Пастаянна вядзём пошукі шляхоў удасканалення сваёй дзейнасці. Назапашаны вопыт работы па комплекснамэтавых праграмах: менавіта яна дае магчымасць сканцэнтраваць усе рэсурсы на вырашэнні канкрэтных задач. Дзесяць бібліятэк сістэмы працуюць па дванаццаці мэтавых праграмах.
Бібліятэка імя І.Крылова перамагла ў конкурсе праектаў, накіраваных на паляпшэнне жыцця пажылых людзей. Установа атрымала грант на рэалізацыю праекта інфармацыйна-забаўляльнага цэнтра "Залаты ўзрост". Былі набыты тры камп'ютары, і пачалося правядзенне для пажылых людзей заняткаў па засваенні камп'ютарных тэхналогій. Тут праходзяць індывідуальныя і групавыя кансультацыі з псіхолагам, урачом-валеолагам, працуе служба "Кніга-103" - па дастаўцы літаратуры на дом тым чытачам, якія не могуць самі прыйсці ў бібліятэку.
Цэнтрам экалагічнага выхавання стала бібліятэка імя Л.Талстога. Кожны, хто прыходзіць сюды, трапляе ў сапраўдны зялёны аазіс. Тут усё падпарадкавана экалагічнаму выхаванню: праходзяць мультымедыйныя прэзентацыі, вусныя часопісы, ранішнікі. А бібліятэка імя У.Караткевіча з 1997 года- цэнтр правядзення Караткевічаўскіх чытанняў, у 2002-м яна атрымала званне лаўрэата абласной прэміі імя пісьменніка ў намінацыі "Прапаганда творчасці", першай пачала працаваць па мэтавай праграме "Нам засталася спадчына".
У нашай рабоце заўсёды прысутнічаюць творчыя партнёры: школы, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, грамадскія арганізацыі... Бібліятэка імя Е.Лось, прыкладам, цягам некалькіх гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам эстэтычнага выхавання "Фарбы свету", а гарадская бібліятэка імя Я.Купалы - з Цэнтрам рамёстваў "Дзвіна" і клубам ветэранаў "Надзея".
Словам, за 35 гадоў зроблена шмат. Нам хочацца верыць, што ў сваім далейшым паступальным развіцці ў бібліятэк будуць новыя дасягненні, бо цікавых планаў на будучае ў нас вельмі шмат, і, адзін з іх - інтэграцыя інфармацыйных рэсурсаў нашай ЦБС у агульную інфармацыйную прастору бібліятэк Беларусі і не толькі...
Святлана КАРЖЫЦКАЯ, вядучы бібліятэкар аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу Віцебскай ЦГБ імя М.Горкага
На здымку: у час аднаго з мерапрыемстваў.