Феномен віртуозаў

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Міжнародны музычны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае” ўжо можна, падобна на тое, афіцыйна лічыць Першым. Па меншай меры, менавіта так назвалі яго вядучыя ў дзень закрыцця. Напярэдадні ж канцэртаў і сам маэстра, і непасрэдныя арганізатары форуму былі надзвычай сціплымі ў выказваннях, засяроджваючы ўвагу на эксперыментальным характары цяперашняга фестывалю: маўляў, у іншых краінах ён “прапісаўся” ўжо трывала, а вось як пойдзе справа ў Беларусі — паглядзім. Атрымалася — звыш усялякіх чаканняў! Бо калі кожны падобны цыкл канцэртаў мае свае кульмінацыі, дык тут яны прыпадалі бадай на ўсе выступленні. Яшчэ і таму, што ўсе вечары былі прынцыпова адрознымі. І, разам з тым, з’яднанымі агульнай “скразной” ідэяй — не толькі ўласна асобы Співакова, але і, шырэй, класікі як культу гармоніі і прыгажосці.

/i/content/pi/cult/300/5073/pic_33.jpgЦі ж можна не лічыць кульмінацыяй ужо само адкрыццё фкстывалю? І справа тут не толькі ў піянісце Дзянісе Мацуеве, адзін прыезд якога гарантуе адметнасць усяму канцэртнаму сезону. Выбітнай была і праграма, дзе на дзве партытуры Д.Шастаковіча прыпадалі інструментальныя канцэрты Й.Няруды (для трубы) і Ё.Гайдна (для віяланчэлі), і астатнія салісты - адзін з лепшых трубачоў сучаснасці Кірыл Салдатаў і наш Іван Карызна, які ўжо цяпер, у юначым узросце, заслугоўвае звання сталага майстра. Гайдна так не грае ніхто! З маладым запалам, абсалютна па-гайднаўску і гэтак жа абсалютна па-карызнаўску, са сваім светаадчуваннем, настолькі накіраваным на сучаснікаў, быццам кампазітар-класіцыст - адзін з іх.

Ды што там казаць, калі кульмінацыяй было кожнае з'яўленне на сцэне У.Співакова - у чатырох канцэртах з шасці. Знешне спакойная, крыху стрыманая, ураўнаважаная дырыжорская манера з мінімумам рухаў і надзвычай трапных указанняў накіравана адно на гукавы вынік, найперш - на формаўтварэнне і каларытныя дэталі (любыя тэматычныя рэфрэны штораз гучаць у яго па-новаму, з дадатковымі адценнямі). Выразнасць жа выканання - літаральна "прыродная" якасць музыкантаў абодвух яго калектываў: "Віртуозаў Масквы" і Дзяржаўнага філарманічнага аркестра Расіі. У тэмпах паўсюль - гэткая ж нетаропкасць, імкненне не "дабегчы хутчэй за ўсіх", а атрымаць асалоду ад музыкі, паспець асэнсаваць і абавязкова даслухаць да апошняй абертонавай кроплі. А над усім - асаблівая інтэлігентнасць дырыжыравання і саміх паводзін (што на сцэне, што ў чалавечых стасунках), блізкая беларусам амаль на генетычным "шляхецкім" узроўні, высокая культура, перавага інтэлектуальнага пачатку над імпульсіўнасцю, неўтаймаванасцю эмоцый. Асаблівасці ёсць і ў размеркаванні абавязкаў у "співакоўскіх" калектывах. Дырыжор выступае ў іх не столькі "кіроўцам", колькі адным з галоўных удзельнікаў агульнай суполкі, дзе кожны - асоба, а не "вінцік" у адладжаным механізме.

А як прымалі "співакоўцаў" (не толькі ягоных /i/content/pi/cult/300/5073/pic_34.jpg"Віртуозаў...", але і юных стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду імя У.Співакова) у Магілёве і Гомелі - фурор, дый годзе! Такім жа выбухам станоўчых эмоцый сталіся і два канцэрты без удзелу віноўніка ўрачыстасці. У чацвёрты фестывальны дзень "Віртуозамі..." дырыжыраваў Аркадзь Берын- музыкант зусім іншай, куды больш эмацыйна адкрытай, выканальніцкай манеры. Саліраваў (лепей сказаць: размаўляў на кларнеце) у тым канцэрце Гіёр Файман, які звычайна так кажа пра сябе: "Я не кларнетыст, а - спявак, і інструмент - усяго толькі мікрафон маёй душы". Ужо самім сваім выхадам на сцэну з глядзельнай залы, у поўнай цемры, калі голас інструмента нараджаецца з цішы ці то наяве, ці то ў сне, ён стварыў непаўторную давернасць атмасферы, падмацаваную не толькі шчырай размовай са слухачамі (перакладчыкам з англійскай выступаў першы скрыпач Аляксей Лундзін), але і элементамі інструментальнага тэатра, непасрэднымі музычнымі зваротамі да іншых салістаў і нават "кіраваннем публікай" (папярэджваючы апладысменты паміж часткамі, жэстамі прасіў абысціся без іх). Дый скараў ён не звыклай віртуознасцю, а выразнасцю, уменнем дасягаць гранічна ціхага гучання і безлічы фарбавых адценняў без аніякіх дадатковых прыстасаванняў - адно дотыкам вуснаў і зменай дыхання. І хаця замест разрэкламаванага "вечара аргенцінскага танга" мы пачулі хіба знакамітае "Лібер-танга" А.П'яцолы, такая недарэчнасць зусім не пакінула адчуванне "падману". Бо сапраўдным адкрыццём сталася аддзяленне яўрэйскай сімфанічнай музыкі і цудоўная сюіта з оперы Дж.Гершвіна "Поргі і Бес". Ну, а "на дэсерт" Г.Файдман і ўвогуле спачатку заспяваў сам, а потым пачаў развучваць гэтую песню з залай - пад надзвычай "гітарны" акампанемент кантрабаса.

Выдатным прыкладам "неакадэмічнай класікі" стаўся сольнік шведскага піяніста і кампазітара Роберта Уэлса (таго самага, што на "Еўрабачанні-2010" акампанаваў нашаму гурту "3+2"), які выступіў разам са сваёй інструментальнай групай і нашым Прэзідэнцкім аркестрам на чале з Віктарам Бабарыкіным. У фартэпіяннай віртуознасці госця, вартай міжнародных лаўрэацтваў, можна было пераканацца літаральна з першых нот, як толькі ён зайграў шалёны па тэмпе эцюд Ф.Шапэна. Але ж галоўная "разыначка" была зусім не ў гэтым. Незалежна ад таго, што выходзіла на першы план - пэўны класічны твор, аўтарская кампазіцыя або ўласна мастацкія фантазіі з цэлым парадам папулярных тэм і іх элементаў,- у кожным нумары панавала суладдзе арыгінала з сучаснасцю. Цікава, што некаторыя класічныя прыклады выконваліся практычна без аніякіх інтанацыйна-рытмічных змяненняў, але звыклага выканання не было і тут: літаральна некалькімі штрыхамі, мінімальнымі зменамі акцэнтаў музыканты набліжалі даўніну да сённяшняй музычнай рэчаіснасці. А вось прывезеныя госцем аранжыроўкі, пры ўсёй іх метра-рытмічнай і драматургічнай вынаходлівасці, былі відавочна разлічаны на куды больш просты прафесійны ўзровень музыкантаў, чым Прэзідэнцкі аркестр Беларусі: у апрацоўках панавалі аркестравыя tutti і бракавала яркіх сола, на якія здольныя нашы артысты. Можа, наступным разам Р.Уэлс прапануе зрабіць аркестроўкі самому калектыву? Бо, як паказала практыка, усе сусветныя зоркі, аднойчы сутыкнуўшыся з нашым Прэзідэнцкім аркестрам, імкнуцца супрацоўнічаць з ім і надалей.

/i/content/pi/cult/300/5073/pic_35.jpgА якой узнёслай кульмінацыяй стаўся канцэрт закрыцця - зноў з Уладзімірам Співаковым! З яго дапамогай французская скрыпачка Аляксандра Сум намалявала Бетховена не бурліва "ўскудлачаным" ваяром, што выступае супраць усіх і ўся, а надзвычай паэтычным, адухоўленым рамантыкам з вялізнай унутранай энергетыкай. Трэцяя ж частка Скрыпічнага канцэрта і ўвогуле была сыграна какетліва, гулліва, з французскай грацыёзнасцю і чароўнай усмешкай на твары. Натхнёна спявала Аляўціна Яравая (Украіна), а наша оперная прымадонна Аксана Волкава паўстала непераўзыдзенай Кармэн, выканаўшы ўсе цэнтральныя нумары гераіні з аднайменнай оперы Дж.Бізэ. Гэтая партыя ў спявачкі - адна з самых любімых. І з кожным разам яна спявае яе ўсё лепей, з усё большай раскаванасцю, імпэтам і прыцягальна-чараўнічымі адценнямі ў голасе.

Тым самым спявачка быццам перакінула масток да наступнай музычнай дзеі канцэртна-тэатральнага сезона: 6 снежня завяршыўся фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае", а 7-га - Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі распачаў Мінскі міжнародны Ражджэсцвенскі оперны форум. Дарэчы, Кармэн на ім, паводле пачатковых планаў, павінна была спяваць Аксана Волкава. Але пасля ўдакладнення даты правядзення гэтага спектакля аказалася, што салістка ў гэты дзень занята ў прэстыжным замежным праекце: спявае з аркестрам Уладзіміра Співакова ў Маскве. І мы ўбачылі і пачулі яе ў іншай партыі - Фенены ў "Набука" Дж.Вердзі, што сталася яшчэ большым сюрпрызам. Усё па правілах: адно свята ў краіне муз завяршылася, другое - пачалося. Але, паводле ўсіх законаў музычнай драматургіі, будзе і рэпрыза! 12 снежня завершыцца оперны форум, а 13-га АНТ пачне штовечар трансляваць канцэрты фестывалю У.Співакова.

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: Роберт Уэлс; Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь; Уладзімір Співакоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"