На атрыманне Прэміі Саюзнай дзяржавы

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

5 красавіка ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася творчая сустрэча з прэтэндэнтам на атрыманне Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, членам Беларускага саюза архітэктараў і Беларускага саюза мастакоў, архітэктарам і скульптарам Валянцінам Занковічам.

У прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды бралі ўдзел намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў” Вадзім Дражын, намеснік старшыні арганізацыі “Партызаны і падпольшчыкі” рэспубліканскага Савета ветэранаў Рэспублікі Беларусь Ілья Гарбачэўскі, кансультант Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Ірына Шастакова.
Было адзначана, што на атрыманне Прэміі ад Беларусі разам з В.Занковічам вылучаны кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст рэспублікі, прафесар Міхаіл Фінберг і народны артыст РБ Уладзімір Гасцюхін. Прадстаўляючы калегу па творчым цэху — вядомага архітэктара і скульптара, намеснік старшыні БСА В.Дражын зазначыў, што месяц таму адбылося спецыяльнае пасяджэнне членаў праўлення саюза — разглядалася пытанне аб вылучэнні В.Занковіча на атрыманне высокай Прэміі. Паводле меркавання вядомых беларускіх архітэктараў, В.Занковіч — стваральнік аб’ектаў “Партызанам Палесся” і “Беларусь партызанская” — зрабіў значны творчы ўнёсак у развіццё манументальнага мастацтва Беларусі.
На думку былога партызана, якому падчас Вялікай Айчыннай вайны было 16 гадоў, І.Гарбачэўскага, аўтар манументальных кампазіцый знайшоў выдатнае, вобразнае і ёмістае рашэнне, каб паказаць героіку партызанскага руху, подзвіг народных мсціўцаў, якіх налічвалася ў Беларусі ў гады вайны да паўмільёна чалавек і якія зрабілі значны ўнёсак у Вялікую Перамогу. Арганізацыя “Партызаны і падпольшчыкі” рэспубліканскага Савета ветэранаў РБ выйшла з хадайніцтвам вылучыць В.Занковіча на атрыманне Прэміі Саюзнай дзяржавы.Кансультант Прадстаўніцтва ПК Саюзнай дзяржавы ў Мінску І.Шастакова распавяла: нядаўна Дзяржаўная Дума Расійскай Федэрацыі прыняла нарматыўныя дакументы, паводле якіх у два разы павялічваецца мінімальная зарплата расіян, што адбіваецца адпаведна і на павышэнні Прэміі. На яе атрыманне з расійскага боку вылучаны Сяргей Арцыбашаў — мастацкі кіраўнік Акадэмічнага тэатра імя У.Маякоўскага, Іван Сабіла — пісьменнік, сакратар Міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх саюзаў, і творчы калектыў міжнароднага тэатральнага агенцтва “Арт-партнёр. ХХІ стагоддзе”. 18 красавіка ў Мінску пройдзе пасяджэнне Экспертнага савета Саюзнай дзяржавы, на якім будуць абмяркоўвацца 6 кандыдатур ад дзвюх краін.В.Занковіч адзначыў, што ўдзячны лёсу за гонар увекавечыць подзвіг нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ён удзельнічаў у стварэнні мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, абеліска “Мінск — горад-герой”. Распавядаючы пра 60-я гады, калі ў Беларусі ішла актыўная праца над узвядзеннем вялікіх мемарыялаў, скульпар прыгадаў сустрэчы творчых калектываў з тагачасным кіраўніком рэспублікі Пятром Машэравым, які казаў, што яго запаветная мара — годна ўвекавечыць партызанскі рух у Беларусі ў літаратуры, кіно, манументальным мастацтве.
У апошнія гады В.Занковічам зроблены помнік “Партызанам Палесся”, усталяваны ў Пінску, і манумент “Беларусь партызанская” ў Мінску — на Партызанскім праспекце. Скульптурная кампазіцыя “Партызанам Палесся” была створана ў 2002 годзе. У вобразнай сімвалічнай форме помнік адлюстроўвае трагедыю нашага народа ў гады вайны: расколаты магутны дуб (сімвал жыцця) з гняздом бусла (сімвал роднага дома), жаночая фігура з немаўляткам — палеская Мадонна, людзі, якія з трывогай углядаюцца ў далечыню, учарашні араты са зброяй за плячыма. Ніжэй на помніку — словы з “Прысягі беларускага партызана”. Манумент “Беларусь партызанская” вырашаны ў выглядзе класічнага помніка-калоны, якая заканчваецца скульптурнай кампазіцыяй “Партызанская сям’я”, што сімвалізуе ўсенародны характар змагання супраць захопнікаў. Унізе адлюстраваны ў скульптурных кампазіцыях эпізоды барацьбы народных мсціўцаў, вянчае манумент сцяг Перамогі.
Паводле правілаў конкурса, творы, якія вылучаюцца творчымі саюзамі і міністэрствамі культур Беларусі і Расіі на атрыманне Прэміі, прадстаўляюцца ў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Пералік твораў, ухваленых Экспертным саветам для далейшага разгляду, друкуецца ў СМІ для грамадскага абмеркавання. Затым Экспертны савет прымае рашэнне аб рэкамендацыі твораў на прысуджэнне Прэміі Саюзнай дзяржавы. Творцам, удастоеным Прэміі, прысвойваецца званне “Лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва”, уручаецца дыплом, ганаровы знак і пасведчанне.

Наш кар.