Сваё месца на “ружы арэны”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Кадравыя трэнды нацыянальнага цырка

/i/content/pi/cult/300/5079/pic_44.jpgЗ першымі зімовымі завеямі мінчане і госці сталіцы атрымалі доўгачаканы падарунак: адкрыў дзверы Беларускі дзяржаўны цырк. Пасля грандыёзнай рэканструкцыі сталічны манеж адпавядае ўсім сусветным стандартам, і таму не дзіва, што многія замежныя артысты без сумневу называюць яго лепшым на сённяшні дзень цыркам свету. У якім жа напрамку, атрымаўшы такі найсучасны тэхнічны падмурак, будзе далей развівацца айчыннае цыркавое мастацтва?

 

Цырк родам з Галімберга

Па адной з версій, месцам народзінаў беларускага цырка лічацца вёска Галімберг Пухавіцкага раёна. Дасканала вывучаючы архівы, у свой час дырэктар - мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук знайшла дакумент, з якога вынікала: менавіта сюды ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя цыркавую трупу прывёз немец Галімберг. "На свае вочы я бачыла рэшткі барабана аднаго з першых балаганаў на Беларусі. Вось і лічыце, колькі цыркавое мастацтва існуе ў нашай краіне!" - зазначае Таццяна Мікалаеўна.

У 50-я гады мінулага стагоддзя ў Мінску з'явіўся стацыянарны манеж. Доўгі час ён быў "пракатны": у Мінску збіралі нумары артыстаў з розных савецкіх рэспублік, уласнай беларускай праграмы не было. За савецкім часам усе артысты галіны ўваходзілі ў Саюздзяржцырк, лепшыя атракцыёны, што з'яўляліся на манежах вялікай краіны, адразу запрашаліся ў Маскву. Ды ўвогуле, жанглёры, эквілібрысты, дрэсіроўшчыкі, клоўны пастаянна вандравалі па гарадах Савецкага Саюза. Таму паняцце, што тады існавала - "беларускі калектыў", - можна лічыць даволі ўмоўным.

У новы час многія цыркі былога СССР вырашылі, адпаведна традыцыі, не ствараць уласных праграм, працягваючы працаваць па прынцыпе канцэртнай залы: запрашаць гастралёраў на пэўны, вызначаны кантрактам, час. Ці патрэбна ў штатны расклад браць артыстаў? Гэтае пытанне неаднойчы ўзнімалася на прасторы СНД. Тыя, хто адназначна заяўляе: "Не!", - падмацоўваюць сваё меркаванне фінансавым бокам. Маўляў, не праблема стварыць на базе пэўнага цырка нумар, але патрэбна потым яго абкатваць. Спецыфіка ж галіны заключаецца ў тым, што адзін і той жа нумар публіка будзе наведваць не больш за два месяцы. Што рабіць потым?

Узяць у штат артыстаў рашыліся нямногія. Сярод іх - Вялікі Маскоўскі дзяржаўны цырк, Маскоўскі цырк на Цвятным бульвары. У Беларусі гэты шлях абрала мінская арэна.

- Наша трупа сабралася даўно, калектыў ужо правераны гадамі. Артыстаў не так шмат, але ўсе яны - тытулаваныя. Беларусы заявілі ў свеце аб нацыянальным цыркавым мастацтве. Яго якасць падмацоўваюць медалі найвышэйшага гатунку самых прэстыжных галіновых фестываляў свету,- зазначае Таццяна Бандарчук.

Як бачым, аб айчынных майстрах манежа шмат гавораць за мяжой. Але што ж з'яўляецца адметнасцю нацыянальнага цыркавога мастацтва?

 

Валошкі ў конскай грыве

/i/content/pi/cult/300/5079/pic_45.jpgЦыркавое мастацтва - універсальнае. Каб "узяць" гледача, няма патрэбы вывучаць замежную мову або разбірацца ў асаблівасцях менталітэту: галоўнае, што павінна быць у "арсенале", - відовішчны нумар. Але ці магчыма ў такім выпадку казаць пра нацыянальныя ўласцівасці?

- Неабавязкова падкрэсліваць нацыянальнасць адпаведным касцюмам, - упэўнена Таццяна Бандарчук. - Сапраўды, у нас ёсць падобны нумар: "Беларускія коннікі" пад кіраўніцтвам Барыса Лазарава. Джыгітоўка ідзе пад сучасную беларускую музыку, артысты з'яўляюцца на манежы ў стылізаваных нацыянальных строях. Але ўнікальнасць атракцыёна - у выдатных труках, у зрэжысіраванасці нумара, у магутнай энергетыцы наезнікаў. Да таго ж, беларускі цырк вылучаецца арыгінальным цэласным аздабленнем прадстаўлення, падачай атракцыёнаў. Тут гаворка - нават пра касцюмы: яны дапаўняюць відовішча, робяць нумар цэласным. Мне ёсць з чым параўноўваць, таму магу дакладна сказаць, што цыркавых касцюмаў, лепшых за беларускія, цяпер няма...

Глабальная рэканструкцыя будынка дазваляе стварыць больш спрыяльныя для новых творчых пошукаў умовы працы. У прыбудове адкрыўся рэпетыцыйны манеж. Дзякуючы дадатковай пляцоўцы, адміністрацыя змагла вынайсці больш зручны для артыстаў графік рэпетыцый. З'явіліся трэнажорныя і балетныя залы. Асноўны манеж аздоблены ўсім неабходным светлавым, гукавым, тэхнічным забеспячэннем, каб ствараць нумары любога ўзроўню складанасці. Да вясны тут павінны завяршыцца апошнія работы. Тады цыркавыя змогуць карыстацца чатырма платформамі: камп'ютарызаванай падлогай са светлавымі спецэфектамі, паркетам (на ім плануюць праводзіць і спаборніцтвы па спартыўных танцах), лядовай пляцоўкай і гумовай арэнай для працы з жывёламі.

Зрэшты, за кошт былога бомбасховішча і гарышча цырк павялічыў тэрыторыю агульнага карыстання на два паверхі. У самы ніз перанеслі гардэробы для гледачоў, а пад дахам зрабілі вялікую залу плошчай амаль у 400 м2. Са слоў Таццяны Мікалаеўны, дадатковыя памяшканні ў старым будынку і прыбудове сталі падставай для ажыццяўлення даўніх планаў: хутка тут павінны з'явіцца камерцыйныя студыі, у якіх на платнай аснове малеча зможа вывучаць этыку, эстэтыку, майстэрства акцёра, а таксама цыркавая школа для таленавітых дзяцей з усёй Беларусі.

 

Парад-але дзіцячых калектываў

Раз-пораз у сродках масавай інфармацыі ўзнімаецца пытанне аб з'яўленні ў Беларусі ўласнага цыркавога вучылішча. Аднак давайце звернемся да бліжэйшай гісторыі: у савецкі час для 69 стацыянарных цыркаў адной шостай часткі сушы моладзь рыхтавалі ўсяго тры навучальныя ўстановы: у Маскве, Кіеве ды Ташкенце. Ды і яны не "закрывалі" ўсе класічныя цыркавыя жанры. Прынамсі, дрэсура заўсёды была дынастычнай прафесіяй. Пры такім раскладзе, маючы на радзіме ўсяго два цыркі, ці мэтазгодна адкрываць спецыяльную навучальную ўстанову?

У сусветнай практыцы распаўсюджана і іншая мадэль перадачы вопыту: неабходную змену рыхтуюць адразу пры цырку. Дарэчы, Таццяна Бандарчук усё сваё прафесійнае жыццё займалася з моладдзю. Цяпер поруч з ёй працуюць яе былыя вучні.

 Студыя ж пры дзяржаўным цырку дазволіць пашырыць кола пошуку таленавітых дзяцей. Як вядома, у краіне сёння працуе шмат аматарскіх эстраднацыркавых калектываў. Некаторыя з дзетак так "хварэюць" на гэтае мастацтва, што ў сталым узросце мэтанакіравана прыходзяць у цырк працаваць. Прынамсі, сёння на сталічным манежы выступаюць некалькі былых выхаванцаў цыркавой студыі мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў.

- Мы хочам адкрыць студыю, каб выяўляць самых таленавітых. Упэўнена, такіх дзяцей нямала ў Беларусі, аднак не кожны з іх сам прыйдзе ў нашу прафесію. Іх патрэбна шукаць, як шукаюць у дзіцячых садках і школах будучых спевакоў, спартсменаў... Магчыма, мы вырасцім якога ўнікальнага жанглёра або эквілібрыста, - значыцца, на сусветнай арэне зноў прагрыміць беларускае імя! А для гэтага патрэбна працаваць, шукаць, вучыць, - зазначае дырэктар Белдзяржцырка.

 

Манежная ружа вятроў

На сусветнай ружы вятроў цыркавога мастацтва - безліч напрамкаў. Прадстаўнікі "Грынпіса" ва ўсім свеце выступаюць супраць з'яўлення на арэне жывёл. Услед за імі цэлая плыня цыркавых адмаўляецца ад выкарыстання атракцыёнаў з дрэсурай, хоць сам па сабе цырк узнік менавіта дзякуючы першым выступленням з конямі, - адсюль і класічныя 13 метраў дыяметра манежа.

- Ва ўсіх кутках зямнога шара зачаравана глядзяць кітайскі цырк, нават вылучаючы яго ў асобную галіну нашага мастацтва, - зазначае генеральны дырэктар Заслужанага калектыву - Гомельскага дзяржаўнага цырка Якаў Лабовіч. - Сапраўды, гэта - неверагодная эквілібрыстыка і не толькі. Але ці кожны ведае, што будучаму кітайскаму цыркачу літаральна з нараджэння асобым спосабам спавіваюць ногі, дабіваючыся, каб тыя былі ненатуральна роўнымі? Я асабіста бачыў шыкоўныя трукі кітайскай цыркавой малечы, але ці патрэбны дзеля такога выніку такія ахвяры? Усё ж на манежы запатрабавана не толькі звышскладанасць, але і эстэтыка...

Лавіна папулярнасці захліснула "Cirque du Soleil". Дзеля таго, каб пабачыць зладжанае ў адзіны спектакль відовішча, людзі розных краін гатовы гадзінамі стаяць у чэргах па білет. Так, у Расіі гастролі канадскага "сонечнага" цырка прайшлі пры сталых звышаншлагах. Аднак, калі крыху заглыбіцца, атрымліваецца, што праграмы канадцаў разлічаны на падрыхтаванага, сур'ёзнага гледача, - дзецям на тых прадстаўленнях не так цікава. Але ж цыркавое мастацтва заўсёды было сямейнай асалодай, таму ў зале павінна быць утульна не толькі даросламу.

"Cirque du Soleil" вылучаецца зрэжысіраванасцю дзеяння, калі ўсе нумары ўпісаны ў адзіны спектакль. Аднак гэты медаль мае іншы бок: "прапісанасць" пазбаўляе цырк такой неабходнай і натуральнай для гэтага віду мастацтва імправізацыі і непасрэднасці. Нездарма ў класічным цырку, калі сыходзіць чалавек - Артыст з вялікай літары - знікае атракцыён, а ў канадскай падрыхтаванай праграме могуць замяніць удзельніка, але не нумар, бо ён з'яўляецца складнікам агульнага спектакля.

Цягам часу змяняецца і назначэнне цырка. Некалі атракцыёны з'яўляліся, каб уразіць публіку. Тады па пальцах можна было пералічыць прадстаўленні, дзе канферансье не аб'яўляў бы: "Увага! Смяротны нумар!" Цяпер паветраныя акрабаты круцяць сальта чатыры з паловай абароты, але тое мала каго здзіўляе: у эпоху тэхнічных магчымасцей і найноўшых адкрыццяў гэта стала чымсьці будзённым.

- Возьмем таго ж Дэвіда Каперфільда, які колькі гадоў таму зводзіў з розуму гледачоў ва ўсім свеце, - дадае Якаў Лабовіч. - Адным з ключавых нумароў ілюзіяніста быў палёт над манежам. Усе разумелі, што людзі лётаць не ўмеюць, што Каперфільда ўздымае ў паветра не моц думкі, а звыштонкія бляшаныя тросы. Аднак усе былі ў захапленні: зачароўвала прыгажосць і лёгкасць, з якой быў пададзены нумар. На маю думку, айчынны цырк таксама павінен выводзіць на першы план пытанні эстэтыкі і выхавання добрых пачуццяў, каб дарыць свайму гледачу адчуванне радасці, асалоды ад убачанага. Канешне, усе цыркавыя напрамкі маюць права на існаванне, але, на маю думку, найлепш нашай публікай успрымаецца стары добры цырк!

 

■ ■ ■

- Я заўсёды кажу сваім артыстам: калі вы зробіце трук, які акрамя вас у свеце ніхто не выконвае, вы станеце зоркамі,- зазначае Таццяна Бандарчук.- Але не трэба ператвараць цырк у тэатр, адмаўляцца ад здабыткаў папярэднікаў. Упэўнена, той жа "Cirque du Soleil" - часовае з'яўленне, камерцыйны праект, што сыдзе ў свой час, як знік ажыятаж, які калісьці існаваў вакол клаўнады Вячаслава Палуніна. А вось класічны цырк, з трукавой часткай, з дэманстрацыяй унікальных магчымасцей чалавека, падмацаваны сучасным тэхнічным абсталяваннем, застанецца на стагоддзі! Усе напрамкі павінны развівацца, для кожнага з іх знойдзецца свой глядач.

Аднак беларускія цыркі павінны клапаціцца аб айчынным спажыўцы і прапаноўваць яму не толькі славутых замежных гастралёраў, але і ўзгадаваных на Айчыне зорак. У падрыхтоўцы нацыянальных кадраў дапаможа студыя пры Белдзяржцырку. Сталічны цырк мае багаты вопыт у падрыхтоўцы высакакласных цыркавых артыстаў. Менавіта ў межах студыі стане магчыма аб'яднаць вынаходкі знакамітых папярэднікаў, сучасныя тэхнічныя дасягненні і накіраваць усё гэта на стварэнне новых уласна беларускіх цыркавых нумароў.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"