Умовы для кіно

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

17 снежня — Дзень беларускага кіно

 

Святочны вечар, прымеркаваны да Дня беларускага кіно, адбыўся ўчора ў сталічным кінатэатры "Перамога".

Узнагароды Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 40 чалавек, сярод якіх - вядомыя акцёры, рэжысёры, члены здымачных груп ды іншыя ўдзельнікі кінапрацэсу.

У наступныя гады будзе адбывацца стопрацэнтнае фінансаванне толькі студэнцкіх, дэбютных фільмаў маладых рэжысёраў, а таксама анімацыйных і дакументальных кінастужак. Ігравое ж кіно дзяржава, як ужо паведамлялася, падтрымае шляхам фінансавання 70% бюджэту фільма, астатнія сродкі павінны будуць знаходзіць самі кінавытворцы. Гэта прадугледжвае праект Закону аб кінематаграфіі, некаторыя палажэнні якога агучыў на прэс-канферэнцыі 15 снежня выконваючы абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны Андрэй Бычкоў.

Закон павінен быць прыняты цягам 2011-га, а вось Указ Прэзідэнта аб падтрымцы кінавытворчасці чакаецца яшчэ ў гэтым годзе. У ім прадугледжана, што "Беларусьфільм" і "Беларускі відэацэнтр" ды іншыя арганізацыі, што ствараюць карціны, будуць практычна вызвалены ад падаткаў. Па словах Андрэя Бычкова, у міністэрствы краіны будуць унесены прапановы, згодна з якімі, прыватным беларускім і замежным кінакампаніям будзе больш зручна і выгадна супрацоўнічасць з дзяржаўнымі кінавытворцамі.


***

Віншуем!

 Паважаныя сябры!

Стваральнікі і захавальнікі традыцый беларускага кінематографа!

Прыміце шчырыя віншаванні з Днём беларускага кіно, дзякуючы якому шматлікія пакаленні нашых грамадзян і замежных гледачоў знаёмяцца з гісторыяй, самабытнай культурай, сацыяльна-эканамічным патэнцыялам Беларусі, выхоўваюцца ў духу высокіх маральных каштоўнасцей, уласцівых беларускаму народу.

У гэты святочны дзень дазвольце падзякаваць вам за значны ўклад у развіццё культуры нашай краіны, за талент, адданасць прафесіі і падзвіжніцтва. Жадаем вам шчаслівага і доўгага жыцця ў кінамастацтве, а вашым творам - вечнасці. Здароўя вам, шматлікіх і ўдзячных гледачоў, новых творчых поспехаў і дасягненняў!

Старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля АЎДЗЕЕВА