У кожнага ёсць акно. Ці будзе там кіно?

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

17 снежня — Дзень беларускага кіно. Мы падыходзім да чарговай гадавіны заснавання нацыянальнага кінематографа з пэўнымі станоўчымі вынікамі і спадзяваннямі. Спадзяванняў пакуль што больш, у тым ліку — на новы факультэт экранных мастацтваў БДАМ. У шэрагу аналітычных матэрыялаў карэспандэнты газеты “Культура” вялі гаворку аб тым, якім чынам можна наладзіць навучанне будучых нашых Туравых і Пташукоў, Кустурыцаў і Спілбергаў. Тым самым пытанням былі прысвечаны пасяджэнні рэдакцыйных “круглых сталоў”. Напярэдадні прафесійнага свята кінематаграфістаў карэспандэнт “К” вырашыў даведацца аб прынцыпах, на якіх павінна будавацца сістэма падрыхтоўкі кадраў для кіно і тэлебачання на Беларусі, у дэкана факультэта экранных мастацтваў Паўла ІВАНОВА. Зразумела, што пад час адной гутаркі можна знайсці адказы далёка не на ўсе вострыя пытанні, якія цягам года ўзнімаліся на старонках “К”, таму мы, у сваю чаргу, абяцаем працягваць надзённую тэму падрыхтоўкі кадраў для айчыннага кіно.

/i/content/pi/cult/300/5060/pic_13.jpgККД для індустрыі экрана

- Павел Уладзіміравіч, наколькі факультэт адпавядае сучасным патрабаванням, наколькі якасна ён рыхтуе прафесійныя кадры для індустрыі кіно і тэлебачання?

- Асноўны кантынгент спецыялістаў, якіх мы выпускаем, прызначаны для працы на тэлебачанні: гэта аператары, тэлевізійныя рэжысёры і гукарэжысёры. Што да кіношнікаў, дык іх мы набіраем звычайна раз у пяць гадоў па адпаведных напрамках: ігравым, дакументальным кіно, анімацыі. Калі параўноўваць з часамі станаўлення кафедры кінатэлемастацтва, то прагрэс - відавочны. Патроху набываем тэхніку, абсталёўваем лабараторыі- мантажу, гуказапісваючую. Зразумела, хочацца заўсёды большага. Але можна канстатаваць, што, прынамсі, для тэлебачання, мы рыхтуем добрых спецыялістаў. Гэта пацвярджаецца і прэміяй "Тэлевяршыня", якую атрымаў наш нядаўні выпускнік Ілля Баранаў.

- Існуюць два падыходы да навучання кадраў для кінематографа: першы - прывозіць спецыялістаў з гучнымі імёнамі ў якасці запрошаных прафесараў, другі - адпраўляць студэнтаў на стажыроўкі ў замежныя кінашколы...

- І першае, і другое трэба рабіць не спяшаючыся, каб студэнты і запрошаныя выкладчыкі адпрацоўвалі выдаткаваныя на іх сродкі напоўніцу. Калі адпраўляць студэнтаў на стажыроўкі ў той жа ВГИК, то трэба добра ведаць, чым яны там будуць займацца, у каго вучыцца канкрэтным рэчам. ККД добра прадуманай стажыроўкі куды вышэйшы за азнаямленчую экскурсію.

- Не сакрэт, што адвучыўшыся ў тым жа ВГИКу беларускія студэнты лёгка знаходзяць сабе працу і не хочуць вяртацца дадому...

- Каб такой сітуацыі не ўзнікала, трэба ствараць неабходныя ўмовы. Ахвотныя працаваць на радзіме заўсёды знойдуцца. Напрыклад, наша таленавітая выпускніца Дар'я Юркевіч здолела знайсці сябе ў Францыі, скончыўшы там кінашколу, прыязджала нядаўна ў Беларусь. Такім асобам трэба абавязкова прапаноўваць супрацоўніцтва. Што да запрошаных прафесараў, то няма сэнсу плаціць ім вялікія грошы, пакуль у нас няма адпаведна абсталяваных лабараторый, - калі запрашаць, дык скарыстоўваць вопыт замежных настаўнікаў па максімуме, што не магчыма, пакуль мы тлумачым студэнтам шматлікія рэчы "на пальцах". Надзея - на стварэнне паўнавартаснай навучальнай студыі, са структурай, што адпавядае структуры сучаснага тэлеканала, у якой будзе не толькі патрэбнае абсталяванне, але і юрыдычны статус, што дапаможа самастойна ўдзельнічаць у тэндарах і, у ідэале, будзе свой эфірны час на адным з тэлеканалаў. Такая студыя будзе карысная факультэту не толькі ў сэнсе базы, але і дапаможа студэнтам зразумець такае важнае паняцце, як вытворчая дысцыпліна, сфарміраваць светапогляд будучага прафесіянала тэлебачання. Бо тэлебачанне - гэта канвеер, да якога трэба прызвычаіцца.

 

Тэлеі кінаплыні - перасякаюцца

- Як можна вырашыць "сцэнарную праблему"?

- Спецыялістаў сцэнарнай справы рыхтуе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, але сітуацыя са сцэнарыямі пакуль застаецца вострай, і вось, думаю, чаму. Справа ў тым, што ў нас дасюль блытаюць прафесіі сцэнарыста і рэдактара, а часам і крытыка, вучаць і таму, і другому, і трэцяму, а станоўчага выніку не атрымліваецца. Каб сітуацыя змянілася, патрэбны якраз вопытныя і адукаваныя рэдактары, якія будуць са сцэнарыем працаваць.

- Шмат хто лічыць, што тэлебачанне - гэта сфера інфармацыйнай працы, якая не мае дачынення да творчасці...

- Гэта памылковае ўяўленне. Нават калі ўзяць звычайны тэлевізійны рэпартаж, то зняць яго так, каб зрабіць пэўнае ўражанне на гледача, можна толькі, калі паставіцца да яго творча.

- Дык, можа, трэба падысці да падрыхтоўкі ў галіне экранных мастацтваў рэвалюцыйна: стварыць агульную медыя-школу, якая рыхтавала б адначасова ўсіх патрэбных спецыялістаў?

- Я не прыхільнік радыкальных трансфармацый, але калі як след наладзіць каардынацыю паміж навучальнымі ўстановамі і ведамствамі, то можна дасягнуць станоўчага выніку без вялікіх змен. Трэба толькі добра разумець саму сутнасць прафесій і вучыць сцэнарыстаў пісаць сцэнарыі, а рэдактараў - добра займацца сваёй справай. Пакуль жа вельмі цяжка знайсці агульную мову з каналамі. Мы не ведаем, колькі спецыялістаў патрэбна, бо не маем адпаведных заявак. Шмат чаго даводзіцца рабіць на асабістых знаёмствах, балазе я 13 гадоў працаваў на Беларускім тэлебачанні.

- А ці не адбудзецца на новым факультэце "перакос" у бок тэлебачання?

- Справа ў тым, што тэлевізійная ды кінематаграфічныя плыні на сённяшні дзень шмат у чым перасякаюцца, і тэле рэжысёры могуць здымаць ігравое кіно, чаму ёсць шмат удалых прыкладаў. Сучасны ж глядач часцей за ўсё бачыць кіно на малым экране. Відавочна, прафесія рэжысёра паступова становіцца ўніверсальнай.

 

Каб зняць "вялікае" кіно

- Адна з самых вялікіх праблем вышэйшай школы - недахоп кваліфікаваных кадраў. У творчых ВНУ гэтае пытанне стаіць яшчэ больш востра. Як заахвоціць практыкаў мастацтва займацца яшчэ і педагогікай?

- Як банальна гэта ні гучыць, патэнцыйных педагогаў трэба заахвочваць матэрыяльна, бо адна справа - навучаць студэнтаў, а іншая - паралельна з гэтым займацца сваімі праектамі. Шмат хто з дзеючых творцаў з задавальненнем узяў бы сабе вучняў, ды проста не мае для гэтага вольнага часу. Але трэба ўлічваць: не кожны таленавіты творца можа быць добрым педагогам, і наадварот. Спадзяюся, што калі здолеем арганізаваць сваю асобную студыю, то яна дапаможа часткова вырашыць і праблему ганарараў творчых кіраўнікоў.

- Які ён, сённяшні студэнт факультэта экранных мастацтваў? Ці добра разумее, у якіх умовах давядзецца працаваць пасля заканчэння? На нядаўнім З'езде Саюза кінематаграфістаў вядомы рэжысёр прапанаваў наогул не браць у рэжысуру са школьнай лаўкі, бо для такой сур'ёзнай прафесіі патрэбны людзі з адпаведным жыццёвым вопытам...

 - Сёлета да нас прыйшлі выключна выпускнікі школ, каму па сямнаццаць-васямнаццаць гадоў. Адну студэнтку, якой споўнілася дваццаць, я жартаўліва называю бабуляй. Што зробіш, на сёння гэта відавочная тэндэнцыя: да нас паступаюць выключна выпускнікі школ, даводзіцца пачынаць вучэбны працэс менавіта на іх узроўні. На вялікі жаль, мала хто з новых студэнтаў можа ганарыцца значнай колькасцю прачытаных кніжак, гэта агульная праблема ўсёй вышэйшай школы: вельмі цяжка знаходзіць агульную мову з чалавекам, які гадаваўся зусім не на літаратурных крыніцах, а, у лепшым выпадку, добра ведае фільмаграфію пэўнага рэжысёра. Бывае, тлумачыш нейкую тэму, прыводзіш прыклад з кнігі, а ў адказ - цішыня, разгубленыя вочы... Гэта куды больш вялікая праблема, чым узрост абітурыентаў. Бывае, што чалавек прыходзіць у кіно ды на тэлебачанне ва ўзросце за трыццаць, калі нешта зразумеў і асэнсаваў у жыцці, і праца такіх людзей прыносіць плён. Але агульнага правіла тут няма. Забараняць паступаць да нас учарашнім школьнікам будзе памылкай. Бянтэжыць тое, што часцяком у моладзі няма жадання і імкнення да самастойнай працы. Шмат хто сядзіць і чакае, калі прыйдзе майстар і "прымусіць" яго нешта рабіць. Чамусьці гэта тычыцца менавіта студэнтаў-кінематаграфістаў, бо "тэлевізійныя" групы нашмат актыўней прыходзяць на факультэт з вялікім жаданнем здымаць "вялікае" кіно. Дарэчы, і здымаюць! За свой кошт, паза межамі вучэбнай праграмы, у вольны час. Ды так добра, што трапляюць нават у праграму міжнародных кінафорумаў, як Дзяніс Галак. Ён жа на летніх канікулах зняў, нават чатырохсерыйную, стужку! Зразумела, вучнёўскую, недасканалую, але - зняў, а не чакаў, пакуль яму дадуць заданне.

- Ведаю, студэнты факультэта самастойна ўладкоўваюцца на Нацыянальную студыю і працуюць памочнікамі рэжысёра, рознымі асістэнтамі, нават "хлапушкамі". Калі ішла размова пра стварэнне факультэта экранных мастацтваў, казалі і пра вучэбную студыю непасрэдна на "Беларусьфільме". Дарэчы, у 90-я падобная структура пад кіраўніцтвам Віктара Турава існавала...

- Магчымасць уладкавацца на працу дзеля атрымання неабходнай практыкі сёння ёсць - патрэбна ініцыятыва саміх студэнтаў. За мяжой студэнты нават на конкурснай аснове ўладкоўваюцца ў здымачныя групы, працуюць без заработнай платы, галоўнае для іх - атрымаць досвед. Кіно на Беларусі, дзякаваць богу, здымаюць. Яшчэ больш магчымасцей - на тэлеканалах. Скаргаў на недахоп практыкі, лічу, быць не павінна.

 - Але абавязковую вытворчую практыку таксама ніхто не адмяняў...

- Трэба зразумець: рэжысёр - прафесія адзінкавая. Да падрыхтоўкі тут трэба ставіцца адпаведна, падыходзіць індывідуальна да кожнага. Немагчыма, напрыклад, накіраваць студэнта на практыку па агульным спісе, не разабраўшыся ў яго схільнасцях і магчымасцях. Такія пытанні трэба вырашаць максімальна акуратна, давяраючы іх непасрэдным творчым кіраўнікам, самім студэнтам.

- Павел Уладзіміравіч, з чаго павінна пачынацца тое самае "вялікае", "сапраўднае" кіно для маладога чалавека сямнаццаці гадоў, які толькі паступіў на ваш факультэт?

- Заўсёды кажу сваім студэнтам: рэжысура - не ў тым, каб большменш удала склейваць нейкія кадры ў адно цэлае, гэта - спосаб мыслення. У кожнага ёсць акно, праз якое відаць пэўную частку наваколля, тую самую, што зафіксуе камера ў руках аматара. Быць прафесіяналам - азначае ўбачыць у гэтым наваколлі нешта адметнае, стварыць сваю сістэму вобразаў. Калі ўдаецца зрабіць гэта цікава і арыгінальна - чалавек можа прэтэндаваць на прафесію рэжысёра ігравога кіно. Нездарма маё першае заданне для студэнтаў заўсёды - зняць троххвілінную стужку аб тых рэчах, што вакол. І некаторыя так добра з ім спраўляюцца, што іх кароткія стужкі трапляюць у конкурс міжнародных кінафорумаў. Пад час навучання мы імкнёмся выявіць у студэнтаў здольнасці да вобразнага мыслення, вылучэння ў рэчаіснасці другога, трэцяга, чацвёртага "планаў", бо калі такіх якасцей у рэжысёра няма, адзінае, што яму будзе пад сілу, - зрабіць не самы якасны серыял.

 - Ці бывае так, што чалавек адвучыўся паўгода, або нават больш, і раптам разумее, што з яго нічога не атрымаецца ў рэжысуры?

- Як правіла, сам чалавек такога не разумее, а мо нават сабе не прызнаецца, бо праца ў кіно досыць прэстыжная. Але гэта не значыць, што ён больш ні да чаго не прыдатны. Тэлевізійная рэжысура больш шматгранная: можна не ўмець ствараць ток-шоу, але быць выдатным рэжысёрам спартыўных трансляцый. Галоўнае - пад час навучання знайсці сабе месца паводле ўласных здольнасцей.

- Што можна параіць маладому чалавеку, які плануе паступаць на факультэт экранных мастацтваў?

- Толькі адно: шмат чытаць і спазнаваць свет, каб лепш потым разумець людзей і знаходзіць выйсце з тых сітуацый, з якімі прыйдзецца сутыкнуцца будучаму рэжысёру. Некалькі пакаленняў нашых кінематаграфістаў вырасла на сусветнай класіцы - тым псіхалагічным падмурку, які так узбагаціў кінамастацтва. Таму і нашчадкам трэба быць адукаванымі, каб дасягнуць поспеху.

Фота Юрыя ІВАНОВА