Матрыца гравюры

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

11 снежня беларускі мастак-графік Уладзімір Хін адзначае сваё 65-годдзе. Тыя, хто знаёмы з мастаком асабіста, ведаюць: прозвішча яго — зусім і не прозвішча, а творчы псеўданім, за якім скрываецца чалавек, што нарадзіўся ў Расіі, вучыўся ва Украіне, а працуе ў Беларусі, — Уладзімір Правідохін.

/i/content/pi/cult/300/5071/pic_29.jpgУладзімір - чалавек незвычайны. Яго асабліва цікавіць праблема сінтэзу ў выяўленчым мастацтве: яднанне выявы і слова, колеру і гуку, прасторы і часу. У сферу ягоных інтарэсаў уваходзяць таксама знак і знакавыя сістэмы. Працуе Уладзімір у розных галінах выяўленчага мастацтва: ён займаецца жывапісам, плакатам, але найбольш любімы від мастацтва ў яго - гэта эстамп. "Гравюру,- кажа творца, - я разумею як знак, як код. Важная нават не сама гравюра, а - той стан думкі, душы і сэрца ў момант яго нараджэння на зямлі ў новай якасці. Гэта, напэўна, галоўнае, гэта- як скол галаграмы. Матрыца нарэзанай дошкі ва ўзаемадзеянні з белай плоскасцю аркуша, пры дапамозе чорнага колеру, ёсць духоўны шлях аўтара да сябе, да свайго ўнутранага "Я". Гэта пасланне Сусвету, у якім адлюстроўваецца думка аб прыродзе, аб чалавеку і аб касмічным парадку нябачна дзеючых сіл..."

Нарадзіўся Уладзімір Андрэевіч у Бранску ў пераможным 1945 годзе. Там жа скончыў мастацкую школу-студыю. Потым было Кіеўскае мастацка-прамысловае вучылішча (цяпер Інстытут дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну імя М.Байчука). З 1985 года Хін- у Беларусі. Жывучы ў Мінску, мастак вядзе плённую творчую працу. У выніку з'яўляюцца графічныя серыі "У чырвоным", "Яўрэйскія мелодыі", "Новы Запавет", "Абстрактныя рытмы", "Дыскі", "Юргіс Балтрушайціс", "Велімір Хлебнікаў", "Чарнобыль", "Элісэа Дыега", "Леон дэ Грэйф", "Даа дэ Цзін", прысвечаная Лаа-Цзы, таксама вялікая і малая серыі "Метамарфозы". Кожная серыя складаецца з многіх цікавых работ. Скажам, толькі "AMORES" утрымлівае 1500 (!) графічных аркушаў - твор варты, відаць, уключэння ў Кнігу рэкордаў Гінеса!

У многіх работах Хіна вялікую ролю адыгрыве шры/i/content/pi/cult/300/5071/pic_30.jpgфтавы тэкст, які ўключаны ў кампазіцыю твора. "Мой зварот да тэксту ў гравюры - працяг сусветнай традыцыі і распрацоўка новых магчымасцей сінтэзу мастацтва. Слова павышае выразна-пластычную прастору ідэі гравюры, паглыбляе метамарфозы Неба, Зямлі і Чалавека ў духоўным узыходжанні. Узаемапрасякненне слова і выявы адно ў адно стварае новую пластычную прастору гравюры". І сапраўды, у многіх ягоных творах можна бачыць сумяшчэнне літаратурнага слова і графічнай выявы. Гэта і трыпціх "Запавет", і графічная серыя "Дзе ты?", і аркуш "Памяць маці", дзе аўтарам тэксту з'яўляецца сам мастак. Тут выява не ілюструе тэкст, а з'яўляецца яго працягам, тэкст жа выступае ў ролі кампазіцыйнага элемента графічнага аркуша.

Творы Правідохіна не простыя для разумення. Часта ён карыстаецца мовай абстрактных вобразаў, нярэдка выявы толькі аддалена нагадваюць формы рэчаіснасці. Для мастака важная не перадача канкрэтных візуальных вобразаў, а стварэнне ў гледача пэўнага настрою, прымушэнне яго задумацца аб нейкіх праблемах быцця.

Трэба сказаць, што творы Правідохіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Музеі Марка Шагала ў Віцебску, карцінных галерэях Пецярбурга, Пскова, Бранска, Астрахані, а таксама ў Музеі графікі і рамёстваў горада Вінтэртур (Швейцарыя), Zimmerli Art Museum г. Нью-Брунсвік (ЗША) і прыватных калекцыях Францыі, Германіі, Расіі, Украіны, Ізраіля.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства