Напалеон у Парыжы. Не Банапарт — Орда!

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

27 — 28 сакавіка ў Парыжы адбыліся юбілейныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 200-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды.

У выніку падрыхтоўчай працы Пастаяннага Прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКО гэты юбілей быў унесены ў Спіс памятных дат, у святкаванні якіх прымае ўдзел ЮНЕСКО. У штаб-кватэры Арганізацыі Пастаянным Прадстаўніцтвам сумесна з Нацыянальнай камісіяй была разгорнута выстаўка, прысвечаная Н.Ордзе. У яе адкрыцці 27 сакавіка прыняў удзел намеснік Генеральнага дырэктара ЮНЕСКО Марсіё Барбоза. У сваім выступленні ён падкрэсліў значнасць гэтага юбілею для ЮНЕСКО ў святле работы Арганізацыі па ахове культурнай спадчыны і культурнай разнастайнасці чалавецтва.
На вернісажы прысутнічалі прадстаўнікі дэлегацый Балгарыі, Літвы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Узбекістана і Украіны пры ЮНЕСКО, Сакратарыята ЮНЕСКО, Польскай бібліятэкі ў Парыжы, прадстаўнікі беларускай дыяспары, а таксама былыя Паслы Францыі ў Беларусі К.Жаліф і С.Шмялеўскі.
Выстаўка і творчасць Н.Орды выклікалі шчырую цікавасць. Як адзначалася наведвальнікамі, Н.Орда не толькі раскрыў сусветнай цывілізацыі талент беларускага народа, яго шматвекавую культуру і традыцыі. Ён захаваў у сваёй творчасці для будучых пакаленняў своеасаблівасць і прыгажосць гістарычнай і архітэктурнай спадчыны цэлага шэрагу еўрапейскіх краін.28 сакавіка ў цэнтры Парыжа, непадалёку ад Опера Гарнье, па адрасе вуліца Луі ле Гран, 9 была адкрыта памятная дошка ў гонар Н.Орды. На цырымоніі адкрыцця выступілі Пастаянны Прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКО, а таксама прадстаўнік Дырэкцыі па сувязях з грамадскасцю банка BNP Paribas, які з’яўляецца на дадзены момант уладальнікам будынка. У выступленні Пастаяннага Прадстаўніка Беларусі адзначалася значнасць дадзенай з’явы як жывога сведчання таго, якую ролю ігралі нашы лепшыя прадстаўнікі ў культурным жыцці Еўропы і, у прыватнасці, Парыжа. Прынамсі, гэта першая памятная дошка, устаноўленая ў гонар ураджэнца Беларусі ў Францыі, і другая, устаноўленая ў Заходняй Еўропе.
Мерапрыемства стала вынікам сур’ёзнай падрыхтоўчай працы — знойдзены архіўныя матэрыялы і перапіска Н.Орды, устаноўлены парыжскі адрас, па якім месціўся камісійны дом Н.Орды, праведзены неабходныя ўзгадненні з Прэфектурай Парыжа і іншымі шматлікімі дзяржаўнымі дзяржструктурамі Францыі.

Падрыхтавана Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі