Залаты “Шчаўкунок”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

“На сучасную харэаграфію ўплывае… усё”

/i/content/pi/cult/300/5080/pic_46.jpgХХІІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску сабраў цэлае сузор'е выбітных харэографаў і экспертаў у пытаннях сучаснага танца. Але, мяркую, не будзе перабольшаннем сказаць, што сёлетні форум прайшоў "пад зоркай" Раду ПАКЛІТАРУ, імя якога добра вядомае беларускаму гледачу, а сёння - і далёка за межамі нашай краіны. Балет-фантасмагорыя "Шчаўкунок" "Кіеў-Мадэрн-Балета" ў ягонай пастаноўцы адкрываў і вянчаў віцебскі фестываль. Адным з адметных нумароў канцэртнай праграмы IFMC стала і харэаграфічная фантазія "Дождж" Раду Паклітару на музыку народаў свету і І.-С. Баха.

Карэспандэнту "К" удалося ўзяць эксклюзіўнае інтэрв'ю ў харэографа, работы якога прымушаюць спрачацца як даследчыкаў сучаснага танца, так і простых гледачоў. Раду Паклітару раскрыўся як суразмоўца, што не кідае слоў на вецер, адказваючы "па сутнасці". Крэда харэографа: "Трэба цаніць час гледача" - не толькі на сцэне, але і ў жыцці.

 

"Чайкоўскага не перасягнуць!"

 - Раду, мы з вамі гутарым адразу пасля прэм'еры на віцебскай сцэне вашага балета "Шчаўкунок" на музыку П.І Чайкоўскага і напярэдадні яго прэм'еры ў Мінску. Вядома, што ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета білеты на ваш спектакль купіць ужо амаль немагчыма. Вас радуе такі поспех?

- Назавіце мне такога харэографа, які быў бы расчараваны, што ў яго аншлаг на спектаклі. Я шчаслівы, што ёсць цікавасць, што залы - поўныя, што ёсць глядацкі поспех у пастаноўкі!

- Як ствараўся балет?

- Як і кожнаму тэатру, які змагаецца за гледача, за "выжыванне", нам патрэбны быў касавы прадукт. Хоць гэта ўвогуле дзіўна - ставіць някасавы спектакль: мяркую, што кожны харэограф, беручыся за чарговую пастаноўку, марыць аб тым, каб яна мела поспех. Але ў выпадку са "Шчаўкунком" нам было дакладна зразумела, што гэта - геніяльная музыка і абсалютна, як кажуць, "касавая" назва. На такім "залатым" матэрыяле нам хацелася зрабіць нешта выключна сваё, не падобнае на тое, што было раней. Таму разам з мастакамі Андрэем Злобіным і Ганнай Іпацьевай вырашылі звярнуцца да першакрыніцы - слыннай казкі Гофмана: прачытаць уважліва твор і паглядзець, што ж адрознівае яго ад усім нам вядомай балетнай пастаноўкі. Прачыталі, здзівіліся, і - зрабілі па матывах свой балет.

- Пастаноўка сапраўды атрымалася, на маю думку, вельмі гофманаўскай: адначасова чароўнай і страшнай. Але, разам з тым, мова танца, з дапамогай якой вы расказваеце гісторыю, рэжысура спектакля ўвогуле - усё падштурхоўвае гледача да зусім не абстрактных высноў, а да пэўных паралелей з жыццём сённяшнім. Той жа трук з двайнікамі "абрастае" шматлікімі значэннямі...

- Шчыра кажучы, я вельмі дрэнна трактую тое, што зрабіў. Максімальна падрабязнае маё стаўленне па закранутай вамі тэме выражана менавіта ў спектаклі. Кожная вербалізацыя ў гэтым выпадку будзе выглядаць, па меншай меры, недарэчна. Таму я імкнуся не каменціраваць тое, што я стварыў харэаграфічна і драматургічна, бо кожны чалавек, які прыходзіць у залу, усё роўна "счытвае" сваю гісторыю, тое, што яму блізка. Давайце не будзем перашкаджаць яму гэтым займацца.

- Ды ўсё ж трагічны фінал усімі любімай казкі многіх гледачоў пакідае калі не ў роспачы, дык у збянтэжанасці...

- Разгадка хаваецца ў музыцы Пятра Ілліча Чайкоўскага. Большай трагедыі, чым у апошнім фінальным Адажыа "Шчаўкунка", я ў музыцы не чуў. У гэтым сэнсе я магу ўзгадаць толькі ягоную Шостую сімфонію - вось дзве музычныя вяршыні, якія трымаюць у сабе неверагодна трагічны напал. Нават калі я "забіў" бы ўсіх герояў, то не здолеў дасягнуць той бездані. Чайкоўскага не перасягнуць! Там зусім не "светлая" канцоўка. Кампазітар нам штосьці сказаў у сваёй музыцы, а мы павінны імкнуцца яго "перакласці". Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. Ці прадыктаваны трагічны фінал несправядлівасцю сучаснага жыцця? Магчыма. Але ў першую чаргу я абапіраўся на музыку.

 

"Харэаграфія бывае сумная і цікавая"

- На ваш погляд, наколькі сёння вольная ў сваім самавыяўленні сучасная харэаграфія? Ці мусіць яна заставацца гэткай "рэччу ў сабе" або, наадварот, можа ўбіраць розныя праявы сучаснай культуры?

 - На сучасную харэаграфію, як і на любую з'яву сучаснага жыцця, уплывае ўсё: ад палёту спадарожніка на Марс да распрацоўкi генетычна мадыфікаванага арганiзма. Усё, што нас атачае сёння, у тым ліку і масавая культура, ускосна або непасрэдна ўплывае на нас, а таксама на тое, чым мы займаемся. Не з'яўляецца выключэннем і сучасная харэаграфія - менавіта таму, што яна ствараецца сёння. Упэўнены: людзі, якія ёю займаюцца, гэтаксама ўбіраюць у сябе ўсё, што адбываецца навокал. Іншая справа - як яны выкарыстоўваюць назапашаныя веды.

- Што ж з'яўляецца залогам поспеху ў сучаснага гледача?

- Фарміруе харэографа і робіць яго цікавым для публікі менавіта неардынарнасць мыслення, а не толькі якасная школа, веды і ўражанні, хоць гэта таксама важна. Для мяне харэаграфія дакладна падзяляецца на два "лагеры": сумная і цікавая. І апошняя можа быць выканана ў любым стылі - гэта ўжо не мае значэння.

 

Калі грамадства "дарастае"

- Абапіраючыся на ваш асабісты вопыт, можаце адказаць, ці добра ўпісваецца сучасная харэаграфія ў сістэму рыначных адносін?

- Вы ведаеце, тое, што запатрабавана, тое і ўпісваецца ў сістэму рыначных каардынат. Хачу адзначыць: мы з вамі гаворым не пра элітарнае і "папсовае", а - пра агульную культуру і запатрабаванасць. Калі грамадства "дарастае" да ўспрыняцця сучаснага танца - тады гэтае мастацтва і становіцца касавым. Да прыкладу, літаральна праз некалькі дзён наш калектыў едзе ў Галандыю. Летась, калі я там быў, я паглядзеў за чатыры дні пятнаццаць аднаактовых спектакляў сучаснага танца - не ў межах пэўнага фестывалю, а, як кажуць, у рэальным рэжыме. Ужо сёння, рыхтуючыся да будучай паездкі, я загадзя набыў білеты на спектакль трупы Іржы Кiлiяна - аднаго з лепшых калектываў сучаснага танца, таму што разумею: невялікая затрымка - і я на іх пастаноўку проста не траплю. У Галандыі вось такое стаўленне да сучаснай харэаграфіі, у іншых краінах - іншае.

- Але прыклад стаўлення да сучаснага танца ў Галандыі з'яўляецца сімптаматычным для ўсёй Заходняй Еўропы?

- Як сказаць. Напрыклад, у Іспаніі могуць і "не з'есці" сучасны танец. Усё, паўтаруся, залежыць ад грамадства.

- Ці падрыхтаваны беларусы да ўспрыняцця сучаснага танца, на ваш погляд?

- Лічу, што прыклад віцебскай публікі - гэта цудоўны ўзор таго, як можна выхаваць цікавасць да сучаснай харэаграфіі ў грамадстве, калі пастаянна гэтым займацца. Але, вядома, удасканальвацца ў гэтай справе ёсць куды.

- Вы - практык, якому ўдаецца спалучаць цяжкую працу харэографа з дзейнасцю, што патрабуе не меншых высілкаў: занятасцю дырэктара, бізнесмена... Дык як жа насамрэч выглядае мадэль паспяховага калектыву сучаснага танца?

- Калі ласка, магу прызнацца: з 10-й да 18-й гадзіны дня, з панядзелка па пятніцу, я займаюся бізнесам. А з 18.00 да 23.00, з аўторка па нядзелю,- творчасцю. Як бачыце, адзіная праблема - гэта 13-гадзінны працоўны дзень. У кожнага - свой метад. У мяне атрымаўся вось такі расклад, у якім я жыву ўжо чатыры гады, з часоў заснавання "Кіеў-Мадэрн-Балета". Цяпер, да прыкладу, я выношваю ідэю пастаноўкi "Лебядзінага возера". Але перш чым паставіць, я буду доўга шукаць грошы. Таму што няма сэнсу ставіць "у стол". Будуць сродкі - будзе і пастаноўка. Вось такая эканоміка і такія рэаліі. Але я шчаслівы, бо ў мяне ёсць магчымасць рабіць сваю справу.

- Не баіцеся, што аднойчы давядзецца выбіраць між творчасцю і эканамічнай неабходнасцю?

- Любы спектакль, у тым ліку - касавы, немагчыма стварыць без шчырасці да самога сябе, да артыстаў, да гледачоў - да ўсіх. Гэта мой асабісты погляд. Таму ў пытанні кампрамiсаў я абсалютна спакойны.

Ад рэдакцыі. Віцебская і сталічная прэм'еры новага спектакля харэографа сталіся падзеяй, выклікаўшы найперш захоплены водгукі. Хацелася б, каб імя Раду Паклітару, выхаванца нашай харэаграфічнай школы - выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з'яўлялася не толькі ў афішы гастролей, што адбываюцца на сцэне нашага Вялікага тэатра, але і ў сталым рэпертуары Беларускага балету. Такія назвы, думаецца, сталіся б дадатковым пацверджаннем узроўню айчыннай творчай школы на сусветным узроўні. Прынамсі, сам Раду, адказваючы на падобныя пытанні журналістаў, магчымасці творчага супрацоўніцтва не выключаў...

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"