Аляксандр Лойка: “На маёй галаве няма кароны начальніка”

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Першыя ўражанні адносна стылю працы новага начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра ЛОЙКІ падчас яго наведвання ўстаноў культуры Навагрудскага раёна былі, як кажуць, станоўчыя. Яго можна ахарактарызаваць як чалавека адкрытага, адукаванага, дэмакратычнага, схільнага не павялічваць дыстанцыю паміж сабой і падначаленымі, а, наадварот, змяншаць, нівеліраваць яе праз досціпы і вясёлыя кампліменты, і адначасова — сур’ёзнага, прынцыповага, калі гаворка тычыцца справы. Зрэшты, гэта ўсяго толькі мае суб’ектыўныя ўражанні. Лепшы спосаб знаёмства чытачоў “К” з новым кіраўніком абласнога ўзроўню ў галіне культуры — даць слова яму самому.

— Цікавасць да асобы новага кіраўніка сярод тых, хто працуе ў галіне культуры, цалкам заканамерная. Таму і гутарку нашу хацелася б пачаць з вашых, так бы мовіць, пачаткаў.
— Я з’явіўся на свет сорак чатыры гады таму ў Маладзечне. Карані мае — на Гродзеншчыне, але гэты горад стаў месцам пераезду маіх бацькоў. Там прайшло маё дзяцінства, там вучыўся ў музычнай школе. Як і многія мае равеснікі, дэбютаваў на сцэне ў складзе школьнага вакальна-інструментальнага ансамбля, які меў поспех сярод аднакласнікаў. Нават паспрабаваў сябе ў ролі кіраўніка аркестравай групы, якая акампанавала нашаму школьнаму харавому калектыву, дарэчы, даволі прыстойнаму паводле свайго ўзроўню. Такім чынам, іграў на скрыпцы, на баяне і на бас-гітары — у залежнасці ад рэпертуару. І гэтае захапленне музыкай у значнай меры прадвызначыла мой лёс. Таму, адслужыўшы ў войску, дзе часам браў у рукі баян, паступіў у Інстытут культуры на спецыяльнасць “народны хор”.
Асобным “спецкурсам” гэтай ВНУ для мяне стаўся ўдзел у знакамітым цяпер ансамблі “Церніца”, — тады ён яшчэ толькі пачынаўся. Там, за студэнцкай партай, я сустрэў і сваю будучую жонку.
Яшчэ падчас вучобы мы разам кіравалі дзіцячым фальклорным гуртом “Валошкі”, я быў хормайстрам хору ВА “Гарызонт”. А атрымаўшы дыпломы, накіраваліся па размеркаванні ў Гродна, у Абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
Гэтая праца адразу захапіла: яна давала цудоўную магчымасць знаёмства з беларускім фальклорам, так бы мовіць, у першакрыніцах — падчас экспедыцый па нашым, багатым на свае традыцыі краі. На падставе сабранага матэрыялу і абапіраючыся на ўспаміны з дзяцінства (бо кожнае лета праводзіў у Свіслацкім ці Шчучынскім раёнах) мы з жонкай стварылі калектыў “Гарадніца” пры Гродзенскім гарадскім Доме культуры. Сярод удалых творчых здабыткаў лічу працу хормайстра ў “Бліскавіцы” Гродзенскіх электрычных сетак — ансамблі, які першы ў вобласці атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў”.
Як бачыце, у маім лёсе не было пакручастых паваротаў. Я прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы, не пераскочыўшы ні праз адну з іх, — ад метадыста да дырэктара Абласнога метадычнага цэнтра. І на пачатку гэтага года быў прызначаны на сваю цяпершнюю пасаду.
— Наступнае маё пытанне задалі б, напэўна, усе сем з лішкам тысяч работнікаў культуры Гродзеншчыны. Прыход новага кіраўніка нярэдка азначае пэўныя інавацыі ў даручанай яму галіне…
— Пра рэвалюцыйныя змены казаць, вядома, не выпадае, — у іх проста няма патрэбы. Цудоўна ўсведамляю, што рэзкімі, неасцярожнымі крокамі можна вельмі хутка сапсаваць плён шматгадовай карпатлівай працы маіх папярэднікаў, аднаўляць жа што-кольвечы куды складаней, чым руйнаваць. Вядома, вельмі хочацца ўнесці новы струмень у культурнае жыццё Панямоння, і я ўпэўнены, што так і будзе, але, разам з тым, мушу ўлічваць змястоўны вопыт работы, які назапасілі работнікі культуры вобласці, і ставіцца да яго вельмі беражліва. Тым больш, за дзевятнаццаць гадоў тут ёсць і кропелька майго даробку.Па сутнасці, патрабуецца ўзбагаціць гэты вопыт, удасканаліць яго, што называецца, адшліфаваць. Ды такая акалічнасць зусім не гарантуе лёгкае жыццё. Наадварот, на сваім досведзе зразумеў, што адваротны бок вялікай пасады — вялікая адказнасць. Тым болей, перад намі сёння стаяць складаныя і важныя задачы. Першая з іх — аптымізацыя сельскіх устаноў культуры. Неўзабаве ў кожным з раёнаў маюць працаваць бібліобус і аўтаклуб. З часам зменіцца і аблічча стацыянарных устаноў культуры. Вялікую перспектыву маюць тыя з іх, што ўяўляюць сабою соцыякультурныя комплексы, якія сумяшчаюць пад адным дахам і клуб, і бібліятэку, і школу мастацтваў, — такія, як Вішнеўскі ЦДК Смаргонскага, Квасоўскі ЦКіД Гродзенскага, Рымдзюнскі Цэнтр культуры Астравецкага раёнаў.Важным момантам культурнага жыцця Гродзеншчыны стане актывізацыя гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Зазвычай у такіх выпадках мы маем на ўвазе прафесійных артыстаў. Але ж у нашай вобласці нямала знакамітых аматарскіх калектываў, якія маюць званні народных і заслужаных. Трэба стварыць ім магчымасць ладзіць гастрольныя паездкі па ўсім краі, як мага часцей завітваць у тыя яго куткі, дзе культурнае жыццё насычаным ніяк не назавеш. Для шараговых гледачоў такія канцэрты стануць крыніцай новых станоўчых эмоцый, а для работнікаў культуры — цудоўным спосабам узбагачэння досведу працы.
Таксама пільную ўвагу трэба звярнуць на засваенне новых тэхналогій. Без іх у нашы дні эфектыўна працаваць немагчыма.У бліжэйшых планах — стварэнне электроннай базы дадзеных, якая б ахоплівала ўсю сетку ўстаноў культуры.
Далёкасяжныя планы ў нас і адносна музейнай справы. Сёлета пасля грунтоўнага рамонту ў Гродне адбудзецца доўгачаканае акрыццё Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў былым палацы Храптовічаў.
Яшчэ ў пяці райцэнтрах вядзецца работа па адкрыцці краязнаўчых музеяў. Неадкладнага вырашэння патрабуюць і праблемы рэканструкцыі абласных тэатраў.
Сёлета выдаткаваны сродкі на праектна-каштарысныя дакументацыі і пачатак рэстаўрацыйных работ. Спадзяюся гады праз 2-3 убачыць тэатры ў новым “убранні”. З цягам часу трэба вырашаць пытанні абласной бібліятэкі — не маючы свайго памяшкання, яна жыве, па сутнасці, у прымах. А вось заапарку, які на балансе (бадай, толькі ў нас на Гродзеншчыне) упраўлення культуры, сапраўды пашанцавала: поўным ходам ідзе яго пашырэнне і рэканструкцыя. У наступным годзе ён моцна пераўвасобіцца.
Што да саміх метадаў працы… Тут інавацыі будуць цалкам дарэчы. Прыкладам, мне імпануе ідэя стварэння часовых творчых калектываў для рэалізацыі канкрэтных арганізацыйных задач. Скажам, у тым выпадку, калі трэба зладзіць пэўнае мерапрыемства.
— Пачэснае месца сярод таго “старога добрага”, што засталося вам у спадчыну, займае Усебеларускі фестываль нацыянальных культур — падзея, што стала адной з візітовак Гродзеншчыны.
— Фестываль будзе праходзіць у ранейшым фармаце — лічу, ён папраўдзе унікальны не толькі ў беларускім, але і ў еўрапейскім вымярэнні. У свеце шмат міжнародных фестываляў фальклору, дзе сустракаюцца людзі з розных краін, а вось каб у межах адной краіны свабодна развівалі сваю культуру людзі розных нацыянальнасцей — такі фестываль адзіны. Безумоўна, звыклы сцэнарый форуму папоўняць новыя пункты. Прыкладам, мы абмяркоўваем ідэю правядзення падчас фестывалю вялікага гала-канцэрта зорак эстрады з розных краін. Таксама нададзім самую пільную ўвагу вырашэнню комплексу аргпытанняў — арганізацыя такога фэсту павінна быць на самым высокім узроўні. Але канцэпцыя форуму, яго ядро застануцца без змен.
Іншая рэч, што трэба ствараць новыя сацыяльна значныя фестывалі. Прапрацоўваем ідэю адраджэння Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці ў Слоніме — ён адбыўся толькі аднойчы. Улічваючы захады дзяржавы па стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі і прапагандзе сямейных каштоўнасцей, упэўнены, што фестываль зойме пачэснае месца сярод падзей культуры нашай краіны — як адзін з самых цёплых, сардэчных і шчырых.
— Адна з найважных задач, якая стаіць перад работнікамі культуры ў рэгіёнах — адраджэнне або, скажам так, “ажыўленне” мясцовых народных традыцый. Ды ці будзе гэта мець поспех у маладога пакалення, выхаванага на зусім іншай эстэтыцы? І ўвогуле, ці лёгка сёння культуры выконваць сваю выхаваўчую місію сярод моладзі?
— Калі хата не мае падмурка, доўга яна не прастаіць. Вось і чалавек, не маючы повязі са сваёй роднай зямлёй, не здолее годна жыць на ёй і плённа працаваць на яе карысць. Што да закранутай вамі праблемы… Згадайце, з якім захапленнем моладзь у свой час прыняла “Песняроў”! І тое, што творчасць ансамбля была “настоена” на беларускіх народных традыцыях, толькі паспрыяла яго папулярнасці, стала ці не самым важным яе складнікам. Гэты прыклад сведчыць аб простай ісціне: поспех адраджэння народных традыцый залежыць ад нас, работнікаў культуры. Ад нашага таленту, ад умення знаходзіць паразуменне з маладымі людзьмі. І, урэшце, — ад вынаходлівасці. Адпаведна, трэба шукаць новыя, нестандартныя формы работы з моладдзю — як гэта робіцца ў народным клубе славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” ГрДУ імя Я.Купалы, Ваўкавыскім Доме рамёстваў,— а не абвінавачваць яе ў поўнай абыякавасці. Як тады растлумачыць, скажам, поспех рыцарскіх клубаў, дзе падлеткі і юнакі знаёмяцца з гісторыяй, захапляюцца старадаўнімі спевамі, танцамі?
Плённа выконваць сваю выхаваўчую функцыю работнікі культуры могуць толькі ў цесным супрацоўніцтве з установамі адукацыі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, адпаведнымі аддзеламі райвыканкамаў. Усім нам трэба ўсведамляць: мы робім агульную справу, і няма чаго тут дзяліць. Значыць, трэба аб’ядноўваць высілкі. Добрым досведам такой супольнай працы на Гродзеншчыне стала правядзенне фестываляў патрыятычнай песні, а таксама рок-імпрэзы, на якія мы прывабліваем публіку не колькасцю дэцыбелаў, а мастацкім узроўнем выступоўцаў.
Мабыць, прыспеў час зладзіць у вобласці і вялікі маладзёжны форум.
— Гродзеншчына багатая на адметныя помнікі архітэктуры, але ж многія з іх патрабуюць рэстаўрацыі…
— Так, захаванне гэтай неацэннай спадчыны — яшчэ адзін важны напрамак нашай дзейнасці. І гэта не пустыя словы, а пазіцыя кіраўніцтва вобласці, якая знайшла адлюстраванне і ў інвестыцыйнай абласной праграме. На парадку дня — рэстаўрацыя сапраўднага дыямента нашай кароны — Каложскай царквы, потым праца пойдзе ў Сынкавіцкай царкве. Робім захады па прыцягненні дадатковых сродкаў праз еўрарэгіён “Нёман” на рэстаўрацыю Лідскага замка, сядзібных комплексаў “Краскі”, “Свяцк”... Планаў багата. Вядома, хацелася зрабіць “усё і адразу”, але ж у жыцці так ніколі не атрымліваецца, — і не толькі ў рэстаўрацыйнай справе. Тамму палітыка канцэнтрацыі сродкаў на канкрэтных аб’ектах, якой прытрымліваецца наш аблвыканкам, вельмі мудрая. Бо распыленне фінансаў, дзейнасць паводле прынцыпу “ўсім— патроху” прыводзіць да згубных вынікаў.
— Для рэалізацыі ўсіх задум вам спатрэбяцца добрыя памочнікі і аднадумцы. Адсюль і пытанне забеспячэння кадрамі…
— Сёлета адбудзецца першы выпуск Гродзенскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і я ўпэўнены, што ўсе маладыя спецыялісты застануцца працаваць у вобласці, — бо з Мінска маладыя кадры да нас ехалі не заўсёды ахвотна.
Сапраўды, работнікі культуры — гэта той падмурак, без якога сама культура існаваць не можа. І я вельмі цешуся тым, што ў нашай вобласці так шмат людзей, сапраўды адданых сваёй справе, якія працуюць не толькі дзеля заробку. Хаця, вядома, і матэрыяльны стан работнікаў культуры на сёння таксама патрабуе паляпшэння.
Праца сельскіх устаноў культуры стане папраўдзе эфектыўнай, калі іх супрацоўнікі будуць мець спецыялізаваную адукацыю. Праца сельскіх устаноў культуры стане На Гродзеншчыне такіх большасць 93,5%. Праблему з кадрамі дапамагае вырашаць Гродзенскі каледж мастацтваў, аднак сёння ў аграгарадках патрабуюцца спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, якія валодаюць не толькі новымі метадамі і формамі працы, але і сучаснымі тэхнічнымі сродкамі.
Хаця часам даводзіцца канстатаваць, што дыплом аб заканчэнні ВНУ дае добрую адукацыю, а вось... розум і жаданне плённа працаваць — гэта іншае. Перакананы: спецыяліст павінен не атрымліваць свой заробак, а менавіта зарабляць яго. І выхаваць таленавітага, апантанага творчасцю супрацоўніка, даць прастор для творчай працы — гэта асноўная задача кіраўніка.… А задум, як вы самі ўжо, мусіць, пераканаліся, у мяне шмат,— планы, як той казаў, напалеонаўскія. І дзеля таго, каб іх ажыццявіць, трэба вельмі шмат працаваць, закасаўшы рукавы. Таму на маёй галаве няма і не будзе кароны начальніка. Трэба быць простым у адносінах з калегамі, але патрабавальным, і ў першую чаргу — да сябе.
— Значыць, вы не саромеецеся сваіх амбіцый?
— Не думаю, што здаровых амбіцый трэба саромецца. Наадварот, у сваёй працы я хацеў бы абапірацца на людзей (асабліва на маладых), якія маюць пэўнае самалюбства і прагнуць рэалізаваць свае амбіцыі менавіта праз творчасць. Адміністрацыйную, чыноўніцкую работу часта супрацьпастаўляюць творчасці — але ж у культуры гэта несправядліва! Перакананы: чалавек без творчых схільнасцей і ў гэтай справе не дасягне плёну.

Гутарыў Ілля СВІРЫН
Фота аўтара