Гала-канцэрт і… гала-выстаўка

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Лаўрэаты, стыпендыяты і дыпламанты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі прымуць удзел у святочных мерапрыемствах з нагоды 15-годдзя фонду.

/i/content/pi/cult/300/5063/pic_22.jpgУчора ў галерэі "Універсітэт культуры" адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстаўка "Таленты Беларусі". Як паведаміла карэспандэнту "К" Вольга Масалава, намеснік начальніка аддзела падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, шмат творцаў прыехалі ў сталіцу з усіх рэгіёнаў краіны. Вельмі цікавыя работы прадставілі навучэнкі дзіцячай школы мастацтваў з Крычава Вольга Краўцова, Вікторыя Голікава і Таццяна Сасунова. У экспазіцыі можна пабачыць жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і фота юных аўтараў з Ліды, Нясвіжа, Баранавічаў, Брэста ды іншых гарадоў.

Пейзажы, нацюрморты, сучасны погляд на жыццё ў горадзе і сельскай мясцовасці, сваё стаўленне да ўсяго, што адбываецца, паказалі студэнты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, Акадэміі мастацтваў, а таксама ўжо даволі вядомыя мастакі: Алеся Скарабагатая, Аляксандр Зінкевіч, Кацярына Сумарава, пераможца Рэспубліканскага конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю" Дзяніс Іваноў ды многія іншыя. Усяго - больш за сорак творцаў, якія былі адзначаны фондам за 15 гадоў яго існавання.

Музычнае мастацтва прадэманструюць на Гала-канцэрце ў Белдзяржфілармоніі лаўрэаты, стыпендыяты і дыпламанты спецыяльнага фонду 18 снежня. Па словах Вольгі Масалавай, акцэнт тут будзе зроблены на народнай музыцы. Выступіць і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Як адзначыла дырэктар аркестра Ірына Арцімовіч, у яго склад уваходзяць сёння маладыя музыканты, адзначаныя фондам: скрыпач Павел Нятук і піяністка Улада Беражная. Яны прымуць актыўны ўдзел у канцэрце.

А 22 снежня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета можна будзе пабачыць балет, пачуць класічную музыку і вакальнае майстэрства лаўрэатаў і стыпендыятаў спецфонду Кіраўніка дзяржавы. Гэта навучэнцы і выпускнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, студэнты самой Акадэміі. Сярод удзельнікаў - Аксана Волкава, Юрый Гарадзецкі, Ілля Сільчукоў ды іншыя.