Прадаць каня — “купіць” ідэю

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Чаму пытанне адпачынку “для тых, каму за...” паўстала рубам?

/i/content/pi/cult/300/5087/pic_54.jpgЗэльвенскі раён мае свае непаўторныя культурныя цікавосткі, якія істотна адрозніваюць яго ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, тут даўно паспяхова ладзіцца рэгіянальны фестываль "Анненскі кірмаш", які стаў, не раўнуючы, візітоўкай краю. Створана на Зэльвеншчыне і разгалінаваная сетка ўстаноў культуры новага тыпу, сярод якіх - дамы фальклору і рамёстваў, цэнтры культуры і вольнага часу, бібліятэкі-клубы... Паспяхова вырашаецца кадравае пытанне, а аграгарадоцкія клубы забяспечваюцца сучаснай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратурай...

Але, натуральна, маюць зэльвенскія культработнікі і шэраг праблем. У гарадскім пасёлку пакуль што не створаны раённы краязнаўчы музей, патрабуе рамонту Зэльвенская ДШМ, а галоўная задача раённага Дома культуры - наладзіць выніковую працу з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва. Ёсць некаторыя праблемныя аспекты і ў развіцці сельскай культуры, і першая з іх - слабая матэрыяльна-тэхнічная база некаторых СК і СДК.

 

Народ пытаецца і прапануе

"Наведаць бы краязнаўчы музей"

Невялікае сацапытанне збольшага акрэсліла тыя праблемныя аспекты, што прысутнічаюць у культурным жыцці рэгіёна.

Святлана, маладая маці, г.п. Зэльва:

- Наш РДК цяпер, пасля рамонту, выглядае вельмі прывабна і звонку і знутры. Але работа яго, на маю думку, магла б быць больш цікавай. Хацелася б, каб супрацоўнікі ўстановы ладзілі танцавальныя вечары не толькі для моладзі, але і для больш старэйшага пакалення, ды і пра дзяцей не забывалі. Ці плануецца такое зрабіць?

Андрэй, студэнт-завочнік, г.п. Зэльва:

 - Я вучуся на гістарычным факультэце сталічнай ВНУ, і мне, канешне ж, хацелася б наведваць раённы краязнаўчы музей... Але пакуль што яго няма...

Міраслава, служачая, г.п. Зэльва:

- Мой сын навучаецца ў Дзіцячай мастацкай школе. На маю думку, там варта зрабіць рамонт: цяпер зімой бывае вельмі халодна ў класах.

Ганна Мікалаеўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Дзярэчын":

 - Сельскі Дом культуры ў нашым аграгарадку размясцілі пакуль што ў будынку РДР. Але там, вядома ж, няма вялікай глядзельнай залы. Ці будзе рамантавацца наш СДК і калі?

 

 Экспазіцыя на... палічках

Дзярэчын - слыннае паселішча Зэльвеншчыны. Вядомае ў пісьмовых крыніцах яшчэ з XV стагоддзя, яно належала ў свой час розным вядомым родам ВКЛ: Вішнявецкім, Чартарыйскім, але ягоны росквіт звязаны найперш з Сапегамі. Калісьці ў мястэчку працавала свая друкарня, ладзіўся конны кірмаш, а ў 1786 годзе быў пабудаваны нават палац, у якім Сапегі прымалі шматлікіх гасцей з розных краін свету... Але ўсё гэта - гісторыя. Цяпер аб былой велічы невялічкага паселішча Зэльвеншчыны (а пражывае тут блізу 600 чалавек) нагадваюць хіба царква і касцёл, што месцяцца непадалёк адна ад адной...

Але калі весці гаворку пра культурнае жыццё ў аграгарадку "Дзярэчын", дык яно тут досыць насычанае. У паселішчы ёсць філіял Дзіцячай школы мастацтваў, раённы Дом рамёстваў, бібліятэка і СДК. Прычым тры апошнія ўстановы культуры месцяцца ў адным будынку былога дзіцячага садка. У ім быў зроблены неабходны рамонт на суму прыкладна ў 500 мільёнаў рублёў - і культурны агмень у Дзярэчыне пачаў саграваць жыхароў.

Так, у РДР цяпер працуе тры гурткі - па кераміцы, саломкапляценні і апрацоўцы драўніны, - якія агулам наведваюць дваццаць чатыры вучні. Раней, праўда, хадзіла больш.

- На жаль, у нас нядаўна закрыўся гурток па ткацтве, - распавяла дырэктар установы Ала Сідорык, - бо спецыяліст з'ехаў і працуе ў Мінску.

Натуральна, пры наяўнасці спецыялістаў можна было б стварыць больш гурткоў па розных накірунках традыцыйных рамёстваў. І на заняткі ў РДР было б каму хадзіць: у паселішчы функцыянуе сярэдняя школа, дзе вучацца прыкладна 200 вучняў. Так што патэнцыял для развіцця ўстановы яшчэ вялікі.

Але каб яго задзейнічаць, трэба вырашыць не толькі кадравыя пытанні. РДР на сёння займае два невялікія пакоі, і, як прызналася дырэктар, ва ўстанове вельмі не стае выставачнай залы. Пакуль што супрацоўнікі вырашаюць праблему пры дапамозе шматлікіх палічак, на якіх выстаўляюцца вырабы майстроў. Але ж не трэба быць знаўцам-прафесіяналам, каб прызнаць: паўмеры замяніць залу наўрад ці змогуць.

Няма ва ўстанове культуры і салона-крамы, як і спецыялізаванага абсталявання: печы для абпальвання гліны, ганчарных кругоў, дрэваапрацоўчых станкоў... І без вырашэння гэтых пытанняў казаць пра сістэмную дзейнасць па адраджэнні традыцыйных рамёстваў пакуль што не даводзіцца.

 

Школа як клубны філіял

У сельскім Доме культуры аграгарадка "Дзярэчын" працуе сем гурткоў і два аматарскія аб'яднанні, сярод якіх - народны ансамбль беларускай песні. Менавіта з дапамогай апошняга калектыву супрацоўнікі СДК досыць упэўнена выконваюць план платных паслуг. Удзельнікі ансамбля - частыя і жаданыя госці на раённых і абласных мерапрыемствах, заўсёды выязджаюць з абменнымі канцэртамі ў іншыя раёны Гродзеншчыны, а таксама ў санаторыі "Радон" і "Пралеска", дзе госці з блізкага і далёкага замежжа з задавальненнем наведваюць іхнія канцэрты. Але ёсць у гэтага калектыву, куды ўваходзіць 14 чалавек, невырашальныя пакуль пытанні: вельмі не стае баяна і новых сцэнічных касцюмаў.

- Карыстаемся цяпер тым баянам, які бяром для часовага выкарыстання ў філіяле ДШМ, - распавяла дырэктар установы Валянціна Лапа. - Натуральна, мець свой інструмент хочацца даўно.

Але ўсё ж самая балючая праблема для супрацоўнікаў СДК звязана не з нястачай патрэбнага музычнага інструментарыя. На сённяшні дзень установа культуры мае ў сваім распараджэнні ўсяго два памяшканні: невялікую танцавальную залу, дзе стаіць мэбля яшчэ савецкага часу, ды адзін пакой для супрацоўнікаў. А дзе ж ладзяцца канцэртныя вечары?

- Выкарыстоўваем для гэтага актавую залу мясцовай школы, - адказала на пытанне Валянціна Лапа. - А невялікія, камерныя мерапрыемствы арганізоўваем і ў нашай маленькай зале.

Сітуацыя склалася з-за таго, што тыпавы будынак, у якім раней месціўся СДК, патрабуе капітальнага рамонту. Як распавяла начальнік аддзела культуры Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук, цяпер рыхтуецца для гэтага праектна-каштарысная дакументацыя.

 

Калі вам за 30...

 Галоўная ўстанова культуры Зэльвы - раённы Дом культуры. Ягоны будынак пасля капітальнага рамонту, які быў скончаны ў 2008 годзе, выглядае цяпер досыць прывабна не толькі для вока мясцовых жыхароў, але і для звыклых да раскошы заезджых артыстаў. Як распавяла дырэктар РДК Зоя Сулайманава, глядзельная зала на 400 месцаў заўсёды выклікае захапленне ў выканаўцаў беларускай эстрады.

- Ды і мы таксама, натуральна, не можам нахваліцца той залай, якую цяпер мае ўстанова, - кажа яна, - і максімальна яе выкарыстоўваем для правядзення сваіх мерапрыемстваў. А з тэхнічным забеспячэннем канцэртаў і дыскатэк у нас праблем увогуле няма: маем ажно тры камплекты апаратуры!

У РДК на сёння працуе 17 гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў, сярод іх - тры калектывы са статусам "народны". Але падрабязна на гэтым спыняцца не буду, засяроджу толькі ўвагу на шматлікай і разнастайнай дзейнасці ўстановы культуры па аказанні платных паслуг. У РДК ладзяць дыскатэкі для дзяцей і падлеткаў, выязджаюць з канцэртамі ў раён і за яго межы, прапануюць шоў-праграмы, вечары адпачынку, вясельныя абрады... Ёсць ва ўстанове і свая більярдная зала: за зялёным сталом любы ахвотны можа граць не адну гадзіну, якая каштуе пяць тысяч рублёў.

Але, на жаль, установа за 11 месяцаў бягучага года здолела выканаць план платных паслуг толькі на 74 працэнты ад зададзенага. І, па словах дырэктара, наўрад ці выйдзе на даведзеныя паказчыкі да канца бягучага года. Галоўная прычына гэтага, на думку кіраўніцтва ўстановы, - малая колькасць наведвальнікаў маладзёжных дыскатэчных мерапрыемстваў.

- Раней у нас было па сто - сто пяцьдзясят чалавек на танцах, цяпер- па пяцьдзясят,- кажа Зоя Сулайманава. - Шмат моладзі з'язджае на вучобу ў іншыя гарады... Таму ў наступным годзе зробім ухіл на дзіцячыя дыскатэкі, платныя ранішнікі... Таксама ў нашых планах - адкрыць дзіцячае кафэ. Магчыма, да нас будзе хадзіць больш дзяцей.

Усё гэта, безумоўна, вельмі добра і сведчыць пра тое, што кіраўніцтва РДК, як кажуць, актыўна працуе на перспектыву. Але ж можна таксама наладзіць працу і з іншымі катэгорыямі насельніцтва. Напрыклад, з тымі, каму за трыццаць...

Дарэчы, гэтая праблема з дыскатэкамі для "дарослых" існуе не толькі ў Зэльве, але і шмат у якіх іншых раённых дамах культуры. Цягам камандзіровачных выездаў даводзілася назіраць толькі адзінкавыя выпадкі паспяховай працы з гэтай "праблемнай" узроставай групай. Так, выдатны прыклад працы з 30 - 40-гадовымі бачыў на свае вочы у Светлагорскім РДК: там пятнічныя вечары адпачынку карысталіся, ды і цяпер карыстаюцца, вялікім попытам: білеты раскупляюць яшчэ напярэдадні, у панядзелак. Зразумела, на гэтых вечарах гучыць музыка 80-х, стаяць столікі, працуе невялічкае прыватнае кафэ... Чаму б не наладзіць працу з гэтай катэгорыяй насельніцтва ў Зэльве, паколькі моладзь не надта хоча завітваць на дыскатэкі?

- Спрабавалі гэта зрабіць ужо неаднойчы, - адказала дырэктар Зэльвенскага РДК. - Але нічога пакуль не атрымліваецца: шмат канкурэнтаў з боку прыватнікаў. Хаця ў нас пры РДК даволі даўно існуе клуб маладой сям'і, і, у прынцыпе, на падобныя вечары, думаю, хадзілі б з ахвотай. Будзем абавязкова над гэтым працаваць.

 

Дзе ўзяць саксафон?

У Зэльвенскай дзіцячай школе мастацтваў займаецца на сёння каля 340 навучэнцаў - даволі вялікая колькасць, калі ўлічыць, што ў гарадскім пасёлку пражывае каля сямі тысяч чалавек. Пры ўстанове працуе два ўзорныя калектывы - народны духавы аркестр і аркестр народных інструментаў "Калаж". Галоўная праблема Зэльвенскай ДШМ, як і іншых школ Беларусі, - састарэлыя або зношаныя інструменты. Але часткова гэтае пытанне вырашаецца.

- Не так даўно мы закупілі шэраг інструментаў, сярод якіх - домра, акардэон, - распавяла дырэктар Зэльвенскай ДШМ Вольга Генюш, - а таксама касцюмы для нашых калектываў. Усё гэта добра, але ўсё роўна ёсць праблемы з інструментамі для духавога аддзялення: патрэбны труба, саксафоны і шмат чаго яшчэ...

Праблема, акрэсленая дырэктарам, - далёка не новая: пра яе "К" пісала ўжо неаднойчы. Але, згодна з праектам новай Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады, як вядома, плануецца мэтанакіраванае абнаўленне інструментаў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Калі казаць пра іншыя патрэбы Зэльвенскай ДШМ, дык яны - навідавоку. У некаторых пакоях аднаго з драўляных будынкаў установы вельмі халодна, дзенідзе ў класах і камернай зале патрэбна новая мэбля... Як справядліва зазначыла Вольга Генюш, усё гэта - не менш важна, чым закупка новых інструментаў.

 

/i/content/pi/cult/300/5087/pic_55.jpgУсе праблемныя пытанні, звязаныя з развіццём культурнай сферы Зэльвеншчыны, былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта Валянцін СЕМЯНЯКА і начальнік аддзела культуры Галіна РАМАНЧУК. Дарэчы, Валянцін Міхайлавіч да свайго пераходу на пасаду намесніка старшыні райвыканкама ўзначальваў аддзел адукацыі, а яшчэ ён піша вершы і нават выдаў ужо свой паэтычны зборнік.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Валянцін Міхайлавіч, што важкага зроблена за некалькі апошніх гадоў у сферы культуры Зэльвенскага раёна?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- З дапамогай Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла ўмацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры. А таксама ствараем СДК і бібліятэкі ў тых паселішчах раёна, дзе іх не было, напрыклад, у аграгарадку мінулага года "Елка".

Галіна РАМАНЧУК:

-  Так, пабудавалі там, як кажуць "з нуля" будынак, дзе размясцілі бібліятэку і СДК. Пад гэтыя мэты выкарыстана блізу двух мільярдаў рублёў.

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- А ў аграгарадку "Кашалі" мы аднавілі дзейнасць бібліятэкі... Гэта калі казаць пра раён... Ёсць змены і ў гарадскім культурным жыцці. Завяршылі нядаўна капітальны рамонт РДК, дзе, акрамя цэнтральнай, размясцілі і дзіцячую бібліятэку. Стварылі там камфортныя ўмовы для супрацоўнікаў і чытачоў, закупілі новую мэблю, камп'ютары...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабываў у ЦРБ, і, натуральна, адразу - пытанне: мясцовым бібліятэкарам не стае капіравальнай апаратуры, на якой можна было б выдаваць невялікія зборнікі мясцовых паэтаў. А жадаючых выпусціць сваю кнігу, наколькі я ведаю, даволі шмат...

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Згодны... Ды і ўвогуле, у бібліятэчных установах цяпер, дзякуючы Дэкрэту Прэзідэнта, няма праблем з папаўненнем фондаў, а больш востра стаіць пытанне з набыццём капіравальнай і камп'ютарнай тэхнікі. Выкарыстоўваем для вырашэння гэтых мэт пазабюджэт. Сапраўды, у ЦРБ шмат жадаючых выпусціць, хоць бы невялікім накладам, свае паэтычныя зборнікі. Мы хацелі б набыць для бібліятэкі невялічкі выдавецкі цэнтр, бо ён, як паказвае практыка, вельмі запатрабаваны.

Галіна РАМАНЧУК:

- Магчыма, трэба вырашаць гэтае пытанне з дапамогай грантаў. Мы ўжо падавалі заяўку на набыццё выдавецкага цэнтра па праграме ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні".

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Увогуле, хачу зазначыць, што і ў гарадскім пасёлку, і ў аграгарадках мы змаглі прывесці ў належны стан сцены нашых устаноў культуры. Чарговая наша задача - каб напаўняліся яны новымі апаратурай, абсталяваннем, інструментамі, касцюмамі. Пакуль што гэта- праблема, хоць і спрабуем яе вырашыць за кошт пазабюджэту.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У аграгарадку "Дзярэчын", дарэчы, таксама не ўсё добра з абсталяваннем раённага Дома рамёстваў...

Галіна РАМАНЧУК:

 - За кошт пазабюджэту ў наступным годзе набудзем патрэбнае абсталяванне, а печ для абпальвання гліны нам зробіць мясцовы пячнік. Грошы пад гэтыя мэты мы ўжо прадугледзелі.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ці плануецца ў аграгарадку "Дзярэчын" рамонт старога Дома культуры?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Будзем рабіць праектна-каштарысную дакументацыю на гэты аб'ект, а вось пра капітальны рамонт казаць пакуль што не выпадае: не стае фінансавых сродкаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Яшчэ адно пытанне па Зэльвенскай школе мастацтваў: там, на мой погляд, таксама ёсць вялікая патрэба ў рамонце...

Валянцін СЕМЯНЯКА:/i/content/pi/cult/300/5087/pic_56.jpg

 - Так, і мы плануем яго зрабіць у наступным годзе.

Галіна РАМАНЧУК:

- Зробім дах і заменім вокны ў двух будынках, дзе месціцца школа.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Наколькі я ведаю, там востра адчуваецца праблема з набыццём новых інструментаў. Ці плануеце штосьці закупіць у наступным годзе?

Галіна РАМАНЧУК:

- Ужо накіравалі дакументы ў адпаведныя інстанцыі: толькі такім чынам зможам праплаціць набыццё двух саксафонаў і трубы, бо яны - замежнай вытворчасці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: 

- Ад пытанняў матэрыяльнай забяспечанасці пяройдзем да творчых. Наколькі ведаю, сёлета ў Зэльве паспяхова прайшоў чарговы "Анненскі кірмаш". Ці плануецца ладзіць яго не раз на тры гады, а часцей, хоць бы з двухгадовым перапынкам?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

 - Ёсць такія планы, тым больш сёлетняе мерапрыемства атрымала вельмі станоўчую ацэнку як з боку абласных улад, так і з боку тых журналістаў, якія пра яго пісалі. Магчыма, "Анненскі кірмаш" варта ладзіць часцей і акрамя яго культурнага складніка развіваць і эканамічны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Маеце на ўвазе продаж сувенірнай прадукцыі?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

 - Не толькі. Рэалізоўвалі сувеніры і на сёлетнім фестывалі, але хочацца, напрыклад, аднавіць кірмаш па продажы коней, як гэта і было раней у часы ВКЛ. Падобнага, падаецца, не практыкуецца ні на якіх іншых падобных кірмашах на Беларусі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Крэатыўная і цікавая ідэя! Яна сапраўды можа паспрыяць таму, што раён стане знакаміты не толькі сваёй знакавай культурніцкай акцыяй, а і паспяховым выкарыстаннем эканамічнага складніка падобных мерапрыемстваў. А менавіта гэтага часам так не стае пры правядзенні кірмашоў у розных рэгіёнах Беларусі. Але ж адразу пытанне: дзе ў Зэльве таму турысту ці прыезджаму набыць сувеніры? Няма ў вас у горадзе салона-крамы, не стае яе і ў Дзярэчыне, дзе ёсць раённы Дом рамёстваў... Ці будзеце яго адкрываць?

Галіна РАМАНЧУК: 

- Абавязкова. Ужо цяпер паспяхова прадаём сваю сувенірную прадукцыю на шматлікіх кірмашах як у Зэльве, так і за межамі раёна. А ў наступным годзе сувенірная крама з'явіцца каля нашай вядомай Сынкавіцкай царквы, куды заўсёды прыязджаюць турысты. Думаю, там наша прадукцыя будзе вельмі запатрабавана.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі мы ўжо закранулі турыстычна-фестывальны складнік, дык запытаюся яшчэ пра некалькі праблем, непасрэдна звязаных з гэтым кірункам працы. Першая з іх - рамонт мясцовай гасцініцы. Калі ён будзе скончаны?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- У наступным годзе. Ды і цяпер у нас праблем з размяшчэннем прыезджых турыстаў не ўзнікае. Маем у раёне прыватную гасцініцу, а таксама чатыры аграсядзібы, якія з задавальненнем прадастаўляюць свае памяшканні для турыстаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Няма пакуль што ў гарадскім пасёлку і раённага краязнаўчага музея. А ён вельмі паспрыяў бы развіццю турыстычнай дзейнасці...

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Шматлікія музейныя куткі працуюць у нашых СДК, у школах. Але раённага музея сапраўды няма. Справа тут - у нястачы вольных памяшканняў пад такую ўстанову культуры. А ўзвесці новы будынак для музея, як, наколькі я ведаю, цяпер робяць у Бераставіцкім, Астравецкім раёнах, мы не можам, бо наш раён - датацыйны, і нават той жа капітальны рамонт РДК праводзіўся з дапамогай сродкаў абласнога бюджэту.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Якія, на вашу думку, стаяць пытанні перад установамі культуры гарадскога пасёлка на наступны год?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Наша школа мастацтваў выканала сваю задачу, якую мы ёй ставілі летась: пры ёй запрацавалі шматлікія творчыя калектывы. Паспяхова дзейнічаюць бібліятэкары - узгадаю хоць бы працу аматарскага аб'яднання "Зоры над Зяльвянкай", куды ўваходзяць нашы маладыя паэты. Ды і ў РДК стан працы - на даволі прыстойным узроўні. Хацелася б толькі, каб супрацоўнікі галоўнай установы культуры Зэльвы актывізавалі стасункі з жыхарамі 30 - 40гадовага веку...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Як плануецца гэта рабіць?

Валянцін СЕМЯНЯКА:

- Лічу, супрацоўнікам варта актывізаваць працу з гэтай катэгорыяй насельніцтва, бо людзі гэтага ўзросту, на жаль, на сёння фактычна выпалі з поля зроку нашых культработнікаў. Трэба працаваць больш мэтанакіравана. І гэта - тая задача, якую неабходна вырашыць у наступным годзе.

 

З выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на IV Усебеларускім народным сходзе:

"[...] Жыццё на сяле, у малых і сярэдніх гарадах павінна быць не менш камфортным, чым у буйных гарадах і сталіцы. Гэта найважнейшы прынцып рэгіянальнай палітыкі. [...]

Будзе прадоўжана праграма стварэння сельскіх паселішчаў новага тыпу - аграгарадкоў. Але аграгарадкі - мы ўсе фактычна базы стварылі, многія закончылі поўнасцю па стандартах, некаторыя, некалькі дзясяткаў, засталіся не даведзеныя да стандартаў. На гэта пойдзе адзін або паўтара года будучай пяцігодкі. Усе аграгарадкі будуць маленькімі сельскімі, калі можна сказаць, гарадамі, дзе будуць добрыя зносіны, дарогі, дзіцячы садок, школа, Дом культуры, Палац культуры, - у каго як, - для таго, каб чалавеку было зручна жыць, каб ён душой адпачываў там, каб радаваўся [...]."

"[...] Павінен прызнацца, што, прымаючы Праграму адраджэння сяла, я думаў не толькі аб харчовай бяспецы, хаця ў той час гэта таксама было важна, вельмі важна. Больш за ўсё мною кіравала памкненне выратаваць аснову нашай краіны, яе душу-вёску, у якой вытокі працалюбства, мудрасці беларускага народа, карані яго культуры і нацыянальнай самабытнасці [...]."

 

/i/content/pi/cult/300/5087/pic_57.jpgДэталь да агульнай карціны

Тэатралізацыя ля царкоўных сцен

Аграгарадок "Елка" месціцца непадалёк ад славутай архітэктурнай адметнасці Зэльвенскага раёна - Сынкавіцкай царквы. Таму ў планах дырэктара Елкаўскага СДК Алены Койта - шэраг праектаў, якія яна плануе ладзіць у сценах сваёй установы, каб прывабіць сюды шматлікіх турыстаў.

Дарэчы, установы культуры ў паселішчы цягам доўгага часу папросту не было. І толькі дзякуючы Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла, а таксама дапамозе з абласнога бюджэту, удалося пабудаваць, як кажуць, "з нуля" кампактны будынак, дзе цяпер месціцца СДК і бібліятэка.

Алена Койта за год працы ўстановы стварыла шэсць розных гурткоў і адно аматарскае аб'яднанне. Паспяхова выконваецца ва ўстанове і план платных паслуг. У гэтым дырэктару дапамагае самая сучасная апаратура: мікшэрны пульт, найноўшая светлавая і гукаўзмацняльная тэхніка, лазеры і нават ультрафіялет...

А ў хуткім часе ў зале СДК, дзе агулам могуць размясціцца да 150 чалавек, Алена Койта плануе правесці фестываль праваслаўных песняспеваў, у якім будуць удзельнічаць не толькі царкоўныя хоры з усёй Зэльвеншчыны, але і з Жыровіцкай абіцелі Слонімскага раёна. Таксама ў планах дырэктара - з дапамогай раённага метадычнага цэнтра арганізаваць у наступным годзе тэатралізацыі на старадаўнюю тэматыку каля сцен Сынкавіцкай царквы.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"