12 мастакоў і прэстыж

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Выстаўка выяўленчага мастацтва “12+”, якая ў верасні дэманстравалася ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — Абу-Дабі пад час Тыдня культуры Беларусі, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны.

Па словах загадчыка галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ Фёдара Ястраба, Тыдзень культуры тады выдаўся надзвычай маштабным. Беларусы ўразілі культурную эліту Абу-Дабі сваёй творчасцю. Выстаўку жывапісу дванаццаці айчынных мастакоў за пару гадзін паглядзелі некалькі соцень чалавек. А сам Тыдзень культуры стаў у Эміратах адным з самых запамінальных - як па колькасці артыстаў (прыкладна 200 творцаў), так і па паспяховасці іх выступленняў.

Гэта дало падставу арганізаваць выстаўку і для нашых гледачоў: яна будзе працаваць у галерэі "Панарама" да 15 студзеня 2011 года. Дванаццаць майстроў паказваюць своеасаблівую беларускую школу жывапісу, выяўляючы міфалогію, краявіды, формы абстрактнага мыслення, адрозныя ад іншых вобразы і каларыт. Уладзімір Кожух, Ягор Батальёнак, Уладзімір Савіч, Васіль Касцючэнка, Аляксандр Грышкевіч, Фёдар Ястраб ды іншыя мастакі сярэдняга пакалення прадстаўлены ў экспазіцыі. Яны дэманструюць разнастайнасць творчых тэхнік і стыляў айчыннага жывапісу.

Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.