Ды і цяпер расійскім знаўцам, як яны самі зазначылі, было б надзвычай цікава даведацца, як працуюць у жанры оперы нашы кампазітары. А яшчэ - убачыць у фестывальнай праграме сучасны яе варыянт.

 Увогуле, оперны рэпертуар ХХ стагоддзя застаецца на сёння адной з галоўных "фішак" не толькі многіх фестывальных праграм свету, але і самой рэжысуры. Вось дзе поле неаранае! У кантэксце многіх сучасных "наваротаў" галоўны рэжысёр НАВТ Беларусі Міхаіл Панджавідзэ ўспрымаецца, заўважыў Д.Марозаў, рэжысёрам досыць традыцыйным. Таму няма чаго баяцца ягоных пастановак і прапаноў. Як зазначыла Г.Садых-задэ, рэжысёры ўжо стаміліся "пераварочваць" у розныя бакі ўсім вядомую класіку. Оперы ж ХХ стагоддзя, з іх безліччу музычных стыляў, напрамкаў, нават закранутых тэм, даюць магчымасць раскрыцца любой творчай індывідуальнасці. Нарэшце, гэта ўжо класіка, прычым мінулага стагоддзя. Дык навошта яе абыходзіць?

Нам, калі ласка, вось гэтую мадэль...

 Расійскія госці, спрактыкаваныя на самых разнастайных оперных фестывалях, у тым ліку ў далёкім замежжы, шчодра дзяліліся сваім вопытам. Кожнаму з іх было што параіць арганізатарам Мінскага міжнароднага опернага Ражджэсцвенскага форуму. Бо існуюць фестывалісправаздачы, калі тэатр паказвае свае дасягненні за пэўны перыяд, фестывалі спевакоў або дырыжораў, пабудаваныя на запрашэнні, найперш, зорак - і ў гала-канцэрты, і ў рэпертуарныя спектаклі тэатра. Ёсць і фестывалі, заснаваныя на спалучэнні розных жанраў. Ёсць спецыялізаваныя маладзёжныя форумы, мэтай якіх становіцца агляд маладых тэатральных сіл і, адпаведна, тэатральнай будучыні. У Пярмі да оперы, якая застаецца "галоўнай дзейнай асобай" фестывалю, далучаюцца фільмы, выстаўкі, канцэрты.

На Захадзе часцей распаўсюджаны форумы, заснаваныя на сусветных прэм'ерах старадаўніх ці, наадварот, найноўшых опер. Ёсць і фестывальная практыка замовы новых твораў ці конкурсу на лепшую оперу, якая і будзе пастаўлена на гэтым свяце.

Цяперашні форум спалучыў прыкметы некалькіх мадэлей. З аднаго боку, былі запрошаныя спевакі і дырыжоры, якія ўдзельнічалі ў нашых спектаклях і заключным гала-канцэрце. З другога боку, былі і гасцявыя спектаклі, прывезеныя Латвійскай нацыянальнай операй і Новай операй імя Я.Колабава. Акурат у дні форуму, але, на жаль, не ў яго межах, адбылася і сусветная прэм'ера: аднаактовая камічная опера беларускага кампазітара Уладзіміра Кур'яна, напісаная 26 гадоў таму і гады два як перапрацаваная па просьбе нашага тэатра, была з поспехам пастаўлена опернай студыяй БДАМ у якасці эксперыментальнага праекта.

Расійскія знаўцы схіляліся да таго, што найбольш перспектыўным для развіцця тэатра (але ж і далёка не самым танным) можа быць запрашэнне на фестываль не асобных спевакоў, а менавіта тэатральных труп - з лепшымі спектаклямі апошняга часу. Чаму менавіта такая мадэль? Гэта добра пракаменціравала Г.Садых-задэ. На яе думку, фестывальная мадэль залежыць ад геапалітычных умоў, у якіх знаходзіцца тэатр, што ладзіць фестываль. Беларусь мяжуе не толькі з рэспублікамі былога Саюза, але і з Заходняй Еўропай. Таму можна было б запрашаць калектывы адтуль. Тым самым фестываль і, адпаведна, тэатр станавіліся б цікавымі для самых розных краін. А гэта - новыя кантакты, гастролі, увесь спектр развіцця сусветнага мастацтва. Пэўна, трэба ўлічыць і вопыт Мюнхенскай біенале: там адзін год праводзіцца фестываль традыцыйных опер, а другі год - конкурс на лепшы сучасны твор у гэтым жанры.

 Неблагім было б і запрашэнне на нашы форумы не толькі дырэктараў тэатраў, як гэта было сёлета, але і прадзюсараў, арганізатараў іншых оперных фестываляў. А яшчэ - суседства эксперыментальных праектаў, у тым ліку прызначаных для камернай сцэны. Бо без такой студыйнай работы, без прафесійных абмеркаванняў творчых эксперыментаў, іх пралікаў і заваёў рух наперад - немагчымы.

А тое, што без фестываляў сёння жыць не толькі не "модна", але і ўвогуле "аніяк", падкрэсліла А.Трацякова. Бо фестываль стварае здаровую творчую канкурэнцыю, пашырае эстэтычныя межы як саміх творцаў, так і публікі. "Ваш эксклюзіў,- сказала яна, - гэта фестываль спектакляў. У нас такім з'яўляецца хіба "Залатая маска". Так што поле дзейнасці ў вас- вялізнае. Адзінае што - на такіх фестывалях павінна быць больш абмеркаванняў, можа, нават канферэнцый. І- жывых чалавечых стасункаў".

А "суддзі" дзе? Рыхтуюцца!

"Сінтэзам" некалькіх жанраў госці назвалі не толькі ўласна форум, але і яго "круглы стол". На пасяджэнні прысутнічалі артысты тэатра, таму крытыкі былі вымушаны звярнуцца да жанру "выступлення на трупу". Кіраўніцтва ж прасіла абмеркаваць прагледжаныя спектаклі, і госці разлічвалі на сутыкненне думак, ацэнак, на гарачыя дыскусіі між сабой і, мабыць, пастаноўшчыкамі, сведкамі чаго артысты быць не павінны.

Прафесіяналізм музычна-тэатральнай крытыкі, яе запатрабаванасць і вага ў грамадстве, этычна-маральныя нормы і эстэтычныя крытэрыі - усё гэта абмяркоўвалася і ў кулуарах. Госці скардзіліся, што ў Расіі іх не заўсёды прапускаюць на "камерцыйныя" праекты, што адны тэатры браніруюць для крытыкаў лепшыя месцы на самыя нашумелыя прэм'еры, другія ж, пагнаўшыся за продажам білетаў, прапануюць карыстацца прыстаўнымі крэсламі, а гэта не заўсёды зручна. Узгадвалі і еўрапейскі вопыт: нават з пасведчаннем не вядомага на Захадзе расійскага выдання, без папярэдніх тэлефанаванняў да кіраўніцтва ім заўсёды прадастаўлялі спецыяльныя месцы "для крытыкаў", што ёсць у кожным тэатры.

 Асабіста мяне вельмі зацікавіў вопыт працы тэатразнаўчага факультэта Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі тэатральнага мастацтва, дзе ў свой час працягваў адукацыю наш Дзмітрый Рэнанскі, які цяпер стаў адной з уплывовых фігур расійскай музычна-тэатральнай крытыкі. Як паведаміла дэкан факультэта А.Трацякова, там зроблены акцэнт на культуралагічныя аспекты, у поўным аб'ёме выкладаецца гісторыя тэатра (ад музычнага да лялечнага), літаратуры, жывапісу, кіно, рэжысуры, падрабязна вывучаюцца пастановачныя, дырыжорскія, выканальніцкія тэндэнцыі розных эпох. Іншымі словамі, тэатр разглядаецца ва ўсім кангламераце яго складнікаў і адгалінаванняў. На кожны з такіх курсаў запрашаюцца не проста выкладчыкі, а прызнаныя спецыялісты ў кожнай са сфер. Ды і заняткі праводзяцца не толькі ў звыклых аўдыторыях, а і непасрэдна ў музеях, архівах, сховішчах, пачынаючы з Эрмітажа.

 Па-добраму зайздросна? Алена Усеваладаўна абяцала прыехаць праз год з майстар-класамі. Ды і ўсе госці выказвалі жаданне прыязджаць да нас на прэм'еры. І не толькі оперныя!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"