Беларускі. З ХХІ-га...

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Не прайшло і двух тыдняў пасля прэзентацыі кнігі “Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII — XIX стагоддзяў”, а на паліцах сталічных крамаў ужо з’явілася новае ўнікальнае выданне — “Сучасны беларускі жывапіс. XXI стагоддзе”.

Пад унушальнай вокладкай - больш за 500 рэпрадукцый ста лепшых жывапісцаў краіны апошняга стагоддзя: як знаных мэтраў, так і маладых творцаў. "Мы не імкнуліся поўнасцю ахапіць творчасць кожнага з прадстаўленых мастакоў, - распавядае ўкладальнік выдання, намеснік дырэктара выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі Кацярына Аксёнава. - Мэта гэтага альбома - паказаць багацце і шматграннасць сучаснага беларускага жывапісу ў цэлым. Калі ж чытач зацікавіцца творамі пэўнага майстра, то лёгка можа знайсці іншыя яго работы: для гэтага разам з рэпрадукцыямі і кароткай біяграфіяй у выданні змешчаны асабістыя web-сайты і электронныя адрасы жывапісцаў". Выдаўцы змясцілі ў томе і інфармацыю пра мастацкія музеі, галерэі і выставачныя залы, дзе рэгулярна ладзяцца экспазіцыі. Кансультатыўную падтрымку аказваў Беларускі саюз мастакоў.

Дарэчы, адбіраючы работы, складальнікі ні ў якім выпадку не кіраваліся стылістычным або тэматычным адзінствам твораў. Эксперымент тут суседнічае з класічнай формай, наватарства - з традыцыяй, што найлепш адлюстроўвае тэндэнцыі шматкірункавага развіцця беларускага жывапісу. Альбом, выпушчаны тыражом у 2000 экзэмпляраў, радуе перспектыўным поглядам не толькі на айчынную аўдыторыю, але і на замежную: уся інфармацыя падаецца на беларускай, рускай і англійскай мовах.

А пад час прэзентацыі прагучала яшчэ адна навіна: альбом - толькі першае выданне маштабнага праекта "Сучаснае беларускае мастацтва". На 2011 год плануецца выданне збору, прысвечанага скульптуры. Затым - чарга графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ