“Пробы” і “the best”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Завяршыўся ХV З’езд беларускіх кампазітараў. Па традыцыі, адбыліся справаздачы, абмеркаванні і выбары кіраўніцтва Беларускага саюза кампазітараў, які налічвае 130 творцаў: 100 кампазітараў і 30 музыказнаўцаў. Старшынёй БСК застаўся народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок. Разгарнуўся шырокі паказ музыкі, расцягнуты ажно на некалькі тыдняў. Таму палітра склалася багатая.

 

Плённым было і само пасяджэнне. На ім прысутнічалі міністр культуры краіны Павел Латушка, а таксама замежныя кампазітары і музыказнаўцы. І хаця госці змаглі паслухаць толькі некалькі канцэртаў, іх думкі пра сучасную беларускую музыку і, шырэй, саму дзейнасць творчай арганізацыі заслугоўвалі самай пільнай увагі: звонку лепей бачныя не толькі дасягненні, але і пралікі.

Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Аўдронэ Журайцітэ, якая доўгі час узначальвала секцыю музыказнаўцаў Літоўскага СК, падзялілася вопытам, як іхняя суполка выкарыстоўвае разнастайныя гранты, спонсарскую дапамогу. Нашы творцы таксама задумаліся пра стварэнне Апякунскага савета і нават занеслі гэты пункт у пастанову З'езда. Пра вялікую дзяржаўную падтрымку распавяла кандыдат мастацтвазнаўства, дырэктар выдавецтва СК Арменіі "Арчэш" Нарынэ Авецісян. Слушныя каментарыі беларускім творам даў дырэктар Польскага цэнтра музычнай інфармацыі, генеральны сакратар Польскага СК Мечыслаў Комінэк. Амаль усе госці наракалі на мала выяўленыя нацыянальныя элементы.

Гэта вымусіла дадатковы раз задумацца не столькі пра сам узровень нашай кампазітарскай школы, колькі пра ўменне яго прадэманстраваць. Паказальнікам прафесіяналізму нашых аўтараў з'яўляюцца перамогі на прэстыжных міжнародных конкурсах, уключэнне нашых твораў у буйныя замежныя фестывалі, разнастайныя замовы, атрыманыя нашымі аўтарамі ад вядучых музычнатэатральных устаноў розных краін. Але ж ці пачулі мы ўсё гэта ў праграмах З'езда? Не. Бо гэтыя канцэрты, уваход на многія з якіх быў, як звычайна, вольным, складаліся па "рэшткавым" прынцыпе: маўляў, тое ўжо гучала, а гэта- не, дык дадзім аўтару шанц! Калі ж у паўсядзённай канцэртнай практыцы выконвацца будзе ўсё (хаця б у "пробнай" версіі), дык для падобных публічных аглядаў можна будзе папраўдзе выбраць "the best". Цяпер жа атрымаўся- дакладны зрэз сярэднеарыфметычнага стылёвага почырку эпохі, калі, здавалася б, можна ўсё, і побач прысутнічаюць супрацьлеглыя стылёвыя арыенціры.

Да таго ж, канцэрты З'езда напоўніцу прадэманстравалі пэўныя суадносіны павеваў цяперашняй эстэтыкі - і пачатку ХХ стагоддзя з яго "мирискусстничеством": сучасная культура, быццам на новым вітку гістарычнай спіралі, звяртаецца да пошукаў прыгажосці, што, дарэчы, заўважна па творах апошніх гадоў ва ўсіх жанрах.

Адным з найлепшых вечароў многія называлі трохгадзінны канцэрт Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі: першае аддзяленне - духоўныя творы, другое- неафальклорныя ці на вершы беларускіх паэтаў. Праз гэты калектыў праходзяць практычна ўсе харавыя партытуры нашых аўтараў, таму ёсць з чаго выбіраць. Дый самі кампазітары, падобна на тое, пачалі добра разумець розніцу паміж харавымі і інструментальнымі партытурамі: першыя ўжо самі па сабе патрабуюць большай прыгажосці, гармоніі, зладжанасці. Бо чалавечыя галасы, ды яшчэ ў такой колькасці, наўпрост адлюстроўваюць стаўленне выканаўцы да той або іншай музыкі і, адпаведна, адбіваюцца на самім выкананні. Так што можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што сёння менавіта выканаўцы, фарміруючы свой рэпертуар, выступаюць у ролі гэткіх "мастацкіх саветаў".

Разам з тым, практыка ўсё больш паказвае, што стаць запатрабаваным, знайсці сваю слухацкую аўдыторыю сёння можа практычна кожны музычны твор: і абсалютна традыцыйны, што не выходзіць за межы простай песеннасці, і нязвыклы, авангардны, які парушае былыя законы. Вось толькі як жа даведацца пра іх існаванне, калі яны не гучаць? І дзе знайсці такога прадзюсара, які дапаможа кампазітарам "арганізаваць" слухачоў? Бо часам нашы творцы "залежаць" ад таго, ці змогуць яны самастойна распаўсюдзіць на свой канцэрт білеты...

Што ж, наноў абранаму праўленню БСК, першае пасяджэнне якога адбылося неўзабаве пасля сходу, давядзецца вырашаць шмат пытанняў - найперш, папулярызацыі лепшых твораў. А тым часам пакуль толькі асобныя кампазітары маюць уласныя сайты, БСК ж не мае нават... выхаду ў Інтэрнэт. Тым не менш, дзякуючы спонсарскай падтрымцы аднаго з кампазітараў, быў выдадзены аб'ёмісты буклет з пералікам новых твораў беларускіх кампазітараў. На наступны дзень пасля апошняга з'ездаўскага канцэрта Міністэрства культуры пачало праводзіць мастацкія саветы па набыцці тых твораў, што гучалі з нагоды З'езда. Яшчэ раней былі закуплены новыя творы, якія выконваліся напярэдадні. Іншымі словамі, З'езд завяршыўся - музыка засталася.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"