“Масква і масквічы”

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Вернісаж знаёмых твараў — менавіта так успрымаецца выстаўка рускага жывапісу “Масква і масквічы”, што 2 красавіка — у Дзень яднання Беларусі і Расіі — адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. У яе экспазіцыю ўвайшлі лепшыя творы XVIII — ХІХ стст. з двух вядомых маскоўскіх збораў — музея-сядзібы Астанкіна ды музея В.А. Трапініна і маскоўскіх мастакоў яго часу. На адкрыцці вернісажу выступілі першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, намеснік старшыні Камітэта па культуры г. Масквы Ганна Папова, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай краіны Тамара Навасад, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Маскоўскага музея-сядзібы Астанкіна Генадзь Удовін.

Арганізатарамі праекта гэтай выстаўкі выступілі два вядомыя маскоўскія музеі — музей-сядзіба Астанкіна і музей В.А. Трапініна і маскоўскіх мастакоў яго часу. Аснову іх знакамітых калекцый складаюць творы рускіх жывапісцаў, творчы лёс якіх быў звязаны з Масквой і яе наваколлем. Партрэты масквічоў і масквічак, пейзажныя віды Масквы, сцэны маскоўскага жыцця, цяпер прадстаўлены ў Мінску ў пластычнай інтэрпрэтацыі мастакоў розных эпох, прызваны дапамагчы нам адчуць непаўторны водар другой сталіцы тагачаснай Расійскай імперыі, апеты шматлікімі пісьменнікамі і паэтамі.
“Хто не чуў пра маскоўскую хлебасольнасць, гасціннасць і ветлівасць? У якім іншым горадзе свету можаце вы так зручна і ажаніцца, і паснедаць, і сачыняць раманы, і выдаваць часопісы не для чаго іншага, як для асабістай забавы, для адпачынку?” — пытаўся ў свой час В.Бялінскі. І сапраўды: зашпілены на ўсе гузікі, надзьмуты Пецярбург, пабудаваны сярод паўночных балот, быў месцам, дзе служылі. Масква ж, з яе здаровым кліматам і жывапісным наваколлем была месцам, дзе жылі. Патрыярхальны ўклад і няспешная плынь маскоўскага жыцця, добразычлівасць масквічоў, асаблівая ўтульная правінцыйнасць, купецкая паважнасць, — вось, выдае, тое ўнутранае адзінства, якое, нібы цёплым святлом, азарае звонку ўсе палотны і надае ім непаўторную мяккасць.
Масква — гэта цэлы пласт у гісторыі расійскага дваранства. Менавіта ў Падмаскоўі знаходзіліся знакамітыя сядзібы Шарамецьевых, Галіцыных, Варанцовых, Юсупавых, Разумоўскіх.
Пабудаваныя з вялікім размахам і мастацкім густам, яны з цягам часу сталі сапраўднымі скарбніцамі твораў культуры і мастацтва. Гордасцю Музея ў Астанкіне, які размясціўся ў сценах унікальнага палаца-тэатра графаў Шарамецьевых, лічацца палотны членаў знакамітай прыгоннай “мастацкай фаміліі” Аргуновых — Івана Пятровіча і яго сыноў Мікалая і Якава, бліскучыя працы К.Макоўскага і І.Макарава. Дзякуючы выстаўцы гэтыя палотны могуць не толькі парадаваць мінчан сваёй высокай мастацкай якасцю, але і прыадчыніць для іх нямала таямніц у гісторыі графскай сям’і Шарамецьевых.
Выстаўка “Масква і масквічы” дае магчымасць наведвальнікам пагартаць старонкі жывапіснага летапісу старадаўняй Масквы.

Іна ТАМАШОВА,
старшы навуковы супрацоўнікаддзела рускага мастацтваНацыянальнага мастацкагамузея РБ