Спыніся, імгненне! У кінапартрэце

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Вобразы людзей мастацтва заўсёды з’яўляюцца прывабнай тэмай для рэжысёраў неігравога кіно, бо найбольш зручныя для ўвасаблення на экране. Творцы, часцяком нават знешне, — асобы незвычайныя, прыкметныя, са сваім светапоглядам і ўнікальным асяроддзем, зафіксаваць якое цікава кожнаму дакументалісту.

/i/content/pi/cult/300/5078/pic_42.jpgСтужкі "Давеку" Кацярыны Махавай і "Фатограф шчоўкае" Аляксандра Карпава- невялікія па працягласці, але заўважныя прыклады творчых партрэтаў сярод нядаўніх прэм'ер айчынных кінадакументалістаў.

Першая стужка створана на студыі "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" маладым аўтарам, які актыўна шукае свой творчы стыль. Кацярына Махава стала вядомай у свеце беларускага неігравога кіно якраз пасля знятага ў рэпартажным кірунку двайнога партрэта нашых маладых сучаснікаў. Потым была эксперыментальная стужка "Коліш" аб традыцыях народных спеваў на Палессі. Новая работа маладога рэжысёра таксама знята на поўдні нашай краіны - невычэрпнай крыніцы самабытнай культуры.

Герой "Давеку" - самадзейны мастак Іван Супрунчык, які жыве ў вёсцы Цярэблічы Столінскага раёна. Стыхія творцы - драўляная скульптура. Самабытнага майстра натхняе спрадвечная традыцыя стварэння выяў продкаў, што сягае яшчэ ў язычніцкія часы, але арганічна ўключана ў хрысціянскую праваслаўную культуру. Менавіта пра суіснаванне розных пластоў этнічных традыцый, іх сучаснае ўвасабленне і распавядае гэтая невялікая карціна. Кацярына Махава стварыла эмацыйны мастацкі нарыс аб самабытнасці палескіх вёсак. У аб'ектыў аператара Станіслава Смірнова паспелі трапіць скульптурныя і жывапісныя творы І.Супрунчыка, створаныя ў традыцыйным стылі, сцэны вясковых абрадаў, у тым ліку царкоўных, невялікія прыродныя замалёўкі, якія даюць добрае адчуванне мясцін, дзе адбываецца дзеянне карціны. Постаць мастака тут - толькі падстава, каб выказаць шчымлівае адчуванне ад судакранання з душой народа. Аўтар спрабуе перадаць гэтае адчуванне, у тым ліку, з дапамогай кампазіцый беларускага этна-гурта "Нагуаль", якія надаюць стужцы канцэптуальны фон. Не будзем забывацца, што мэтай сапраўднага кінамастацтва з'яўляецца якраз перадача праз экран адчуванняў і эмоцый, якія нельга выказаць ніякім іншым спосабам.

Кацярына Махава як рэжысёр ідзе менавіта гэтым кірункам, усё менш абапіраючыся на слова ў кадры і за кадрам. Аповед вясковага творцы ў дадзеным выпадку толькі дадае адчуванняў, але не з'яўляецца формаўтваральным элементам. "Давеку" - спроба пранікнення ў мастацкую падсвядомасць шматлікіх пакаленняў, якія тварылі да Івана Супрунчыка. У гэтым сэнсе стужка "Летапісу" - спроба напісаць калектыўны партрэт, выявіць мастацкую "душу народа" праз адкрыццё яшчэ адной "атлантыды" беларускай культуры.

У фільме няма аўтарскай ацэнкі: рэжысёрскае/i/content/pi/cult/300/5078/pic_43.jpg "Я" Кацярыны Махавай - у самім выбары матэрыялу для здымак, у спосабе яго мастацкага асэнсавання. Гэтак сама, як і ў карціне Аляксандра Карпава, створанай сумесна з аўтарам сцэнарыя Нэлі Крывашэевай на "Белвідэацэнтры". "Фатограф шчоўкае" - невялікая замалёўка з жыцця нашага калегі, загадчыка аддзела фотаілюстрацый газеты "Культура" Юрыя Іванова. Вядомы журналіст паўстае перад гледачом непасрэдна пад час выканання рэдакцыйнага задання. ...Звычайны дзень спякотнага лета 2010-га. Фотакар рыхтуе здымкі на першую паласу газеты... Надвор'е не замінае рупліваму фатографу пабываць адразу ў некалькіх месцах: рэдакцыі, холе шпіталя, дзе рыхтуецца яго чарговая выстаўка, вялікім садзе фруктовай гаспадаркі, дзе нарэшце ўдаецца знайсці самыя прыгожыя яблыкі... Асабіста ведаючы Юрыя Іванова, аўтарам фільма "Фатограф шчоўкае" можна сказаць тэатральнае "Веру!", бо за паўтара дзесятка хвілін ім удалося перадаць энергічны і няўрымслівы характар нашага "культураўскага" фотамайстра. Характар, які праяўляецца праз неверагодную руплівасць, цікавасць да жыцця і адкрытасць да кожнага, каго ён сустракае на сваім шляху. Аляксандр Карпаў падабраў для стужкі вельмі ўдалы рытм, які цалкам адлюстроўвае жыццёвы рытм свайго героя. Між тым, "Фатограф шчоўкае" - не проста замалёўка або рэпартаж, а сапраўдны, праўда, непрацяглы па часе, а таму, відаць, не зусім поўны, партрэт. Але партрэт з выпуклымі рысамі і з адчуваннем свайго персанажа.

Аўтары карціны паспелі расказаць не толькі пра характар ды імклівасць працы фатографа Юрыя Іванова, але прадэманстраваць важнасць кожнага імгнення жыцця, якое ім зафіксавана і тым самым трапіла ў гісторыю, у якой, дарэчы, журналіст ніколі не бывае простым назіральнікам. Не трэба лічыць назіральнікамі і Аляксандра Карпава з Кацярынай Махавай, бо зробленыя імі фільмы-партрэты яскрава дэманструюць актыўны творчы падыход да рэчаіснасці.

На здымках: кадры з фільмаў "Давеку" і "Фатограф шчоўкае".