Арганізатарамі праекта гэтай выстаўкі выступілі два вядомыя маскоўскія музеі — музей-сядзіба Астанкіна і музей В.А. Трапініна і маскоўскіх мастакоў яго часу. Аснову іх знакамітых калекцый складаюць творы рускіх жывапісцаў, творчы лёс якіх быў звязаны з Масквой і яе наваколлем. Партрэты масквічоў і масквічак, пейзажныя віды Масквы, сцэны маскоўскага жыцця, цяпер прадстаўлены ў Мінску ў пластычнай інтэрпрэтацыі мастакоў розных эпох, прызваны дапамагчы нам адчуць непаўторны водар другой сталіцы тагачаснай Расійскай імперыі, апеты шматлікімі пісьменнікамі і паэтамі.
“Хто не чуў пра маскоўскую хлебасольнасць, гасціннасць і ветлівасць? У якім іншым горадзе свету можаце вы так зручна і ажаніцца, і паснедаць, і сачыняць раманы, і выдаваць часопісы не для чаго іншага, як для асабістай забавы, для адпачынку?” — пытаўся ў свой час В.Бялінскі. І сапраўды: зашпілены на ўсе гузікі, надзьмуты Пецярбург, пабудаваны сярод паўночных балот, быў месцам, дзе служылі. Масква ж, з яе здаровым кліматам і жывапісным наваколлем была месцам, дзе жылі. Патрыярхальны ўклад і няспешная плынь маскоўскага жыцця, добразычлівасць масквічоў, асаблівая ўтульная правінцыйнасць, купецкая паважнасць, — вось, выдае, тое ўнутранае адзінства, якое, нібы цёплым святлом, азарае звонку ўсе палотны і надае ім непаўторную мяккасць.
Масква — гэта цэлы пласт у гісторыі расійскага дваранства. Менавіта ў Падмаскоўі знаходзіліся знакамітыя сядзібы Шарамецьевых, Галіцыных, Варанцовых, Юсупавых, Разумоўскіх.
Пабудаваныя з вялікім размахам і мастацкім густам, яны з цягам часу сталі сапраўднымі скарбніцамі твораў культуры і мастацтва. Гордасцю Музея ў Астанкіне, які размясціўся ў сценах унікальнага палаца-тэатра графаў Шарамецьевых, лічацца палотны членаў знакамітай прыгоннай “мастацкай фаміліі” Аргуновых — Івана Пятровіча і яго сыноў Мікалая і Якава, бліскучыя працы К.Макоўскага і І.Макарава. Дзякуючы выстаўцы гэтыя палотны могуць не толькі парадаваць мінчан сваёй высокай мастацкай якасцю, але і прыадчыніць для іх нямала таямніц у гісторыі графскай сям’і Шарамецьевых.
Выстаўка “Масква і масквічы” дае магчымасць наведвальнікам пагартаць старонкі жывапіснага летапісу старадаўняй Масквы.
Іна ТАМАШОВА,
старшы навуковы супрацоўнікаддзела рускага мастацтваНацыянальнага мастацкагамузея РБ