Пагаслі фарбы на палітры…

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Пайшоў з жыцця Іван Сямёнавіч Дмухайла, старэйшы беларускі жывапісец, вялікі працаўнік пэндзля, пясняр прыроды, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

Ён быў сынам дзвюх маці — залатой Украіны, дзе нарадзіўся і атрымаў прафесійную адукацыю, і сінявокай Беларусі, якая дала яму як творцу славу, гонар і народнае прызнанне.
Так ужо склаўся лёс, што я спазнаў Івана Сямёнавіча 50 гадоў таму, калі ён у Гродне пачынаў сваё ўзыходжанне на Алімп Вялікага мастацтва. Потым, ужо ў Мінску, мы даволі часта сустракаліся, і нам было пра што пагаварыць і што ўспомніць.
Ён быў сапраўдным мастаком, для якога прырода стала галоўнай і пастаяннай крыніцай натхнення і творчага шчасця. Яго паэтычныя пейзажы вылучаюцца асаблівай беражлівасцю адносін да навакольнага свету, патрэбай адчуць біццё сэрца гэтага свету. І таму палітра жывапісца заўсёды была напоўнена вытанчанай музыкай колеру і гармоніяй лірычных вобразаў.
Ён стаў па-сапраўднаму духоўным спадкаемцам В.Бялыніцкага-Бірулі і В.Цвіркі, якія ў свой час падтрымалі яго добрым наказам на дарогу і якім Іван Сямёнавіч быў удзячны ўсё сваё жыццё. Прырода для І.Дмухайлы, як і для яго вялікіх настаўнікаў, была і храмам, і майстэрняй. Храмам чалавечай душы, адкрытай лёсу і часу. І — майстэрняй вечнага імкнення да дасканаласці…
Царства Нябеснае табе, дарагі Іван Сямёнавіч!

Барыс КРЭПАК,
заслужаны дзеяч
мастацтваў РБ