Складнікі дзяржаўнасці

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Карэспандэнты “К” звязаліся з раёнамі Беларусі, каб даведацца, якім чынам задзейнічаны работнікі і ўстановы культуры ў выбарчай кампаніі2010.

/i/content/pi/cult/301/5097/3-3-.jpg

Брэстчына

 Начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага выканкама Ніна Прыхач паведамляе "К", што ўчасткі па выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь размешчаны ў 28 установах культуры. Сярод іх - Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтральная бібліятэка, астатнія- сельскія дамы культуры і клубы.

Заўтра гасцінна сустрэне выбаршчыкаў і СДК вёскі Навасёлкі. Наталля Пражога больш за дзесяць гадоў сумяшчае кіраўніцтва гэтай установы з грамадскімі абавязкамі старшыні выбарчай камісіі. Навасёлкаўцы лічаць такое сумяшчэнне цалкам натуральным: культура і ідэалогія - неад'емныя складнікі дзяржаўнасці.

 Віцебшчына

У кожным раёне вобласці, як і паўсюдна па краіне, распрацаваны графік культурнага абслугоўвання выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Насычаная канцэртная праграма падрыхтавана і ў Докшыцкім раёне.

 Па словах начальніка аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама Інгі Журомскай, графік мерапрыемстваў узгоднены са старшынямі выбарчых камісій у горадзе і на сяле. У тыя паселішчы раёна, дзе няма ўстаноў культуры, прыедзе аўтаклуб.

Гомельшчына

 У Гомельскай вобласці шмат работнікаў сферы культуры задзейнічана ў працы выбарчых камісій. Так, у Петрыкаўскім раёне ўчасткі для галасавання працуюць на базе прыкладна 20 СДК і СК. Ва ўсіх гэтых установах культуры 19 снежня плануецца зладзіць выстаўкі дзіцячых малюнкаў і разнастайных вырабаў майстроў дэкаратыўна прыкладнога мастацтва. А ў самім Петрыкаве, па словах начальніка аддзела культуры райвыканкама Наталлі Кандрацьевай, выбарчыя ўчасткі размешчаны, у прыватнасці, у раённым Доме культуры. Натуральна, яны не застануцца па-за ўвагай культработнікаў: 19 снежня там запланаваны выступленні шматлікіх самадзейных творчых калектываў горада.

 Гродзеншчына

 Як і паўсюль на Беларусі, у канцэртным "насычэнні" заўтрашняга дня выбараў на Смаргоншчыне бяруць удзел усе работнікі культуры.

Начальнік мясцовага аддзела культуры Таццяна Ражава расказала "К", што, да прыкладу, старшынёй раённай выбарчай камісіі з'яўляецца дырэктар РДК Алена Яблыкава. На гэтым участку пройдзе, натуральна, канцэрт. Гэткія ж мерапрыемствы запланаваны амаль ва ўсіх клубных установах раёна (усяго іх 18). Выбарчыя ўчасткі размясціліся ў дзвюх бібліятэках. Тут для выбаршчыкаў працуюць разнастайныя кніжныя выстаўкі.

Магілёўшчына

 Усе выбарчыя ўчасткі вобласці 19 снежня актыўна абслугоўваюць аддзелы культуры. Да прыкладу, у Горацкім раёне, як паведамляе "К" начальнік мясцовага аддзела культуры Аляксандр Жыгун, апрача канцэртных праграм выбаршчыкі могуць наведаць выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выязныя музейныя экспазіцыі, відэафільмы патрыятычнага зместу. Дзецям у горадзе і на сяле будзе прапанаваны прагляд мультфільмаў.

Міншчына

 Свае канцэртныя праграмы прадставяць на участках для галасавання і культработнікі Капыльшчыны. Як распавяла начальнік аддзела культуры Наталля Царкова (яна, дарэчы, з'яўляецца сакратаром адной з выбарчых камісій), як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці плануюцца выступленні самадзейных ансамбляў, сярод якіх, натуральна, будуць задзейнічаны і тыя, што маюць званні "народны" і "ўзорны". Да таго ж, многія супрацоўнікі сферы культуры прымаюць удзел у працы выбарчых камісій як члены, так і сакратары.

Мінск

 Па словах начальніка аддзела культуры Першамайскага раёна сталіцы Наталлі Каралёвай, супрацоўнікі сферы культуры задзейнічаны на некалькіх выбарчых участках. Таксама яны будуць наведваць 19 снежня дамы прыватнага сектара, дзе пражываюць пажылыя людзі, каб запрасіць іх прыняць удзел у галасаванні. На ўсіх участках будуць працаваць шматлікія калектывы, а таксама роставыя лялькі. Да таго ж, на пероне станцыі Дзіцячай чыгункі 18 і 19 снежня будзе ладзіцца конкурсна-гульнёвая праграма для наведвальнікаў пад назвай "Шчаслівыя дзеці - моцная Беларусь!".