Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы паступова, крок за крокам узнаўлялі перарваную сувязь часоў...”

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Як дарэчы ўзгадваліся строфы пра “мароз і сонца — дзень цудоўны!” 16 снежня ля старажытных муроў Мірскага замка, які ў гэты дзень ўрачыста адкрыўся для наведвальнікаў пасля працяглай рэканструкцыі. Двор велічнага палаца літаральна віраваў ад разнастайных дзей: гасцей, якія завіталі ў Мір спецыяльна, каб пазнаёміцца з адноўленай архітэктурнай перлінай нашай гісторыка-культурнай спадчыны ХVI — ХХ стагоддзяў, сустракалі сярэднявечныя рыцары, побач ішло народнае гулянне, музыкі ў стылізаваных касцюмах выконвалі старадаўнюю беларускую музыку… Паветра было проста насычана атмасферай свята і радасці!

/i/content/pi/cult/301/5096/2-1.jpg

 Адным з першых наведвальнікаў палацавага комплексу "Мір" у гэты дзень стаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

 Урачысты настрой у Міры быў абсалютна не выпадковы. Слынны замак - не проста выдатны ўзор беларускага дойлідства ХVI - ХХ стагоддзяў, што перажыў шэраг эпох, насычаных палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі, а таксама і ваеннымі падзеямі, меў розных уладальнікаў, кожны з якіх перабудоўваў і прыстасоўваў яго да ўласных патрэб і густаў. Ён "прайшоў" праз стагоддзі і выстаяў перад самымі рознымі нягодамі, захоўваючы сваё высакароднае і гордае аблічча. Нездарма ў 1993 годзе Міжнародная асацыяцыя па абароне (і паляпшэнні) еўрапейскай архітэктурнай і прыроднай спадчыны "Europa Nostra", у якую ўваходзяць спецыялісты з 19 краін кантынента, адзначыла яго дыпломам "За захаванне аднаго з найбольш значных помнікаў замкавай архітэктуры Беларусі, рэстаўрацыю часткі замка і рэканструкцыю". А ў 2000-м Мірскі замак стаў першым з архітэктурных помнікаў нашай краіны, унесеных у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Дзякуючы даручэнню, дадзенаму Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у 2003 годзе, распачаліся актыўныя рэстаўрацыйныя работы ў замку. Яны ўключылі ў сябе тры пускавыя комплексы: рэстаўрацыю з рэканструкцыяй і музеефікацыю музейнай часткі будынкаў чатырох вежаў і палацавага Паўночнага корпуса, увядзенне ў эксплуатацыю апартаментнай часткі, а таксама рэканструкцыю рэгулярнага італьянскага і пейзажнага англійскага паркаў, ачыстку става і пабудову-рэканструкцыю службовых будынкаў на тэрыторыі (апошні ком/i/content/pi/cult/301/5096/1-1.jpgплекс мяркуецца завяршыць да канца 2012 года).

У чацвер Кіраўнік дзяржавы ўбачыў на ўласныя вочы і ацаніў вынікі той працы, якую правялі ў Мірскім замку за сем гадоў айчынныя рэстаўратары і музейшчыкі: Аляксандр Лукашэнка прайшоў па замкавых музейных залах, пазнаёміўся з яго новай экспазіцыяй. Па-гасціннаму шчыра прывітаў ён прысутных на гэтым свяце шматлікіх прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Швецыі... А таксама- дырэктараў вядучых музеяў з краін-суседак, якія завіталі ў Мір не толькі, каб парадавацца разам з намі з нагоды адкрыцця пасля рэканструкцыі выдатнага помніка, але, пэўна, і для таго, каб ацаніць гісторыка-турыстычны патэнцыял аб'екта для замежных турыстаў і вызначыць перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

Азнаёміўся Прэзідэнт і з апартаментнай часткай замкавага комплексу, прыстасаванай для правядзення на яе базе канферэнцый і іншых сустрэч, у тым ліку і на самым высокім узроўні, а таксама прыёму наведвальнікаў - цяпер тут размясцілася невялічкая гасцініца для ахвотных пажыць у "княжацкіх" апартаментах.

Аляксандр Лукашэнка меў магчымасць наведаць і выстаўку жывапісу сучасных беларускіх мастакоў Віктара Альшэўскага, Міхаіла Баразны і Уладзіміра Зінкевіча, якая гэтымі днямі адкрылася ў сценах замкавага комплексу. Таксама з удзелам Лідара нашай краіны адбылася цырымонія гашэння маркі з выявай Мірскага замка, спецыяльна выпушчанай да ўрачыстасцей (як вядома, першая такая марка, прысвечаная Мірскаму замку, з'явілася ў 1930-я гады).

"Беларусь па праву ганарыцца сваім багатым гістарычным і культурным мінулым, - запісаў у Кнізе ганаровых гасцей Кіраўнік нашай дзяржавы. - Сярод найвышэйшых дасягненняў майстэрства нашых суайчыннікаў - Мірскі замак, унікальны ўзор нацыянальнага дойлідства ХVI - ХХ стагоддзяў.

Уздымаючы яго з руін і заняпаду, мы не проста адбудоўвалі помнік архітэктуры. А паступова, крок за крокам узнаўлялі перарваную сувязь часоў. Вярталі сабе шматвяковую славу, адраджалі гістарычную самасвядомасць і веру ў тое, што беларусы - народ геніяў і тытанаў духу.

Сёння замкавы комплекс у гарадскім пасёлку Мір адкрываецца нарэшце ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці. Гледзячы на яго, сэрцам адчуваеш жывую пераемнасць многіх пакаленняў. Продкі перадавалі нам у спадчыну мару аб вольнай і незалежнай Айчыне. І наш святы абавязак - увасобіць яе ў жыццё, разам пабудаваць моцную і квітнеючую Беларусь.

Няхай адноўлены Мірскі замак і надалей сведчыць аб важным месцы Беларусі ў еўрапейскай гісторыі, выхоўвае ў сучаснікаў пачуцці патрыятызму, гонару за сваю Радзіму і адказнасць за яе будучыню".

 "Вядомыя беларускія гістарычныя асобы з радоў Ільінічаў, Радзівілаў, Святаполк-Мірскіх заклалі фундамент замка, на якім мы змаглі аднавіць гэты помнік архітэктуры, гісторыі і культуры, нацыянальнай славы Беларусі", - сказаў міністр культуры Павел Латушка ў размове з Прэзідэнтам. І нагадаў, што ў розныя часы на тэрыторыі Беларусі было пабудавана 116 замкаў, з якіх да нашых дзён захавалася дваццаць адзін. "Гэта яшчэ адно сведчанне еўрапейскіх каранёў, культурнага багацця краіны", - сказаў ён.

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, зазначыў, што ён гатовы падтрымаць ініцыятыву Міністэрства культуры па стварэнні і рэалізацыі праграмы "Замкі Беларусі", пакліканай паспрыяць рэс/i/content/pi/cult/301/5096/2-2.jpgтаўрацыі альбо кансервацыі тых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія маюцца сёння ў нашай краіне. Па папярэдніх разліках, на яе ажыццяўленне спатрэбіцца каля 150- 170 мільярдаў рублёў. "Гэта не такія вялікія грошы на сем гадоў. Мы абавязкова іх адновім: за сем гадоў гэта пад'ёмна па фінансах", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. У той жа час, беларускі Лідар засяродзіў увагу на тым, што ў нас пакуль яшчэ існуе праблема са спецыялістамі ў галіне рэстаўрацыйнай дзейнасці. І для таго, каб не шукаць іх па ўсім свеце, сёння на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распачата падрыхтоўка студэнтаў, якія ў будучым змогуць стаць майстрамі рэстаўрацыйнага мастацтва.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму нават пры такой магутнай і сістэмнай падтрымцы гісторыка-культурнага турызму з боку дзяржавы апошні пакуль яшчэ не стаў насамрэч прыбытковым бізнесам, Аляксандр Лукашэнка нагадаў: у параўнанні з іншымі дзяржавамі, якія маюць падобныя традыцыі, што налічваюць сотні гадоў, наша дзяржава яшчэ знаходзіцца на самым пачатку гэтага шляху. "Нам пакуль яшчэ зарана хваліцца, - зазначыў ён, - аднак усё ж ёсць што паказаць свету: не толькі Мірскі замак, але і Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі..." І дадаў: "У нас гэта пакуль што яшчэ не стала бізнесам- таму трэба вучыцца. А ў тым, што такі бізнес будзе, я ніколькі не сумняваюся, бо кожны год падвойваецца колькасць людзей, якія прыязджаюць на падобныя аб'екты".

Адзначаючы, што па выніках гэтага года колькасць наведвальнікаў Мірскага замка складзе парадку 180 тысяч, Прэзідэнт адзначыў, што праблема турыстычнай інфраструктуры, якая на сённяшні дзень яшчэ існуе, усё ж не такая невырашальная. "Думаю, што гэта справа часу. Праблему з гасцініцамі можна вырашыць цягам года - гэта самае простае", - сказаў ён. Іншая справа, што, па словах Лідара краіны, варта папярэдне пралічыць усё неабходнае для таго, каб п/i/content/pi/cult/301/5096/2-3.jpgотым гэтыя гасцініцы былі загружаны, а не пуставалі. У якасці прапановы мясцовым уладам ён выказаў ідэю сумяшчэння гісторыка-культурнага накірунку з паляўнічым, спартыўным. "Мы - толькі на пачатку шляху", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Дзень урачыстага адкрыцця палацавага комплексу "Мір" стаўся яркім і запамінальным святам не толькі для гасцей замка, але папраўдзе і для ўсіх жыхароў пасёлка. Для іх у гэты дзень адбылося тэатралізаванае прадстаўленне ля старых муроў Мірскага замка, канцэртныя выступленні ансамбляў "КласікАвангард", "Пастараль", "Харошкі", "Талака", а таксама - унікальны святочны феерверк з выкарыстаннем гістарычных феерверачных традыцый Казіміра Семяновіча.